Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі «Валадаркі» даюць паказаньні, супярэчачы адзін аднаму

абноўлена

СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску
СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску

Былы дзяжурны памочнік Сагановіч: Каб на «Валадарцы» прывязвалі да ложка? Такога не было!

22 верасьня на працэсе ў Маскоўскім судзе па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна даў паказаньні Сяргей Сагановіч, які ў 2013 годзе служыў на «Валадарцы» дзяжурным памочнікам начальніка СІЗА № 1.

Былы міліцыянт сказаў, што 3 жніўня недзе аб 11–12 гадзіне яму паступіў сыгнал, што вязьню ў камэры № 50 патрэбны лекар. Сьведка накіраваў да камэры карпусных канваіраў Пятровіча і Кругліка ды фэльчара Крылова, але ня памятае, званіў ён таму ці не.

У другой палове дня зноў быў выклік у тую ж камэру, і ён зноў накіраваў да Пцічкіна Пятровіча з Круглікам, а таксама свайго намесьніка Радчанку. Тады ўжо быў выпісаны рапарт на перавод Пцічкіна з камэры 50 у камэру мэдычнай часткі, падпісаны палкоўнікам Варажбіным, згадаў сьведка Сагановіч.

Ён пры пераводзе Пцічкіна ў камэру № 27 мэдычнай часткі не прысутнічаў. Радчанка яму потым далажыў, што Пцічкіна даставілі ў камэру, нейкіх здарэньняў пры канваяваньні не было, спэцсродкаў да Пцічкіна не ўжывалі. Сьведка не згадаў, ці казаў яму Радчанка, што Пцічкіна ў 27-й камэры зафіксавалі да ложка рамянямі.

Увогуле сьведку Сагановічу, паводле яго словаў, не было вядома, што раней кагосьці на «Валадарцы» прывязвалі да ложка. Служыў на «Валадарцы» Сагановіч 19 гадоў, з 1995 году.

Але пра Пцічкіна ў канцы дзяжурства яму ўсё ж паведамілі, што яго зафіксавалі. Толькі хто яму гэта паведаміў, сьведка ня памятае. У дакумэнтах аб дзяжурстве ён не запісваў пра ўжываньне фіксацыі да Пцічкіна. Пра сьмерць вязьня Ігара Пцічкіна сьведку стала вядома 4 жніўня, калі ён прыйшоў на дзяжурства а 8 вечара. Пасьля пытаньняў адваката Міхайлава сьведка прызнаў, што ўсё ж выпадкі прымусовай фіксацыі вязьняў на «Валадарцы» былі, але выключна каб «вязень не пашкодзіў сябе і іншых».

Паколькі пра шмат якія акалічнасьці сьведка Сагановіч увогуле нічога не сказаў, спаслаўшыся на тое, што забыў, суд вырашыў цалкам зачытаць ягоныя паказаньні на сьледзтве. З гэтых паказаньняў вынікала, што ён сам званіў фэльчару Крылову, што таму трэба агледзець Пцічкіна. Званіў Крылову Сагановіч і другім разам, калі зноў сталі выклікаць лекара да Пцічкіна. Тады Пцічкіна адвялі ў камэру 27 і зафіксавалі на ложку на падставе рапарта фэльчара Крылова. Радчанка яму пра гэта далажыў.

Адметна, што ў паказаньнях на сьледзтве сьведка Сагановіч прызнаваў, што фіксацыя ў СІЗА-1 «здараецца даволі часта». Пасьля некалькіх пытаньняў судзьдзі Сяргей Сагановіч пацьвердзіў тыя паказаньні цалкам.

Намесьнік Сагановіча: «На „Валадарцы“ прывязваюць да ложка ня часта, але пры неабходнасьці»

Пасьля Сагановіча суд апытаў Паўла Радчанку, які ў жніўні 2013 году быў намесьнікам Сагановіча і на ягоны загад наведваў Пцічкіна і суправаджаў яго ў 27 камэру. Радчанка і цяпер служыць на «Валадарцы».

Паводле сьведкі Радчанкі, Ігар Пцічкін сам ішоў з камэры ў мэдычную частку на агляд да фэльчара, не супраціўляўся, не перашкаджаў. Ці даваў фэльчар Крылоў Пцічкіну таблетку, або ці спрабаваў зрабіць іньекцыю, Радчанка ня памятае. Але прызнаў, што «мусіў знаходзіцца побач».

Паводле сьведкі, з мэдчасткі Пцічкін ішоў спакойна, нічога зь ім не было. Калі яго прыводзілі да фэльчара другі раз, ён таксама паводзіў сябе спакойна, уцякаць не спрабаваў. «Я такога ня памятаю, пры мне не было».

(Тымчасам, паводле абвінавачанага Крылова, Ігар Пцічкін падчас другога агляду ў працэдурным кабінэце спрабаваў уцячы, і яго спынілі ў калідоры ахоўнікі.)

Калі Пцічкіна прывялі з кабінэту фэльчара, Сагановіч даў сьведку ўказаньне перавесьці Пцічкіна ўжо ў 27-ю камэру. (Сагановіч жа не казаў, што даваў такі загад.)

Як у гэты час сябе паводзіў Пцічкін? Павал Радчанка згадаў, што той «быў не зусім адэкватны, дрэнна арыентаваўся ў прасторы». Паводле сьведкі, Пцічкін быў у майцы і шортах, на целе сьлядоў зьбіцьця не было. Пры канваяваньні Пцічкіна з камэры ў камэру і да кабінэта фэльчара спэцсродкаў да яго не ўжывалі, бо такой патрэбы не было, сказаў сьведка Радчанка.

Што сьведка ведае пра фіксацыю Пцічкіна да ложка рамянямі? «Ведаю, што яго прывязвалі, але сам гэтага ня бачыў, хто мне сказаў, ня памятаю».

Павал Радчанка патлумачыў, што Пцічкіна прывязвалі, «каб не пашкодзіў сабе ды іншым», але адкуль яму вядома пра такую пагрозу, ня змог патлумачыць. Увогуле такі мэтад, як фіксацыя, на «Валадарцы» ўжываецца ня часта, але пры неабходнасьці, сказаў Павал Радчанка.

Паводле Радчанкі, калі вязьні атрымліваюць нейкія цялесныя пашкоджаньні, гэта супрацоўнікі СІЗА павінны засьведчыць у дакумэнтах.

Пра тое, што Пцічкін ужываў на волі наркотыкі, сьведку расказалі вязьні камэры № 50, дзе ён сядзеў.

Пасьля зачытваньня паказаньняў Радчанкі на сьледзтве ён прызнаў, што ўсё ж прысутнічаў пры фіксацыі Пцічкіна да ложка, але потым да яго не заходзіў.

На сьледзтве ў сьведкі Радчанкі была вочная стаўка з абвінавачаным Крыловым. Тады ён таксама сьцьвярджаў, насуперак паказаньням Крылова, што ня памятае, каб Пцічкін падчас агляду яго ў кабінэце Крылова нібыта спрабаваў адтуль уцячы.

Абарона Пцічкіных мяркуе, што гэта вельмі важны момант, бо менавіта спробай уцёкаў з боку Пцічкіна фэльчар Крылоў абгрунтаваў сваё рашэньне аб фіксацыі Пцічкіна да ложка. Між тым, калі верыць паказаньням супрацоўніка СІЗА Радчанкі, спробаў уцёкаў з боку Пцічкіна не было.

А вось другі канваір, Сяргей Пятровіч, кажа, што такая спроба з боку Пцічкіна, калі яго прывялі ў кабінэт да фэльчара, была. Пры гэтым сьведка Пятровіч ня памятае, хто яшчэ з супрацоўнікаў СІЗА быў тады побач.

«Так, спрабаваў сам выйсьці з кабінэта фэльчара, але яго спынілі, і ён вярнуўся», — сказаў сьведка Пятровіч.

Калі Ігара Пцічкіна прывязвалі да ложка, сьведка Пятровіч стаяў на ўваходзе ў камэру. «Прывязвалі санітары». А хто яшчэ быў — Крылоў, Радчанка, Круглік ці яшчэ хто — ня памятае.

Сьведка сказаў, што па нормах адзін кантралёр мог канваяваць адразу 10 вязьняў. Адвакат Галіеў: А чаму аднаго Пцічкіна канваявалі ажно 3 кантралёры? — Бо ён сябе неадэкватна паводзіў.

Цікава, што калі суд зачытаў паказаньні Пятровіча, там не аказалася згадкі пра тое, што Пцічкін нібыта спрабаваў уцячы з кабінэта фэльчара Крылова. «Проста сьледчы не задаваў пра гэта пытаньняў, але такое было», — сказаў суду сьведка Пятровіч.

Паводле Пятровіча, у камэры 27 часта знаходзяцца буйныя алькаголікі ці наркаманы, якіх прывязваюць, каб яны не пашкодзілі сябе ці іншых.

Наступны сьведка, былы кантралёр Аляксей Круглік, сказаў пра спробу ўцёкаў Пцічкіна, што ня памятае такога выпадку, калі яны з Радчанкам і Пятровічам прывялі Пцічкіна да фэльчара Крылова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG