Сёньня суд у Менску пакараў 7 гадамі зьняволеньня беларускага асьветніка і работніка Ашмянскай мытні Алеся Юркойця. Тыя, хто чуў пра Алеся ўпершыню, пытаюцца, а чым ён такі вядомы?
Стварыў таварыства «Вільняр»
На Астравеччыне гэта была адзіная нефармальная краязнаўчая суполка, якая вывучала і пашырала веды пра свой родны край. Назву можна чытаць як «жыхар гістарычнай Віленшчыны», а можна як спалучэньне скаротаў дзьвюх назваў адной ракі — Віліі па-беларуску і Нярыс па-літоўску.
Адшукаў 20-ы пункт Дугі Струвэ
Геадэзічная Дуга Струвэ пачынаецца каля нарвэскага мыса Норд-Кап і сканчаецца каля вёскі Старая Някрасаўка недалёка ад Дунаю. Яна праходзіць па тэрыторыі дзесяці краінаў, у тым ліку Беларусі. 34 з 258 трыангуляцыйных пунктаў, месцазнаходжаньне якіх вядомае, уключаныя ў Сьпіс абʼектаў усясьветнае спадчыны. На тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзіцца 31 пункт. У 2001 годзе Дзяржкамітэт зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі даручыў РУП «Белаэракасмагеадэзія» адшукаць і дасьледаваць пункты Дугі Струвэ на тэрыторыі Беларусі. Усяго такіх пунктаў знайшлі 19. Варнянскі краязнаўца Алесь Юркойць знайшоў дваццаты — самы паўночны ў краіне.
Правёў пленэр скульптараў
Аднойчы ўлетку Алесь Юркойць сабраў у Астраўцы скульптараў зь Беларусі і замежжа, і яны на месцы заставілі горад арыгінальнымі кампазыцыямі, стварыўшы яшчэ адзін вобраз Астраўца.
Арганізаваў правоз празь мяжу каменя Васіля Быкава
Валун, які быў падораны мэрыяй Хэльсынкі як надмагільны помнік беларускаму пісьменьніку, даехаў зь Фінляндыі ў Вільню без праблем. Не праблемай было адшукаць грузавік, які даставіў бы камень на Ўсходнія могілкі ў Менску да першай гадавіны сьмерці Быкава. Праблемы ўзьніклі на мяжы. Камень вагою 3,5 тоны быў ацэнены мытняй па 5 эўра за кіляграм. А паколькі дзяржава ў гэтай справе ўдзелу ня брала, давялося зьвяртацца па спрыяньне да Алеся. У выніку ягонага шматхадовага пляну помнік своечасова стаяў на магіле пісьменьніка.
Паставіў помнік паўстанцам
Помнік пастаўлены ў вёсцы Слабодка да юбілею паўстаньня Каліноўскага.
Касінерскі фэст
Арганізаваны Юркойцем усебеларускі фэст у гонар паўстанцаў Каліноўскага стаў апошняй кропляй, якая перапоўніла цярпеньне мясцовага беларусафоба, начальніка КДБ, і ён уласнаручна арыштаваў Алеся.
Стаў бацькам трох маленькіх дачок
Галоўнае для іх цяпер — каб бацька хутчэй вярнуўся з турмы, а для яго — каб дочкі ведалі, што іх бацька сумленны чалавек.
Алесь Юркойць (нар. 23 жніўня 1971 году) — вядомы ў Беларусі краязнавец і асьветнік, папулярызатар беларускай культуры і мовы.
Жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёну. Каля 20 гадоў працаваў інспэктарам на Ашмянскай мытні.
Усталёўваў памятныя камяні і шыльды беларускім паэтам (Казімеру Сваяку ў Вільні, Янку Быліну ў Клюшчанах), адкрыў музэй братоў Стаповічаў у вёсцы Барані, арганізаваў міжнародныя пленэры жывапісцаў (2007) і скульптараў (2008), паэтычны слэм (2013), правёў мноства лекцыяў, прэзэнтацый кніг, вандровак і экскурсіяў.