Адзінымі лідэрамі, якія павіншавалі Аляксандра Лукашэнку зь пятай запар «элегантнай перамогай», — Уладзімер Пуцін і Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнты Расеі і Казахстану. Сабраць 83,5% галасоў пры яўцы 87,2% здольны ня кожны.
Зрэшты, не даводзіцца сумнявацца, што неўзабаве да віншаваньняў Крамля на адрас Лукашэнкі далучацца і іншыя калегі па наддзяржаўных інтэграцыйных утварэньнях — кіраўнікі Армэніі і Кіргізстану. Балазе, амаль усе яны ведаюць, што такое «элегантная перамога» бяз шанцаў для канкурэнтаў.
Аляксандар Лукашэнка хоць і зьдзіўляе цывілізаваны сьвет выбарчай статыстыкай у вэрсіі Цэнтравыбаркаму, але да некаторых лідэраў яму яшчэ далёка. Зірнуць хоць бы на чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу, на які арыентуюць сваю эканоміку некаторыя постсавецкія рэспублікі.
На сёлетніх выбарах прэзыдэнта Казахстану тамтэйшы ЦВК налічыў першаму і нязьменнаму кіраўніку краіны ажно 97,75% галасоў выбарцаў пры яўцы больш як 95%. Найлепшы з канкурэнтаў са скрыпам узяў 1,5%. Убаку нават незьмяняльны 77-гадовы прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў: геапалітычны сусед ледзь пераадолеў 90-працэнтны бар’ер народнага даверу пры яўцы 91%.
Як і Лукашэнка, Назарбаеў зайшоў на пяты тэрмін. Яму 75 гадоў, і ўжо чвэрць стагодзьдзя ён пры ўладзе. Пра адыход на спачын гаворка не ідзе, дый Канстытуцыя дае Нурсултану Абішавічу права памерці на высокай пасадзе. Актыўна ўмацоўвае арганізм праз заняткі спортам — горныя лыжы, вялікі тэніс, гольф. Парлямэнт надаў яму тытул Елбасы — «лідэра нацыі».
Як лічыць колішні супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі, у тым, што Лукашэнка ўпэўнена стаў «васьмідзясятнікам», безальтэрнатыўна ўзначальваючы розныя рэйтынгі, ёсьць «заслуга» і ягоных апанэнтаў. На яго перакананьне, пакуль апазыцыя будзе дэманстраваць адсутнасьць салідарнасьці, Лукашэнку лёгка будзе перайграць усіх па адным:
«Увогуле, гэта доўгая і цяжкая размова. Краіна, безумоўна, мяняецца, яна ўжо не такая, як была 20 гадоў таму. Але калі адказваць на пытаньне, ці можа нехта супрацьстаяць Лукашэнку ў набіраньні гэтых працэнтаў, дык думаю, што не. Калі ў 1990-х апазыцыя была яшчэ адносна аднародная, магчымасьцяў для супрацьстаяньня было нашмат больш. І супрацьстаяньне было, але справу да канца не давялі, і перамогу сьвяткаваў Лукашэнка».
Карэспандэнт: «Ці не адзіная спроба пазбавіць Лукашэнкі паўнамоцтваў — распачатая ў 1996-м працэдура адхіленьня яго ад улады. Каб не крамлёўскія „міратворцы“, ці адбыўся б імпічмэнт?».
«Не, я думаю, што не адбыўся б. Магчыма, фармальна такое рашэньне і было б прынятае, але пазбавіць яго ўлады не змаглі б. Думаю, што не прыняў бы Канстытуцыйны суд такога рашэньня: і тагачаснаму старшыні суду Ціхіню, і многім іншым была патрэбная толькі падстава, каб гэтага не рабіць. Тое, што гэтай падставай стаў аўтарытэт „расейскіх міратворцаў“, як вы сказалі, дык гэта не азначае, што не знайшлося б нейкай іншай падставы. Проста тады трэба было б нешта рабіць не з Канстытуцыйным судом, а з пэўнай колькасьцю дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Таму што буча была б большая, чым здарылася пасьля таго. Хоць і так яна была ня надта вялікая. У любым выпадку, час змарнавалі...»
У 2012 годзе Ўладзімер Пуцін чарговым разам памяняўся месцамі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым — з прэм’ер-міністра на прэзыдэнта. Як па беларускіх мерках, вынікі ягонай перамогі адносна сьціплыя, і той жа Лукашэнка, маючы такую статыстыку, згарэў бы ад сораму. Пры яўцы 65,34% Пуцін набраў тады 63,60% галасоў выбарцаў. Але ў абсалютных лічбах гэта ўсё ж ня пара мільёнаў лукашэнкаўкіх душаў, а цэлых 45 мільёнаў 600 тысяч грамадзянаў Расеі. А вось каб выбары былі цяпер, сьцьвярджаюць крамлёўскія сацыёлягі, Пуцін абставіў бы нават Лукашэнку: анэксія Крыму, збройная кампанія на Данбасе, пошук «ісконна рускіх земляў» у Сырыі падаграюць шавіністычныя настроі ў расейскім грамадзтве, даганяючы пуцінскі рэйтынг ледзь не да 90%.
Астатнія партнэры па Эўразійскім эканамічным саюзе дэманструюць больш сьціплыя апэтыты. Пасьля ўцёкаў у Беларусь зрынутага экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева кіргіская ўладная вярхушка стараецца асабліва не «зарывацца» і праводзіць выбары з намёкам на лібэральнасьць. Тым ня меней прыналежнасьць да пэўнага клану і цяпер мае вырашальнае значэньне, пра што сьведчаць вынікі апошняга галасаваньня на выбарах прэзыдэнта: пры яўцы 61,28% за дзейнага кіраўніка краіны Алмазбека Атамбаева прагаласавалі 63%, бліжэйшы канкурэнт набраў 14%. Але 63% — ужо не 80–90%, як у іншых вэтэранаў пры ўладзе.
На гэтым тле «разгулам дэмакратыі» можа пахваліцца хіба што Армэнія, якую яшчэ нядаўна скаланалі народныя пратэсты. У 2013 годзе Серж Саргсян быў абраны на другі тэрмін, сабраўшы 58,64% галасоў пры яўцы 60%. Ягоны асноўны супернік, былы міністар замежных спраў Рафі Аванісян, па беларускіх мерках проста дыхаў канкурэнту ў патыліцу — 36,75%.
Усе без выключэньня прэзыдэнты краінаў, што ўваходзяць у склад Эўразійскага эканамічнага саюзу, — пэнсіянэры зь меншым ці большым стажам. І хоць у тым жа Казахстане існуе норма, якая забараняе займаць дзяржаўныя пасады пасьля 65 гадоў, на прэзыдэнцкі статус гэта не пашыраецца.
Традыцыйнай аднадушнасьцю адзначаюцца іншыя кіраўнікі, якія ня маюць асаблівага імпэту да постсавецкай інтэграцыі, але выконваюць дзяжурныя функцыі ў складзе СНД. Безумоўны чэмпіён тут — Туркмэністан, дзе аўтарытарны падмурак пачаў закладаць яшчэ «сонцападобны» Сапармурад Ніязаў. Пасьля сьмерці Туркмэнбашы эстафэту богаабранасьці падхапіў Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, які ў 2012 годзе набраў 97,14% галасоў, ласкава дазволіўшы бліжэйшаму суперніку пераадолець плянку ў 1%. Яўка склала амаль 97%. Зрэшты, пабіць рэкорды Ніязава наўрад ці ўдасца і яму: на пачатку 1990-х Туркмэнбашы набіраў 99,5% пры яўцы 99,8%.
Да электаральнага максымуму імкнецца прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Два гады таму ён атрымаў 84,23% галасоў пры яўцы крыху меней за 90% і чацьвёрты раз запар пераабраны кіраўніком краіны — на наступныя 7 гадоў.
Падобныя вышыні скарае і кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў, які заняў вакантнае месца па сьмерці бацькі — Гейдара Аліева. У кастрычніку 2013-га Аліеў-малодшы набраў 84,54% галасоў пры яўцы 72,31%. Бліжэйшы канкурэнт задаволіўся 5,53%.