Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камітэту салдацкіх маці» не дазволілі звацца камітэтам. У законе такой забароны няма


Натальля Басалыга-Гарачка (у цэнтры), архіўнае фота
Натальля Басалыга-Гарачка (у цэнтры), архіўнае фота

Праваабаронца Натальля Басалыга-Гарачка расказала «Народнай волі», што ў Менгарвыканкаме ў яе не прынялі дакумэнты на рэгістрацыю «Камітэту салдацкіх маці». Яна зьбіраецца зноў падаць дакумэнты і зарэгістраваць грамадзкую арганізацыю як «Аб’яднаньне маці вайскоўцаў „Наша права“».

Як расказвае Натальля Басалыга-Гарачка, ва ўпраўленьні рэгістрацыі і ліцэнзіяваньня Менгарвыканкаму «высьветлілася, што на сёньняшні дзень пры рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі ў яе назьве нельга выкарыстоўваць слова „камітэт“ — гэта забаронена законам».

Закон «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях» сапраўды ў 12-м артыкуле забараняе выкарыстоўваць некаторыя словы ў назвах грамадзкіх аб’яднаньняў, але слова «камітэт» у сьпісе няма. Нельга даваць аб’яднаньням назвы са словамі «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «беларускі», «нацыянальны», «народны» і «акадэмія», калі іншае ня вызначана прэзыдэнтам.

Тым ня меней праваабаронца плянуе зарэгістраваць арганізацыю пад іншай назвай: Сацыяльная праваабарончая рэабілітацыйная ўстанова «Аб’яднаньне маці вайскоўцаў: „Наша права“».

Ці справа ня ў слове «камітэт»?

Басалыга-Гарачка выказвае спадзяваньні, што прыдзіркі да назвы — «чыста тэхнічныя моманты», але дадае:

«Наколькі я магу меркаваць пасьля дыялёгу з чыноўнікамі ў Менгарвыканкаме, там настроены так: для іх важна, каб у назьве не было спалучэньня „салдацкія маці“. Чаму — гэта ўжо іншае пытаньне».

Праваабаронца анансавала стварэньне арганізацыі як альтэрнатывы існаму цяпер аб’яднаньню «Маці салдатаў», якое яна называе «ручным падразьдзяленьнем Міністэрства абароны», прадстаўніцы якога пішуць у справаздачах, што «ў беларускім войску ўсё добра». Яна адзначае, што справа аб сьмерці Аляксандра Коржыча чарговы раз паказала, што ў войску ня ўсё ў парадку.

Басалыга-Гарачка сказала, што была 1 лістапада ў Генштабе Мінабароны, выклала і абгрунтавала ідэю пра альтэрнатыўны Камітэт салдацкіх маці — «паставіла вайскоўцаў перад фактам», што той будзе створаны. У Мінабароны, сьцьвярджае яна, «сустрэла разуменьне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG