Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За хабар асуджаны топ-мэнэджар Зубараў, які фігураваў у справе «Беларусбанку»


Суд над першым намесьнікам старшыні праўленьня АСБ «Беларусбанк» Генадзем Гаспадарыкам, ілюстрацыйнае фота
Суд над першым намесьнікам старшыні праўленьня АСБ «Беларусбанк» Генадзем Гаспадарыкам, ілюстрацыйнае фота

На 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права 5 гадоў пасьля вызваленьня займаць кіроўныя пасады асуджаны Генадзь Зубараў, былы кіраўнік Банкаўскага працэсінгавага цэнтру (БПЦ) — арганізацыі, якая займалася пастаўкамі банкаматаў ды іншага абсталяваньня беларускім банкам, у тым ліку «Беларусбанку».

Гэты прысуд 9 лютага вынес суд Маскоўскага раёну Менску пасьля працэсу, які цягнуўся каля двух месяцаў. Генадзь Зубараў прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару памерам 260 тысяч даляраў і незаконным завалоданьні больш як 400 тысячамі рублёў, якія належалі БПЦ.

Паводле суду ў асуджанага канфіскуюць маёмасьць, у тым ліку аўтамабілі, зямельныя ўчасткі, кватэру і больш як 200 тысяч даляраў на рахунках у розных банках Беларусі. Пакуль невядома, ці будзе Зубараў абскарджваць прысуд. На судзе ён прызнаў сваю віну цалкам.

«Хутчэй за ўсё, ня будзе абскарджваць, бо яму яшчэ пашанцавала: атрымаў мінімум у параўнаньні зь іншымі банкаўскімі топ-мэнэджарамі», — падзяліўся думкай назіральнік за працэсам над Зубаравым ды нядаўнімі працэсамі над экс-кіраўнікамі «Беларусбанку» Генадзем Гаспадарыкам, Мікалаем Цырто і Анатолем Багавіком.

10 гучных карупцыйных спраў 2017 году

«Яны за меншыя сумы хабару атрымалі больш, таму будзе рады, што раней за іх выйдзе на волю. Дарэчы, на судзе над Зубаравым прагучала, што з тых 200 тысяч даляраў, якія ён скраў з рахунку БПЦ, ён і даваў хабар Багавіку, а астатнія забраў сабе», — згадаў назіральнік.

У канцы 2017 году ў судзе над былым выканаўчым дырэктарам «Беларусбанку» Анатолем Багавіком Генадзь Зубараў фігураваў як чалавек, які даў Багавіку 94 тысячы даляраў хабару за садзейнічаньне ў тым, каб менавіта БПЦ працягвала пастаўкі абсталяваньня ў «Беларусбанк». Анатоль Багавік у выніку быў асуджаны Маскоўскім раённым судом Менску на 8 гадоў зьняволеньня. Раней, восеньню 2017 году, за хабар былі асуджаныя іншыя топ-мэнэджары «Беларусбанку» — экс-першы намесьнік старшыні Генадзь Гаспадарык, які атрымаў 7,5 года зьняволеньня, і начальнік дэпартамэнту банку Мікалай Цырто, якога пакаралі 9 гадамі зьняволеньня.

Судзьдзя Максім Сушко, які вынес прысуд Генадзю Зубараву, накіраваў таксама прыватную пастанову на адрас Беларускага працэсінгавага цэнтру аб недахопах у дзейнасьці гэтай банкаўскай арганізацыі.

БПЦ быў заснаваны найбуйнейшымі банкамі Беларусі ў 2002 годзе, з таго часу і да арышту ў 2016 годзе ім кіраваў Генадзь Зубараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG