«Насамрэч усясьветнага крызісу няма», — такую заяву зрабіў памочнік прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды ў інтэрвію праграме «Пункт гледжаньня» на канале «Беларусь-1».
«І калі мы падыдзем аб’ектыўна і цьвяроза да гэтай сытуацыі, то ў нас ВУП запаволіўся і ў мінулым годзе ўпаў на 3,9%, ён упаў і па выніках першага месяца. Адначасова сьвет расьце — больш за 3%. Растуць краіны, якія разьвіваюцца, расьце высокімі тэмпамі Кітай, каля 7%. Яшчэ вышэй расьце Індыя. І практычна мы назіраем лякальныя праблемы, якія ўзьніклі ў нашым рэгіёне», — адзначыў эканаміст.
Паводле яго слоў, у Расеі цяжкасьці ўзьніклі яшчэ да падзеньня цэнаў на нафту і санкцый Захаду. «Яшчэ ў 2013 годзе ВУП у Расеі запаволіўся, і быў адток капіталу больш за 100 мільярдаў даляраў», — адзначыў Руды.
Ён нагадаў, што падзеньне цэнаў на нафту паўплывала на курс расейскага рубля. «Але калі мы параўнаем зь іншымі краінамі, якія нават больш залежныя ад нафты, чым Расія, — Ангола, Іран, Ірак, Кувэйт, — то за апошні год іх валюты ўпалі менш, чым расейская. Значыць, справа ня толькі ў нафце», — лічыць памочнік Лукашэнкі.
Прапанову вярнуцца да мабілізацыйнай эканомікі 1990-х гадоў Руды ўспрыняў скептычна:
«Зараз не 90-я, сьвет стаў больш складаны... Проста вось мабілізавацца, лепш працаваць — гэтага мала. Важная кампэтэнцыя, важныя прафэсіяналы, важная адукацыя, важныя людзі, якія ведаюць усясьветны досьвед».
«Цяжка выконваць даручэньні, калі не хапае грошай, таму трэба мяняць сыстэму кіраваньня, для таго каб зьнізу, з узроўню прадпрыемстваў ішла ініцыятыва, — перакананы эканаміст. — Адпаведна ім трэба больш паўнамоцтваў, што прадугледжвае адказнасьць за рашэньні, якія прымаюцца».
Можна адзначыць, што словы Рудага фактычна супярэчаць заявам вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы — напрыклад, Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра ўсясьветны крызіс як прычыну беларускіх праблемаў, пра непатрэбнасьць радыкальных рэформаў і неабходнасьць захаваць цяперашнюю сыстэму кіраваньня.