Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Ладуцька ведае пра ровары і ці здолее выратаваць «Мотавела»?


Мікалай Ладуцька, архіўнае фота
Мікалай Ладуцька, архіўнае фота

«Эпоха Ладуцькі» супала са сталічным роварным бумам. На пасадзе старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька правёў больш за пяць гадоў — з 10 чэрвеня 2009-га па 6 лістапада 2014-га. І даваў рады хіпстэрскаму захапленьню з усім запалам адказнага гаспадарніка.

Ратаваць «роварны кірунак» Мікалая Ладуцьку выправілі ня ўчора, калі Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго дырэктарам «Мотавела». Дарожку экс-дырэктару Аляксандру Мураўёву, які цяпер за кратамі, Ладуцька пераходзіць як мінімум другі раз. У 2012-м яго нечакана абралі замест Мураўёва кіраўніком Беларускай фэдэрацыі веласпорту.

Самога Ладуцьку на ровары ніколі ня бачылі, але нібыта нарады па гэтым пытаньні праводзіліся ў выканкаме штосерады.

Праўда, павярхоўны аналіз цытатаў Мікалая Ладуцькі на «роварныя тэмы» наводзіць на думку, што трагічны заняпад «Мотавела» адбываўся пад пільным наглядам колішняга старшыні выканкаму.

Павялічыць аб’ёмы продажу ровараў вытворчасьці «Мотавела»

У траўні 2012-га Мікалай Ладуцька прыехаў на «Мотавела» і ва ўзорным стылі сацспаборніцтваў заявіў, што ровараў трэба болей.

«Трэба ў сталіцы павялічыць аб’ёмы продажу ровараў вытворчасьці „Мотавела“. Для гэтага неабходна ствараць дадатковыя гандлёвыя аб’екты, якія будуць рэалізоўваць роварную прадукцыю. Але рост аб’ёмаў продажу на ўнутраным рынку ані ў якім выпадку не павінен быць на шкоду экспарту. Трэба больш вырабляць».

Мы ня ведаем, якую ролю адыграў у лёсе ўладальнікаў «Мотавела» загад Ладуцькі, але свае склады «роварнай прадукцыяй» яны забілі да ўпору.

Падвысіць колькасьць раварыстаў да 500 тысяч!

Гэта ўжо 2013 год. Мікалай Ладуцька дае загад распрацаваць дакладны плян разьвіцьця роварнага руху ў Менску.

«Адпрацуйце з айчыннымі вытворцамі велатэхнікі сыстэму разьвіцьця веларуху. У іх такая ініцыятыва ёсьць. Яны мусяць укласьці частку грошай у стварэньне велаклюбу. Неабходна арганізаваць па ходу руху і сетку аб’ектаў гандлю і пракату ровараў, якая базуецца на прадукцыі айчыннай вытворчасьці».

Бізнэс-плян па аб’ёмах ня выкананы

Літаральна праз пару месяцаў пасьля «роварнай нарады» Мікалай Ладуцька суправаджае Аляксандра Лукашэнку на «Мотавела». Там робіцца вядома, што на заводзе «ўсё кепска». Старшыня Менгарвыканкаму канстатуе, што бізнэс-плян, які тычыцца аб’ёмаў, ня выкананы.

«Сёлета прадпрыемства мусіць вырабіць толькі 200 тысяч ровараў і амаль 12 тысяч матацыклаў, а дасягненьне заплянаваных паказьнікаў ужо ссоўваецца як мінімум на 2017 год», — дакладае Мікалай Ладуцька.

Тады Аляксандар Лукашэнка абяцае апошні раз падставіць плячо дырэктару Мураўёву. Але 2017 году чакаць ня сталі: ужо ў 2015-м супраць братоў Мураўёвых завялі крымінальную справу і пасадзілі іх у турму.

Яшчэ адным плёнам працы Мікалая Ладуцькі стала прыняцьце ў 2011 годзе Канцэпцыі забесьпячэньня сыстэмы роварнага руху ў Менску. Праўда, на роварных форумах часам кажуць, што яе можна лічыць амаль праваленай.

Ровар павінен быць часткай транспартнай сыстэмы. А ў нас за роварную інфраструктуру адказвае Ўпраўленьне спорту й турызму

«З нашага пункту гледжаньня, у гарадзкіх уладаў няма вызначанай транспартнай стратэгіі, — кажа Яўген Харужы, старшыня праўленьня Менскага роварнага таварыства. — Ровар павінен быць часткай транспартнай сыстэмы. А ў нас за роварную інфраструктуру адказвае Ўпраўленьне спорту й турызму. Але гэтыя людзі ня маюць паўнамоцтваў і кампэтэнцыі на глябальныя зьмены, бо яны не горадабудаўнікі».

Праз такое стаўленьне да ровараў у Менску пракладаюць роварныя сьцежкі выключна ў зонах рэкрэацыі: уздоўж Сьвіслачы, у Лошыцкім парку і вакол Цнянскага вадасховішча.

Але штосьці значна зьмянілася да лепшага, — лічыць Харужы. На тратуарах разьметкай пазначылі месца для руху раварыстаў, шмат дзе ўсталяваныя роварныя паркоўкі, па ўсім горадзе зьніжаюць бардзюры. А з гэтай вясны яшчэ сталі пазначаць зялёнай фарбай роварныя пераезды, дзе раварыстам ня трэба сьпешвацца.

«Што вельмі важна, у сьвядомасьці людзей, у тым ліку тых, хто адказвае за разьвіцьцё гораду, ровар усё ж пачаў рабіцца транспартам».

Чаму не падшыпнікі?

Калі згадваць прыклады абазнанасьці былога сталічнага начальніка ў роварнай тэме, то высьвятляецца, што з падобным жа імпэтам Мікалай Ладуцка дбаў пра сякеры і ручныя косы — прадукцыю Менскага падшыпнікавага заводу.

«Цяпер на МПЗ выпускаюць 40 тысяч сякер у год, — заявіў Мікалай Ладуцька ў 2013-м. — А трэба выпускаць 400 тысяч і прадаваць гэтую прадукцыю ў Расею, Украіну. Неабходна зарабляць».

На падшыпнікавым заводзе яшчэ пры Ладуцьку справы былі ня вельмі. Але ня кожнаму праблемнаму прадпрыемству дастаецца свой Ладуцька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG