Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Галасы ўтопіі» Алексіевіч сабралі ў 5 разоў больш грошай, чым трэба. Што будзе зь лішнімі


За восем дзён да завяршэньня краўдфандынгавай кампаніі на сайце Ulej.by сабралі 541% сумы, неабходнай на перавыданьне «Галасоў утопіі» — пяці кніг ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч на беларускай мове і без цэнзурных правак.

Пры неабходных 40 тысячах рублёў на момант публікацыі праект сабраў больш як 216 тысяч. Збор працягнецца да 20 красавіка. Аўтары праекту атрымаюць усю суму, а ня толькі запатрабаваныя першапачаткова 40 тысяч.

Ужо цяпер праект пабіў беларускі рэкорд краўдфандынгу: раней найбольшай сабранай сумай было 83 577 даляраў — на Kickstarter для беларускай відэагульні «Легенды Айзэнвальда» (яшчэ 12 782 даляраў сабралі на працяг «Айзэнвальда» — відэагульню «Кроў лістапада»). Цяпер, па курсе на 12 красавіка, на «Галасы ўтопіі» сабрана больш як 104,6 тысячы даляраў.

З сабраных цяпер 216 тысяч рублёў большую частку — 150 тысяч — далі Белгазпрамбанк і цэнтар «Новая Культурная Ініцыятыва». Яшчэ па 6,14 тысячы рублёў далі крамы Symbal.by і Biblio.by, яны замовілі па 100 камплектаў. Яшчэ 8,85 тысячы і 11,12 тысячы далі «Акадэмкніга» і ананімны ахвяравальнік, якія замовілі буйнейшыя аптовыя партыі. Нават калі адняць усё гэта, «народных» грошай прыйшло 33,75 тысячы рублёў.

Што будзе з грашыма?

Як кажа Свабодзе Ігар Логвінаў, выдавецтва якога было ініцыятарам выданьня, лёс грошай, сабраных «звыш нормы», ужо вядомы, хоць такая значная сума была нечаканай.

Увесь лішак пойдзе на дадатковы трохтысячны наклад. Першапачаткова плянавалася, што 40 тысяч рублёў пойдуць на выданьне прыблізна 500 замоўленых камплектаў кніг, таксама меркавалі выдаць каля 1500 камплектаў на ўласныя грошы для наступнага продажу. Цяпер жа сумарны наклад павялічаць да 5000 камплектаў.

Ігар Логвінаў, архіўнае фота
Ігар Логвінаў, архіўнае фота

«Наклад ужо вызначаны, будзе пяць тысяч экзэмпляраў, — кажа Логвінаў. — Банк будзе езьдзіць па ўсіх абласных гарадах і дарыць гэтыя кнігі, дадатковыя тры тысячы экзэмпляраў, бібліятэкам Беларусі. Да канца траўня ўсе, хто замовіў кнігі, іх атрымаюць».

«Зачем Алексиевич на мове»

Кнігарня «Логвінаў» два гады працавала над цыклем кніг Сьвятланы Алексіевіч на беларускай мове. Плянуецца выдаць бяз цэнзарскіх правак кнігі «Ў вайны не жаночы твар» (пераклаў Валянцін Акудовіч), «Чарнобыльская малітва» (пераклаў Уладзімер Арлоў), «Апошнія сьведкі» (пераклаў Барыс Пятровіч), «Цынкавыя хлопчыкі» (пераклаў Андрэй Хадановіч) і «Час сэканд-хэнд» (пераклаў Сяргей Дубавец).

За 17 рублёў можна замовіць адну з кніг у цьвёрдым пераплёце (акрамя «Часу сэканд-хэнд», яе за 19 рублёў) з дастаўкай за кошт пакупніка. За 70 рублёў — усе пяць з запрашэньнем на прэзэнтацыю, за 140 рублёў — кнігі ў драўляным кейсе і запрашэньне на прэзэнтацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG