Звычайна такія дакумэнты — у гэтым выпадку патэнцыйны 18-ы пакет абмежавальных захадаў ад моманту поўнамаштабнага ўварваньня Крамля ва Ўкраіну, якое пачалося больш за тры гады таму, — падаюць толькі празь некалькі дзён пасьля брыфінгаў, ці «споведзяў», як іх называюць у Брусэлі, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
У дакумэнтах падрабязна апісваецца, што камісія мяркуе наконт выбару аб’ектаў санкцыяў. У сваю чаргу, сябры ЭЗ пазначаюць чырвонымі лініямі тое, з чым яны гатовыя пагадзіцца, бо ўсе санкцыі патрабуюць аднагалоснасьці. Дык у чым жа затрымка? У дзьвюх рэчах.
Па-першае, некаторыя дзяржавы ЭЗ, у тым ліку найбуйнейшыя, такія як Нямеччына і Францыя, хацелі б пачакаць і паглядзець, як будуць праходзіць мірныя перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай 2 чэрвеня ў Стамбуле. Некалькі службоўцаў ЭЗ на ўмовах ананімнасьці заявілі Радыё Свабода, што ня вераць у сур’ёзнасьць намераў Масквы дасягнуць прагрэсу ў перамовах з Кіевам і хочуць пачакаць і паглядзець на вынікі.
Акрамя згоды на абмен тысячамі забітых і цяжка параненых вайскоўцаў, абодва бакі не дасягнулі прагрэсу ў спыненьні самага працяглага і сьмяротнага канфлікту ў Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны.
А яшчэ ёсьць Злучаныя Штаты. Пакуль што прэзыдэнт Дональд Трамп устрымліваецца ад санкцыяў супраць Масквы, нягледзячы на тое, што пагражаў іх увесьці з розных нагодаў. Прычыну называе тую ж, што і эўрапейцы: ён хоча даць перамовам паміж Расеяй і Ўкраінай усе магчымыя шанцы на посьпех. І Брусэль адчайна хоча, каб Вашынгтон падтрымаў любыя новыя санкцыі.
Эўрапейскія дыпляматы кажуць, што яны адчулі палёгку ад таго, што ЗША, прынамсі пакуль што, не прынялі «пасьпешлівую, дрэнную мірную ўгоду», або што амэрыканцы проста не адышлі ад падтрымкі ў вырашэньні гэтага пытаньня, нягледзячы на такія свае пагрозы. І хоць яны прызнаюць, што санкцыі больш не сынхранізуюцца, як гэта было падчас адміністрацыі Байдэна, яны ўсё яшчэ імкнуцца каардынаваць кожны наступны пакет санкцыяў, каб максымальна павялічыць іх уплыў і пасыл.
Санкцыі Вашынгтону могуць таксама дапамагчы ўгаварыць некаторыя краіны ЭЗ, такія як Вугоршчына, якою кіруе хаўрусьнік Трампа Віктар Орбан, далучыцца да новай чарады захадаў, нягледзячы на выказаную занепакоенасьць іх эфэктыўнасьцю.
Што ж будзе ў 18-м пакеце?
Дыпляматы ЭЗ, знаёмыя з дакумэнтам, адзначаюць, што адзін канкрэтны пункт патрабуе згоды ЗША: зьніжэньне ліміту цаны на расейскую нафту ў рамках G7 да 45 даляраў. Ліміт апошнім часам быў на ўзроўні 60 даляраў, нягледзячы на тое, што цэны на нафту трымаліся ніжэй за гэты ўзровень. Ідэя ў тым, што лідэры афіцыйна пагодзяцца зьнізіць ліміт цэнаў як мінімум да 50 даляраў, калі сустрэнуцца на саміце G7 у Канадзе 15–17 чэрвеня.
Міністры фінансаў групы G7 не змаглі дасягнуць пагадненьня ў траўні, бо Вашынгтон супраціўляўся гэтаму кроку. Але некаторыя службоўцы ЭЗ заявілі Радыё Свабода, што, на іхную думку, у гэтым пытаньні неўзабаве могуць быць зрухі.
Падобна як і 17-ы пакет ЭЗ, прыняты 20 траўня, новыя меры ўключаюць істотнае папаўненьне асабовага чорнага сьпісу і барацьбу з расейскім ценевым флётам. Што да апошняга, ЭЗ нацэліўся на больш чым 300 вадаплаваў, якія, на думку блёку, Масква выкарыстоўвае для абыходу санкцыяў, у прыватнасьці, для экспарту нафты. Паколькі, як мяркуецца, да флёту належаць яшчэ 600 караблёў, мэта будучых мераў — дадаць іх як мага больш, нават калі эўрапейскія дыпляматы прызнаюць, што знайсьці доказы фінансаваньня караблёў Крамлём складана.
Таксама чакаецца ўвод новых візавых забаронаў і замарожваньне актываў, прычым ЭЗ мае намер дадаць яшчэ 100 фізычных і юрыдычных асобаў у шырокі санкцыйны сьпіс, які перавышае 2400 пазыцыяў.
Эўрапейская камісія таксама можа прапанаваць паўторна ўнесьці ў чорны сьпіс тых, хто раней быў выключаны зь яго. Яшчэ адным крокам можа быць удар па расейскіх дыпляматах, накіраваных у розныя эўрапейскія краіны і падазраваных у шпіянажы на карысьць Масквы.
Прапанова таксама ўключае санкцыі на трубаправоды «Паўночная плынь», што злучаюць Расею зь Нямеччынай. Пакуль што газ празь іх не паступае, але Бэрлін заявіў, што хоча прыняць фармальныя захады, бо ў краіне зноў ідуць размовы аб іх паўторным выкарыстаньні ў разе паляпшэньня адносінаў з Масквой.
Ёсьць таксама ідэя адсячы больш за 20 расейскіх банкаў ад міжнароднай платнай сыстэмы SWIFT, нягледзячы на тое, што большасьць буйных банкаў краіны ўжо адключаныя ад яе. Расейскі фонд простых замежных інвэстыцыяў таксама можа пацярпець, і блёк плянуе ўвесьці гандлёвыя абмежаваньні, якія маглі б перадухіліць экспарт эўрапейскімі кампаніямі розных прамысловых кампанэнтаў, якія Расея можа выкарыстоўваць для сілкаваньня сваёй ваеннай машыны.
Тым часам чальцам ЭЗ давядзецца чакаць, пакуль Эўракамісія аформіць свае прапановы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.