Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубіё на сустрэчы NATO ў Швэцыі чакаюць пытаньні пра скарачэньне войскаў ЗША ў Эўропе

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё

Сустрэча адбываецца ў момант глыбокай трывогі: эўрапейцы хочуць яснасьці, наколькі ЗША плянуюць скараціць сваю вайсковую прысутнасьць іх на кантынэнце.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё 21 траўня накіроўваецца ў Швэцыю на сустрэчу міністраў замежных справаў краін NATO.

Тым часам эўрапейскія хаўрусьнікі ЗША імкнуцца атрымаць адказы ў сувязі з заяўленым скарачэньнем колькасьці амэрыканскіх войскаў і зьменлівай рыторыкай Вашынгтону наконт альянсу, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Рубіё прыме ўдзел у сустрэчы ў Гэльсынгборгу 22 траўня, адной з апошніх сустрэч міністраў высокага ўзроўню перад самітам альянсу ў Анкары ў ліпені. Паводле Дзяржаўнага дэпартамэнту, чакаецца, што галоўны дыплямат ЗША будзе настойваць на тым, каб хаўрусьнікі павялічылі выдаткі на абарону і «больш разьмеркавалі яе цяжар», а таксама засяродзіліся на бясьпецы ў Арктыцы.

Але сустрэча адбываецца ў момант глыбокай трывогі. Эўрапейскія службоўцы імкнуцца праясьніць, у якой ступені Вашынгтон плянуе скараціць сваю вайсковую прысутнасьць на эўрапейскім кантынэнце пасьля сэрыі рэзкіх крокаў Пэнтагону, якія ўзрушылі альянс.

Няпэўнасьць вынікае зь нядаўніх заяваў аб тым, што Вашынгтон можа аслабіць свае гарантыі ў такі небясьпечны для Эўропы момант, што выклікала асьцярогі па ўсёй Эўропе,

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб плянах вываду 5000 вайскоўцаў зь Нямеччыны. Пазьней Пэнтагон пацьвердзіў, што скасоўвае заплянаванае ратацыйнае разгортваньне каля 4000 вайскоўцаў ЗША ў Польшчы і адкладвае пляны разгортваньня батальёну крылатых ракет «Тамагаўк» наземнага базаваньня ў Нямеччыне.

Высокапастаўлены эўрапейскі дыплямат, які размаўляў з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, папярэдзіў, што асноўная сіла альянсу падрываецца адсутнасьцю камунікацыі.

«Самае горшае, што кантынэнт, здаецца, трымаюць у няведаньні маштабаў гэтага скарачэньня», — сказаў дыплямат, адзначыўшы, што такія дзяржавы, як краіны Балтыі, што стаяць на першай лініі абароны, зь цяжкасьцю могуць укладаць свае пляны.

Дыплямат дадаў, што паведамленьні аб плянах ЗША скараціць унёсак у мадэль NATO, згодна зь якою чальцы загадзя вылучаюць сілы для буйных крызісаў, «значна пагоршаць» пачатковыя лініі абароны Эўропы.

Але чыноўнікі адміністрацыі ЗША настойваюуць на тым, што гэтыя крокі — часовая карэкцыя, а не стратэгічнае адступленьне. Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс нядаўна заявіў, што адміністрацыя па-ранейшаму засяроджаная на «эўрапейскай незалежнасьці і сувэрэнітэце», а прэс-сакратар Пэнтагону Шон Парнэл ахарактарызаваў рашэньне аб Польшчы як «стандартную затрымку ратацыі».

Для многіх эўрапейскіх службоўцаў прыезд Рубіё азначае нейкую ступень пэўнасьці. У Брусэлі і ўсходнеэўрапейскіх сталіцах найвышэйшага амэрыканскага дыплямата ўспрымаюць як трансатлянтычную фігуру, больш стабільную і традыцыйную за некаторых іншых у адміністрацыі Трампа.


Украінскія бесьпілётнікі і апэратары на вайсковых вучэньнях NATO «Аўрора 26» на востраве Готлянд, Швэцыя, 11 траўня 2026 году
Украінскія бесьпілётнікі і апэратары на вайсковых вучэньнях NATO «Аўрора 26» на востраве Готлянд, Швэцыя, 11 траўня 2026 году

Кангрэсмэн Дон Бэйкан, рэспубліканец з Нэбраскі, заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што Рубіё адыгрывае ключавую ролю ў стабілізацыі адносінаў. Бэйкан выказаў надзею, што Рубіё пацьердзіць абавязаньні Вашынгтону ў калектыўнай абароне, адначасова заклікаўшы эўрапейскіх хаўрусьнікаў павялічыць свае выдаткі на абарону. Бэйкан ня раз сьцьвярджаў, што альянсы застаюцца найважнейшым фактарам для інтарэсаў бясьпекі ЗША, і папярэджваў аб небясьпецы ізаляцыянізму пры ўсё большай пагрозе з боку Расеі, Кітаю і Ірану.

Задача Рубіё ў Швэцыі будзе палягаць у тым, каб пераадолець двухбаковы ціск: абараняць палітыку «Амэрыка найперш» перад скептычна настроенымі эўрапейскімі хаўрусьнікамі, але пры гэтым захаваць адзінства ўнутры альянсу, які супрацьстаіць усё больш напорыстай Расеі.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG