Упершыню ў Менску паседжаньні кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе адбываюцца ў шырокім фармаце, дзейнічаюць чатыры працоўныя падгрупы. Сустрэча праходзіць у Прэзыдэнт-гатэлі ў закрытым фармаце.
У ёй удзельнічаюць адмысловы прадстаўнік АБСЭ Гайдзі Тальявіні, былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, адмысловы прадстаўнік РФ у групе Азамат Кульмухаметаў, прадстаўнікі самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік Уладзіслаў Дайнега і Дзяніс Пушылін.
Паседжаньне застаецца закрытым для прэсы. Ніхто з прадстаўнікоў шырокіх дэлегацыяў камэнтароў не дае. Дзяніс Пушылін каротка паведаміў, што адбудзецца праца ўсіх чатырох працоўных падгрупаў.
Першая сустрэча адбылася ў фармаце Ўкраіна — Расея — АБСЭ без прадстаўнікоў сэпаратыстаў.
Каля 15:20 у паседжаньні абвясьцілі перапынак. Пасьля распачнуцца паседжаньні падгрупаў, па заканчэньні адбудзецца абмен вынікамі.
Напярэдадні сустрэчы ў Менску прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі Ўкраіны ў групе. Парашэнка настойліва патрабуе выкананьня папярэдніх Менскіх дамоўленасьцяў усімі бакамі, якія іх падпісалі.
Украіну ў падгрупе па пытаньнях бясьпекі прадстаўляе экс-прэм’ер, экс-кіраўнік СБУ і экс-міністар абароны Яўген Марчук. Задачы гэтай падгрупы — узгадніць і спрыяць рэалізацыі мерапрыемстваў па спыненьні агню. Падгрупа абмяркоўвае разгортваньне на тэрыторыі Ўкраіны камбінаванай місіі з цывільным і вайсковым кампанэнтам пад эгідай ААН і ЭЗ. Парашэнка настойвае, што міратворчая місія не павінна падмяняць ці адмяняць Менскія дакумэнты, а мае працаваць паралельна зь дзейнасьцю АБСЭ.
Прадстаўнік Украіны ў падгрупе па палітычных пытаньнях — дырэктар Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, пазаштатны дарадца прэзыдэнта Ўладзімер Гарбулін. Падгрупа дапамагае рахтаваць мясцовыя выбары, якія павінны быць праведзеныя ў адпаведнасьці з украінскім заканадаўствам і з патрабаваньнямі АБСЭ.
«Ніякіх выбараў там не было. Якраз правядзеньне фэйкавых выбараў 2 лістапада загнала сытуацыю ў тупік і фактычна разбурыла выкананьне першых двух Менскіх дакумэнтаў», — заявіў Парашэнка.
У падгрупе па сацыяльна-эканамічных пытаньнях Украіну прадстаўляе першы намесьнік кіраўніка Галоўнага дэпартамэнту па пытаньнях укараненьня рэформаў адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Верамій. Яна займаецца эканамічным аднаўленьнем Данбаса.
У падгрупе па гуманітарных пытаньнях Украіна прадстаўленая ўпаўнаважанай прэзыдэнта па пытаньнях мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе Ірынай Герашчанкай. Падгрупа спрыяе неадкладнаму вызваленьню ўсіх закладнікаў і займаецца пытаньнямі гуманітарнай дапамогі.
Паводле Пятра Парашэнкі, тэматычныя групы не прымаюць выніковых дакумэнтаў, што застаецца кампэтэнцыяй Трохбаковай кантактнай групы.
Імавернасьць камунікацыі ўдзельнікаў паседжаньня з прэсай застаецца мінімальнай. Як звычайна, працу трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне ў Менску асьвятляюць вядучыя міжнародныя, беларускія, расейскія і ўкраінскія СМІ.