Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч падпісала адкрыты ліст да прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана


38 нобэлеўскіх ляўрэатаў зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана. У лісьце сьцьвярджаецца, што пакуль Турэччына ня вызваліць арыштаваных пісьменьнікаў і ня вернецца да вяршэнства закону, яна ня можа быць чальцом вольнага сьвету.

Падпісанты ліста зьвяртаюць увагу Эрдагана на шкоду, якая робіцца для Турэцкай Рэспублікі, яе рэпутацыі, годнасьці і дабрабыту яе грамадзян праз тое, што ў краіне незаконна затрымліваюць і неправамерна засуджваюць пісьменьнікаў і інтэлектуалаў.

У лісьце цытуецца мэмарандум аб свабодзе слова ў Турэччыне, падрыхтаваны летась камісарам у пытаньнях правоў чалавека Рады Эўропы Нільсам Муйжніексам. У тым дакумэнце сьцьвярджалася, inj прастора для дэмакратычных дэбатаў у Турэччыне пагрозьліва скарацілася.

Гэта адбылося пасьля ўзмацненьня судовага перасьледу шырокіх пластоў грамадзтва, у тым ліку журналістаў, чальцоў парлямэнту, навукоўцаў і шараговых грамадзян, а таксама дзеяньняў ураду, якія зьменшылі плюралізм і прывялі да самацэнзуры.

Аўтары ліста зьвяртаюць асаблівую ўвагу на лёс затрыманых у верасьні 2016 году раманіста, аўтара бэстсэлераў Ахмэта Алтана, яго брата, прафэсара эканомікі і эсэіста Мэхмэта Алтана і вядомай журналісткі Назлы Ылыджак. Іх затрымалі падчас хвалі арыштаў пасьля няўдалага ліпеньскага (2016 г.) перавароту.

У лісьце пераказваецца гісторыя судовага перасьледу згаданых інтэлектуалаў і абароны іх міжнароднай супольнасьцю. Іхную справу нават разглядаў Канстытуцыйны суд Турэччыны, які прызнаў, што іх правы былі парушаныя і што яны павінны быць вызваленыя. Тым ня менш суд ніжэйшай інстанцыі адмовіўся выконваць рашэньне.

З 16 лютага 2018 году браты Алтан і Ылыджак былі асуджаныя да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі пры абцяжлівых абставінах, што выключае пэрспэктыву амністыі.

Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што асуджэньне журналістаў да пажыцьцёвага тэрміну ў турме за выкананьне сваёй працы без істотных доказаў іх датычнасьці да спробы дзяржаўнага перавароту і без справядлівага судовага разбору крытычна пагражае журналістыцы, рэшткамі свабоды выказваньняў і свабоды СМІ ў Турэччыне.

Аўтары таксама нагадваюць, што ў абарону асуджаных ужо выказваліся Amnesty International, Міжнародны ПЭН, Камітэт абароны журналістаў і „Рэпартэры бязь межаў“.

Заканчваецца ліст так:

«У гэтых умовах мы выказваем заклапочанасьць ад імя многіх унутры самой Турэччыны, яе саюзьнікаў і розных арганізацыяў, чальцом якіх яна ёсьць. Мы заклікаем да скасаваньня надзвычайнага становішча, хуткага вяртаньня да вяршэнства закону і за поўную свабоду слова і выказваньня. Такі крок прывядзе да хуткага апраўданьня па скарзе спадарыні Ылыджак і братоў Алтан і да неадкладнага вызваленьня іншых незаконна затрыманых. А яшчэ лепш было б зрабіць Турэччыну зноў паважаным чальцом вольнага сьвету».

Ліст падпісалі, сярод іншых, Сьвятлана Алексіевіч, Кадзуо Ісігуро, Гэрта Мюлер, Эльфрыдэ Елінэк і іншыя.

Поўны тэкст ліста і поўны сьпіс падпісантаў глядзіце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG