Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 гадоў беларускага року: тузін пытаньняў «Тузіну Гітоў»


12 год таму ў Беларусі зьявіўся беларускамоўны музычны чарт. На тузін год «Тузіна Гітоў» заснавальнік праекту Сяргей Будкін адказаў Свабодзе на тузін пытаньняў.

У 2003 годзе ў Байнэце зьявіўся музычны партал «Тузін Гітоў». Па адрасе music.fromby.net пачалі выходзіць навіны пра беларускую музыку, праводзіцца гіт-парады беларускамоўных песень. За 12 гадоў зьмяніўся толькі адрас — цяпер сайт месьціцца на tuzin.fm, але дагэтуль выдае музычныя навіны і ладзіць гіт-парады.

«Тузін» спрыяў зьяўленьню музычных складанак і праектаў накшталт «Песьні свабоды», «Апошні золак», «Re:Песьняры», «Перазагрузка», «Засьпявай», «Тузін.Немаўля» і многіх іншых. На навагоднюю ноч «Тузін» рыхтуе сьвяточнае шоў на тэлеканале «Белсат», абяцае сюрпрызы і нечаканыя дуэты.

Сваеасаблівы юбілей «Тузін» адзначае чарговай складанкай найлепшых песень году, восьмым «Прэм’ер-Тузінам» , і чарговай прэміяй «Героі году» , якую выдасьць галоўнаму музычнаму адкрыцьцю году і найлепшаму гурту году. Канцэрт-цырымонія «Героі году» з удзелам намінантаў пройдзе 12 сьнежня ў менскім клюбе «Пляцоўка-хол».

Пра «Тузін» і беларускую музыку Свабодзе распавёў рэдактар tuzin.fm, заснавальнік і кіраўнік праекту Сяргей Будкін.

Галоўны рэдактар «Тузіна Гітоў» Сяргей Будкін, на заднім пляне намесьніца галоўнага рэдактара Хрысьціна Дарапей
Галоўны рэдактар «Тузіна Гітоў» Сяргей Будкін, на заднім пляне намесьніца галоўнага рэдактара Хрысьціна Дарапей

— Хто робіць «Тузін Гітоў»?

— Дванаццаць год таму гэты праект стварылі тры чалавекі: Вецер Мэханічны, так называе сябе гэты чалавек, Аляксей Мінчонак і я. За гэты час праз «Тузін» прайшло, я думаю, каля 50 чалавек, і ў нас няма такога, каб мы разьвітваліся, праект заўжды адкрыты для супрацы.

— Навошта робяць «Тузін Гітоў»? Ён прыносіць прыбытак?

— Мы адразу заявілі, што гэта праект не камэрцыйны. Мы ставім за мэту знаёміць з навінкамі беларускай музыкі, уздымаць прэстыж беларускай музыкі і культуры. Нашая місія шырэйшая, чым проста музычны партал. Зарабляць — то не. Былі спробы апраўдаць дзейнасьць, таму што сайт вымагае нейкіх выдаткаў, аплата за хостынг і розныя каналы. На жаль, і канцэрты нам не прынесьлі грошай, таму «Тузін» трымаецца выключна на энтузіязме ўжо 12 год.

Сяргей Будкін, вядоўца радыёвэрсіі Алег Хаменка і сузаснавальнік "Тузіну гітоў" Вецер Мэханічны
Сяргей Будкін, вядоўца радыёвэрсіі Алег Хаменка і сузаснавальнік "Тузіну гітоў" Вецер Мэханічны

— Як песьня трапляе на «Тузін Гітоў»?

— Звычайна як толькі выходзіць альбом, альбо нават калі яшчэ толькі рыхтуецца да выданьня, мы абмяркоўваем з музыкамі, на якую песьню яны ставяць і якую песьню яны хочуць бачыць у чарце, якая дае большае разуменьне таго, што зроблена на альбоме. Звычайна гэтую песьню называюць музыканты, але бывае, што абіраем і мы. У асноўным гэта прэм’ерныя песьні, упершыню яны гучаць у нас. Па-шчырасьці, часам выбар рэдакцыі і выбар музыкаў не супадаюць, але гэта нармальны рабочы момант.

— Самы прыемны сюрпрыз за час існаваньня гіт-параду?

— Каб сюрпрызаў не было, не было б нашай дзейнасьці, таму што яна трымаецца выключна на інтарэсе. Ня ведаю, ці можна назваць прыемным сюрпрызам проста якасны альбом, якасную песьню... Мне здаецца, можна. Таму сюрпрызы адбываюцца штодня, бо ёсьць пра што размаўляць, ёсьць што слухаць.

