Сьледчы камітэт Беларусі затрымаў паводле падазрэньняў у злоўжываньнях гендырэктара хакейнага клюбу «Дынама». Пра гэта СК паведаміў на сваім сайце, не называючы прозьвішча затрыманага.
«Крымінальная справа заведзеная па выніках апэратыўна-вышуковай дзейнасьці Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь. Дзеяньні былой службовай асобы кваліфікаваныя паводле часткі 3 артыкула 424 (злоўжываньне службовым становішчам, якое спарадзіла цяжкія наступствы ў выглядзе нанясеньня стратаў у асабліва вялікім памеры) Крымінальнага кодэксу РБ. Падазроны затрыманы, зь ім працуюць сьледчыя», — паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.
Спартовыя мэдыі мяркуюць, што гаворка пра Максіма Суботкіна, які апошнія два гады працаваў генэральным дырэктарам клюбу «Дынама», але цяпер кантракт зь ім спынены. На месцы Суботкіна ўжо працуе Ўладзімер Беражкоў — генэральны мэнэджэр клюбу, былы галоўны рэдактар папулярнага спартовага выданьня «Прессбол». Сытуацыю з затрыманьнем Максіма Суботкіна спадар Беражкоў камэнтаваць адмовіўся, пры гэтым пацьвердзіў, што ўжо прыступіў да выкананьня абавязкаў гендырэктара.
«Учора ў панядзелак адбылося паседжаньне назіральнай рады клюбу, на якім Максіма Суботніка адхілілі ад пасады. Выканаўцам абавязкаў гендырэктара „Дынама“ цяпер працую я», — сказаў Уладзімер Беражкоў карэспандэнту Свабоды.
Якія прэтэнзіі могуць выставіць Максіму Суботкіну сьледчыя органы?
Максім Суботкін працаваў у клюбе больш за 2 гады. Адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на такія сфэры адказнасьці былога гендырэктара, як кантракты аб партнэрстве з буйнымі прадпрыемствамі, дзейнасьць па забесьпячэньні наведвальнасьці матчаў з удзелам клюбу, гаспадарчая і камэрцыйная дзейнасьць клюбу.
«Тое, за што могуць „ушчаміць“ Суботкіна, адбываецца ва ўсіх вялікіх беларускіх клюбах, прычым ня толькі хакейных. Але казаць пра нейкую вэрсію з пэўнасьцю зарана, бо невядомыя факты, таму ня буду гадаць», — сказаў пра сытуацыю з Максімам Суботкіным хакейны адмысловец, які пажадаў не называцца.
Вядома, што незадоўга да затрыманьня Максіма Суботкіна хакейны клюб «Дынама» правяралі кантралюючыя органы.