У Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняты праект зьменаў у закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Аднак рэзанансная прапанова кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вызваляць ад вайсковай службы адзінага сына ў сям’і ў парлямэнт не паступала.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды ў інтэрвію сказаў сябра камісіі па нацыянальнай бясьпецы, дэпутат Ігар Мартынаў.
— Не, гэта толькі было заяўлена кіраўніком дзяржавы падчас прадстаўленьня новага начальніка вучэбнага цэнтру. Натуральна, калі гэтую норму будуць уносіць, то гэта зробіць Міністэрства абароны. Але перад тым усю сытуацыю трэба вывучыць і прааналізаваць. У прынцыпе, так было сказана і кіраўніком краіны.
— А як вы думаеце, ці варта не прызываць у войска адзінае дзіця ў сям’і?
Цяжка камэнтаваць гэтую сытуацыю
— Цяжка камэнтаваць гэтую сытуацыю. Тут трэба ўзважваць усе пытаньні.
— То бок дэпутаты будуць чакаць, што скажа Міністэрства абароны?
— Міністэрству абароны пастаўлена задача прааналізаваць сытуацыю. І потым ужо будзе выпрацоўвацца нейкае рашэньне.
— Але тады трэба будзе ўносіць праўку ў адпаведны закон?
— Калі Міністэрства абароны палічыць, што такую норму можна прымаць, значыць, яны тады ўнясуць гэта як прапанову, якая потым паступіць для разгляду ў парлямэнт.
Ці працуе Міністэрства абароны над прапановай Аляксандра Лукашэнкі?
Намесьнік старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Сяргей Бобрыкаў, які раней узначальваў 72 вучэбны цэнтар у Печах, дзе ў верасьні загінуў салдат Аляксандар Коржыч, адмовіўся гаварыць на гэтую тэму са Свабодай. Пасьля пытаньня пра Лукашэнкаву прапанову генэрал проста паклаў слухаўку.
Прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў таксама ня стаў камэнтаваць сытуацыю карэспандэнту Свабоды.
«Зьвяртайцеся да таго, хто ўносіць адпаведныя папраўкі і хто прымае адпаведныя законы», — сказаў Макараў.
Сваю прапанову Аляксандар Лукашэнка сфармуляваў, прызначаючы новага начальніка часткі ў Печах:
«Я адзіны сын у сваёй маці. Вы ведаеце, да чаго я падводжу. У нас жа раней было правіла: калі адно дзіця, яго маглі не прызываць ва Ўзброеныя сілы. Трэба паглядзець, прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея», — сказаў тады кіраўнік Беларусі.
Якія папраўкі ўнесеныя?
Тым часам у Палату прадстаўнікоў ужо паступілі папраўкі ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» да другога чытаньня. Але яны тычацца іншых аспэктаў, сказаў Свабодзе Ігар Мартынаў.
Паводле яго, прапануецца даваць адтэрміноўку ад тэрміновай службы лекарам-інтэрнам і правізарам-інтэрнам.
«Яны дыплём аб вышэйшай адукацыі атрымалі, але кваліфікацыю лекара — яшчэ не, бо мусяць спачатку прайсьці інтэрнатуру, — патлумачыў сябра камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў. — Каб ліквідаваць прававую калізію, мы ўнесьлі гэтую прававую норму».
Што зьменіцца пасьля трагедыі ў Печах?
Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
У выніку кіраўнікоў вайсковай часткі ў Печах звольнілі.
Новым начальнікам вучэбнага цэнтру Аляксандар Лукашэнка прызначыў палкоўніка Ўладзіслава Будзіка.
Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк заявіў 15 лістапада, што ў сувязі са сьмерцю вайскоўца Аляксандра Коржыча ў Печах распачалі «каля 15» крымінальных спраў, у якіх «прыблізна столькі ж» фігурантаў.
Якія яшчэ зьмены чакаюцца ў войску?
— Ёсьць рашэньне Міністэрства абароны правесьці нечарговую пераатэстацыю ўсіх афіцэраў вучэбнага цэнтру ў Печах. Па выніках атэстацыі будзе прымацца рашэньне камандаваньнем вучэбнага цэнтру і кіраўніцтвам Міністэрства абароны, — сказаў дэпутат Ігар Мартынаў Свабодзе.
— Таксама салдатам дазволяць трымаць пры сабе мабільныя тэлефоны бяз камэры і інтэрнэту, якімі можна карыстацца ў адведзены час.
— Гэта будзе рашэньне Міністэрства абароны. Я тут нічога дрэннага ня бачу, парадак проста вызначаць.
— Але ці будуць прымацца нейкія папраўкі ў закон у зьвязку з гэтым трагічным выпадкам у Печах?
— Калі будзе завершанае расьсьледаваньне і ўскрыты ўсе ягоныя прычыны, будзе бачна, ці трэба прымаць нейкія заканадаўчыя меры ў гэтым пытаньні, ці не.
«Ну што цяпер абмяркоўваць?»
Раней камісія па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў адмовілася праводзіць парлямэнцкія слуханьні аб праблеме дзедаўшчыны ў войску.
У адказе на прапанову лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, падпісаным старшынём камісіі Валянцінам Міхневічам, гаварылася, што ўзаемадачыненьні паміж вайскоўцамі рэглямэнтуюцца статутамі Ўзброеных сілаў Беларусі і не патрабуюць дадатковага абмеркаваньня і ўмяшаньня.