Прадстаўнікі КПБ лідзіруюць сярод прадстаўнікоў палітычных партый, якія трапілі ў акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску агучыла выніковыя лічбы. Паводле Ярмошынай, у 110 акруговыя камісіі трапілі 77 прадстаўнікоў КПБ, 42 — Партыі працы і справядлівасьці, 10 — ЛДПБ. З апазыцыйных партый у камісіі трапілі 5 сяброў Партыі БНФ. Ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі нікога ў выбарчыя камісіі не ўключылі. Лідзія Ярмошына патлумачыла, што ўлады тут ні пры чым — апазыцыянэры самі вінаватыя, бо спазьніліся з падачай дакумэнтаў.
«У акружныя выбарчыя камісіі ад АГП быў вылучаны толькі адзін чалавек і яшчэ адзін у абласныя камісіі. Як высьветлілася, АГП проста спазьнілася з падачай пратаколаў. Яны не прыносілі іх асабіста, а пасылалі поштай. Таму тады, калі падаваліся зьвесткі і прадстаўляліся ў Цэнтральную камісію, ўлады на месцах валодалі зьвесткамі толькі пра двух прадстаўнікоў АГП, а на іншых дакумэнтаў ня мелі. Яны прыйшлі пазьней і адпаведна — іх ніхто не разглядаў, бо партыя проста спазьнілася з падачай дакумэнтаў», — сказала Лідзія Ярмошына.
У якасьці прыкладу старшыня Цэнтрвыбаркаму правяла сытуацыю ў Віцебскай вобласьці.
«На адрас Віцебскага аблвыканкаму былі накіраваныя пратаколы паседжаньня палітычнай рады АГП. І яны трапілі на ўчастак пошты віцебскага філіялу толькі 25 чэрвеня. То бок на дзень пазьней за завяршэньне падачы дакумэнтаў. У выканкам іх увогуле завезьлі толькі 27 чэрвеня, у той дзень, калі праходзіла паседжаньне. Таму гэтыя дакумэнты проста не разглядаліся», — сказала Лідзія Ярмошына.
Намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў, які курыруе пытаньні выбараў, у інтэрвію карэспандэнту Свабоды часткова зьняпраўдзіў зьвесткі Ярмошынай наконт спазьненьняў з падачай дакумэнтаў.
Ды ўладзе проста неабходна кожны раз шукаць нейкага ворага, абвінавачваць, што апазыцыя не такая, партыі не такія
«Усяго АГП вылучала ў акружныя і тэрытарыяльныя камісіі ня двух чалавек, як кажа Ярмошына, а 26 у акруговыя і 7 у тэрытарыяльныя. Але толькі ў Менскім аблвыканкаме прынялі нашы дакумэнты, там вылучаліся два прадстаўнікі партыі, а ўсім астатнім адмовілі. Прычыны мы цяпер высьвятляем, і калі зможам даказаць, што з намі абышліся незаконна, абавязкова абскардзім гэтыя рашэньні. Сытуацыя са спазьненьнем насамрэч розная. Вось Ярмошына спаслалася на зьвесткі зь Віцебскай пошты, што там дакумэнты атрымалі ад нас 25 чэрвеня. Магчыма, і з гэтым будзем разьбірацца. Але вось мы даслалі дакумэнты ў Менскі гарвыканкам і Менскі аблвыканкам. Пратаколы накіроўвалі ўпіснымі лістамі, і маем адказ, што 24 чэрвеня пратаколы ў гэтых выканкамах былі атрыманыя. Гэта значыць — за дзень да заканчэньня тэрміну падачы. Іншая рэч, калі іх зарэгістравалі? У Менскім аблвыканкаме зарэгістравалі ў той жа дзень, а ў Менскім гарадзкім выканкаме маглі і празь месяц зарэгістраваць, каб сказаць, што мы спазьніліся. Па Менску мы ўжо напісалі скаргу ў Цэнтрвыбаркам. Будзем разьбірацца і зь іншымі выканкамамі», — сказаў Васіль Палякоў.
Паводле намесьніка старшыні АГП, перадузятасьцю ўлады адносна апазыцыйных партый гэтая выбарчая кампанія ўжо падобная да папярэдніх.
«Ды ўладзе проста неабходна кожны раз шукаць нейкага ворага, абвінавачваць, што апазыцыя не такая, партыі не такія», — мяркуе Васіль Палякоў.
Васіль Палякоў ня ведае, зь якіх прычын у Менскім аблвыканкаме на адмысловым паседжаньні прэзыдыюмаў аблсавету і аблвыканкаму адмовіліся ўключыць у акруговую і абласную камісіі двух прадстаўнікоў АГП, дакумэнты на якіх напярэдадні зарэгістравалі.
«Прычын жа нам ня кажуць», — сказаў Палякоў.