Выбух з выкідам радыяактыўных рэчываў на савецкім хімічным камбінаце «Маяк» ў закрытым горадзе Чэлябінск-40 у 1957 годзе стаў найвялікшай ядзернай тэхнагеннай катастрофай на той час. Горшымі пазьней былі толькі аварыі на АЭС у Чарнобылі і Фукусіме. І праз 60 гадоў жыхары суседніх вёсак змагаюцца з наступствамі аварыі.
Як выжывае вёска каля трэцяй найвялікшай катастрофы зь «мірным атамам» пасьля Чарнобылю і Фукусімы

1
Пасьля выбуху 29 верасьня 1957 году радыяактыўнымі рэчывамі былі заражаныя 23,000 квадратных кілямэтраў, больш за 270 000 чалавек атрымалі значныя дозы радыяцыі.

2
Вёска Караболка за 30 кілямэтраў ад камбінату. Шмат дзесяцігодзьдзяў пасьля аварыі яе не было на мапах, куды яна вярнулася толькі 20 гадоў таму, але жыцьцё там працягвалася.

3
Гульшара Ісмагілава пражыла ў вёсцы ўсё жыцьцё. Яна змагаецца за прызнаньне статусу пацярпелых для вяскоўцаў. Узровень ракавых і генэтычных хваробаў тут нашмат вышэйшы, чым у сярэднім па Расеі.

4
Партрэты сваякоў Ісмагілавай. Яе цётка, маці і брат памерлі ад раку. Сама Ісмагілава хворая на рак пячонкі.

5
У 1957 вёска мела каля 4000 жыхароў. У 2010 іх толькі 423. У вёсцы дзьве часткі: пераважна татарская, адкуль эвакуацыі не было, і пераважна расейская, адкуль эвакуацыя была. Некаторыя мясцовыя жыхары кажуць, што на іх ставілі экспэрымэнт што да ўплываў радыяцыі на чалавека.

6
У вёсцы восем могілак. На сямі зь іх пахаваныя тыя, хто памёр ад раку. Дзеці часта нараджаюцца з ракавымі хваробамі і паміраюць, не дажыўшы да паўналецьця.

7
Тут пахаваныя толькі мусульмане. Некаторыя сваякі адмаўляюцца, каб памерлым рабілі ўскрыцьце. Такім чынам некаторыя сьмерці ад раку могуць застацца няўлічанымі.

8
Труны напагатове.

9
Улады папярэджвалі не ўжываць дроваў для ацяпленьня, але шмат хто ня мае альтэрнатывы.

10
Спачатку ўлады забаранялі піць ваду з калодзежаў, але пазьней абвясьцілі, што ўсё ў парадку.

11
У дакладзе міжнароднай арганізацыі Greenpeace 10 гадоў таму гаварылася, што месца аварыі застаецца «адным з найбольш радыяактыўных на Зямлі» і што людзі ў суседніх вёсках па-ранейшаму жывуць на заражанай тэрыторыі.