Так выглядаў «Тузін Гітоў» у канцы 2003 году. Скрыншот архіваванай старонкі на Web Archive, выкананы ў Internet Explorer 4.0 праз сэрвіс oldweb.today
Так выглядаў «Тузін Гітоў» у канцы 2003 году. Скрыншот архіваванай старонкі на Web Archive, выкананы ў Internet Explorer 4.0 праз сэрвіс oldweb.today

— Ці спрабаваў «Тузін Гітоў» зьявіцца ня толькі ў інтэрнэце, а і на беларускім радыё?​

— Адразу ад пачатку нашай дзейнасьці зьявілася ідэя ствараць радыёвэрсію нашага чарту. І яна выхозіла пэўны час на хвалях «Радыё Рокс», калі яно яшчэ не было шансонным радыё. Потым, як зьмяніўся фармат «Роксу», мы выходзілі на «Радыё Мінск», радыё Менгарвыканкаму. Некалькі год перадача гучала там, але потым «не падыйшло па фармаце», хаця гаворка вялася, што гэта самая папулярная, самая запатрабаваная на той час праграма на гэтым радыё. Але тады быў пэрыяд забаронаў, а ў нас музыка гучала абсалютна па-за цэнзурай, па-за ўяўнымі тутэйшымі радыёфарматамі. Цяпер ужо амаль 9 год праграма выходзіць на «Радыё Рацыя», Беласток, нязьменны вядоўца ўсіх радыёвэрсіяў пасьля «Радыё Рокс» — лідэр гурту «Палац» Алег Хаменка.

— «Тузін Гітоў» раней штогод выдаваў дыскі з 12 найлепшымі песьнямі году і мноствам бонус-трэкаў. Сёлета дыску няма?

— Нядаўна адбыўся рэліз восьмага «Прэм’ер-Тузіну» з 12 найлепшымі песьнямі музычнага году. Але выйшаў ён у інтэрнэт-фармаце, выкладзеныя песьні, якія можна спампаваць адным файлам. У мінулым годзе было тое самае, тады мы вырашылі адыйсьці ад выданьня на CD. Натуральна, продажы CD-дыскаў цяпер нулявыя проста, у некаторых няма куды іх устаўляць. Разважалі, як выдаць, мо на флэшцы, мо 12 найлепшых песень за 12 год існаваньня на вініле, але гэта вымагае вялікіх выдаткаў, таму пакуль адклалі гэтую ідэю. Так што мы перайшлі цалкам у інтэрнэт, адкуль, у рэшце рэшт, і выйшлі.

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

— Што тады будзе з супольнымі музычнымі праектамі, што робяцца пад патранажам «Тузіна», як то «Перазагрузка» ці «Re:Песьняры»?

— Нават не прыгадаю ўсе тыя праекты, бо кожны год па адным ці два праекты рэалізуюцца разам з рознымі партнэрамі. «Перазагрузка» працягваецца ў адвольным рэжыме. Мы вырашылі не зьбіраць менавіта тузін песьняў для дыску, а проста выдаваць іх як атрымліваецца. Напрыклад, сёлета да «Перазарузкі» далучыўся Андрэй Макарэвіч, які сьпеў сваю песьню «Сьнег» па-беларуску, французскі гурт Karpatt выканаў Караткевіча па-француску, Сяргей Жадан пераклаў Лявона Вольскага на ўкраінскую... Таму я думаю, што гэта будзе працягвацца надалей, трэба проста набрацца трываласьці ў перамовах, бо як правіла, калі даводзіш музыкантам ідэю, яны пагаджаюцца.

— Таго ж Макарэвіча называюць адным з твараў «рускага року». А «беларускі рок» ёсьць як асобны жанар?

— Мне здаецца, ён быў. Цяпер я ня ведаю, ці можна ўжываць паняцьце «рускі рок» да тых, хто на расейскай рок-сцэне. Тое самае пра «беларускі рок», гэта такое махровае, спарахнелае паняцьце. Так, можна было казаць пра нейкі рух у гэтым кірунку, канкрэтныя гурты, зь якімі асацыюецца «беларускі рок» — я маю на ўвазе 90-я гады, калі тройца гуртоў, «Новае Неба», Ulis і N.R.M., ну і плюс «Крама», закрывалі сабой усю рок-прастору, праціснуцца там было цяжка. Цяпер, мне здаецца, усё шырэй, разастайней, таму паняцьце «беларускі рок» наўрад ці акрэсьліць тое, што адбываецца на альтэрнатыўнай музычнай сцэне.

— А чым тады беларуская музычная сцэна адрозьніваецца ад замежных?

— Натуральна, можна панаракаць на сытуацыю, як мы ўсе гэта любім рабіць. Расказаць пра забароны, расказаць пра тое, што канцэрт можа не адбыцца праз адно тэлефанаваньне незразумела каго... Гэта ёсьць, гэта стрымлівае. Але зь іншага боку яно і падбухторвае. Гэтай недаказанасьцю, таямнічасьцю, недазволенасьцю яно, мне здаецца, і прыцягвае ўвагу да незалежнай беларускай музыкі. Іншая справа, што людзі не гатовыя за яе плаціць, купляць дыскі ці трэкі ў інтэрнэце, хадзіць на канцэрты, але гэта ўжо пытаньне зусім іншае.

— У Беларусі разьвіліся ўсе напрамкі музыкі? Ці нейкага жанру не бракуе?

— Дужа не стае добрай, якаснай танцавальнай музыкі, электроннай. Вельмі рады, што ў гэтым кірунку ёсьць зрухі ў апошні час. Я маю на ўвазе гурт Tanin Jazz, напрыклад. Шкада, што не атрымалася ў іх з альбомам. Šuma тая ж, хаця мне б хацелася, каб яны рабілі не на фольк-матэрыяле, а на аўтарскім. Але сапраўды бракуе такой музыкі, якую можна было бы ў звычайным начным клюбе ўключыць, з нармальным беларускім тэкстам. Яшчэ трошкі бракуе такой музыкі «ціпа Корж». Vinsent ня любіць параўнаньняў з Каржом, але мне здаецца, яго альбом якраз закрые і гэтую тэму. Вельмі чакаю альбому ад рэпэра Angst’а, бо ёсьць падазрэньні, што гэта будзе вельмі таленавіты, яскравы альбом у рэп-музыцы. Трошкі набіраецца... Бракуе? Так. Але не адсутнічае.

— Беларуская музыка актуальная, у трэндзе? Яе сталі бы слухаць, калі б зладзілі спантанна канцэрт на Таймз-сквэр ці на «Ўэмблі»?

— Мяркую па «тузіноўскім» канале Soundcloud, на які падпісаныя шмат замежнікаў, якія рэпосьцяць песьні, лайкаюць, камэнтары пішуць. Трэкі выклікаюць цікаўнасьць, трэба проста вялікай прома-працай заняцца, каб гэта дайшло да аўдыторыі. І ў нас людзі слухаюць ангельскамоўную музыку, ня ведаючы ангельскай мовы. Я думаю, мова гэта не перашкода — галоўнае, каб было зроблена таленавіта. Прыклад Антона Мацулевіча, які напісаў біт для амэрыканцаў і прарваўся ў прастору «Білборду» (песьня «Trap Queen» на яго музыку ў выкананьні Fetty Wap намінаваная на дзьве «Грэмі». — РС), сьведчыць, што таленавітых людзей у нас хапае. Таму я думаю, што пытаньне проста пранікнуць у гэтую прастору, тады будзе ўсё нармальна, тады і якасьць падвысіцца, і колькасьць цікавых альбомаў.

— Ці можа зьявіцца новы N.R.M., наступны «Ляпіс»? Такі герой пакаленьня, якога чулі ўсе?

— Я ня ведаю, ці варта зьяўляцца новаму N.R.M. у такім пляне. Вельмі шмат таленавітых, цікавых гуртоў, якія ня цягнуць на сябе коўдру ў тым сэнсе, што яны ўвасабляюць «беларускі рок» ці зьяўляюцца нейкімі неверагоднымі маральнымі аўтарытэтамі. Чым больш іх, тым лепш. Ці трэба нам такі аб’ект для пакланеньня, якім быў «Ляпіс» апошнія гады ці N.R.M. раней? Ня ведаю, сумнеўна. Мне проста цікава глядзець, як разьвіваюцца людзі, асобы, як разьвіваюцца гурты, якія ёсьць. Я маю на ўвазе маладую незалежную сцэну, як гурты Re1ikt, TonqiXod, новы праект Яна Маўзэра «Мама», Teleport, Pauline, Zolki Band... Выбар ёсьць. Мне ня хочацца разважаць, ці стануць яны новым «Ляпісам» ці N.R.M., бо яны ёсьць новым Zolki Band ці новай «Мамай», яны абсалютна іншае робяць.

«Героі году — 2014» — Dzieciuki. На цырымоніі ў 2015 годзе яны, а таксама «Адкрыцьцё году — 2014» Leibonik і аўтар тэлеперадачы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў назавуць сёлетнія «Адкрыцьцё году» і «Гурт году»
«Героі году — 2014» — Dzieciuki. На цырымоніі ў 2015 годзе яны, а таксама «Адкрыцьцё году — 2014» Leibonik і аўтар тэлеперадачы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў назавуць сёлетнія «Адкрыцьцё году» і «Гурт году»

Некаторых зь іх можна будзе неўзабаве паслухаць на канцэрце. 12 сьнежня адбудзецца чарговае ўручэньне прэміі «Героі году», частка намінантаў на «Адкрыцьцё году» і галоўную ўзнагароу «Гурт году» возьмуць удзел у канцэрце. Таму будзем радыя бачыць усіх у клюбе «Пляцоўка хол» увечары, там сустрэнемся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG