Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму адбыўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэфэрэндум


Belarus - Lukashenka's Presidency in Pictures, 1995. Picture 3, referendum, coat of arms, flag, symbols
Belarus - Lukashenka's Presidency in Pictures, 1995. Picture 3, referendum, coat of arms, flag, symbols

У выніку рэфэрэндуму 1995 году беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а беларусы пазбавіліся сваіх гістарычных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».

Рэфэрэндум 1995-га быў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам. На народнае галасаваньне было вынесена чатыры пытаньні, якія тычыліся дзяржаўнай сымболікі, мовы, інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй і права прэзыдэнта краіны распускаць Вярхоўны Савет. Па ўсіх пытаньнях большасьць выбарцаў падтрымала пазыцыю прэзыдэнта.

Згодна з дадзенымі Цэнтравыбаркаму, у галасаваньні ўзялі ўдзел 64,8% выбарцаў. Пытаньні былі такія:

— Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай? «За» прагаласавала 83,3%.

— Ці падтрымліваеце вы прапанову аб усталяваньні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? «За» — 75,1%.

— Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй? «За» — 83,3%.

— Ці згодныя вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага альбо грубага парушэньня Канстытуцыі? «За» — 77,7%.

Як адзначыў палітоляг Аляксандар Класкоўскі, «малады тады прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка дамогся тады чарговага трыюмфу, атрымаўшы ўнушальныя лічбы падтрымкі. Але гэты трыюмф абярнуўся жорсткай прывязкай да Расеі, затармазіў разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў, прывёў да ўсталяваньня суворага палітычнага рэжыму».

Мечыслаў Грыб: «Гэта быў сум па Савецкім Саюзе, які распаўся»

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб у той час, увесну 1995 году, быў старшынём Вярхоўнага Савету. Рэфэрэндум якраз быў прымеркаваны да новых выбараў у Вярхоўны Савет, прызначаных на 14 траўня.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб у 20-ю гадавіну рэфэрэндуму пагадзіўся адказаць на пытаньні Радыё Свабода.

— Рэфэрэндум 1995 году адбываўся на тле драматычных падзеяў — зьбіцьця дэпутатаў, расколу ў Вярхоўным Савеце. Ён быў непазьбежны? Ці магчыма было яго прадухіліць?

— Я думаю, што так. Стан дэпутацкага корпусу Вярхоўнага Савету 12 скліканьня на той час быў даволі складаны. Вялікая частка дэпутатаў, у тым ліку і камуністаў, падтрымлівалі прэзыдэнта актыўна і адкрыта. Другая частка падтрымлівала ня так адкрыта, але ўсё адно падтрымлівала. Праект пастановы аб зацьвярджэньні рэфэрэндуму, на мой погляд, у цэлым дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня не падабаўся, але адкрыта супраць яго ня вельмі хацелі выступаць. Многія лічылі, што можна нешта зьмяніць, нешта перайначыць, каб гэтыя пытаньні не былі такімі вострымі. Таму я лічу, што на самой справе зьмяніць нешта ўжо было немагчыма. І рэйтынг у Лукашэнкі быў на той час вельмі высокі.

— Аляксандар Фядута ў сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» піша: «Калі вялікая група дэпутатаў Вярхоўнага Савету (адпаведным чынам падрыхтаваных кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Леанідам Сініцыным) зьвярнулася да прэзыдэнта з прапановай правесьці рэфэрэндум пра новую сымболіку і наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, гэтая „ініцыятыва“ была горача падтрыманая Лукашэнкам». На ваш погляд, усё ж такі чыя гэта была ініцыятыва — правесьці рэфэрэндум?

— Я больш чым перакананы, што ініцыятыва паходзіла ад Адміністрацыі прэзыдэнта, а фактычна — ад самога яго. А дэпутатаў паасобку запрашалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і праводзілі зь імі працу.

— Але ж, пагадзіцеся, гэты рэфэрэндум унёс раскол у беларускае грамадзтва па моўным пытаньні, сымболіцы. І гэты раскол застаецца дагэтуль...

— Так. Гэта быў сум па Савецкім Саюзе, які распаўся. І гэты рэфэрэндум сьведчыў, што мы не адмаўляемся ад савецкай мінуўшчыны, што мы па-ранейшаму з братняй Расеяй, што мы такія, як і былі. І сьцяг, і герб, і сяброўства з Расеяй — усе тры асноўныя пытаньні так ці інакш зьвязаныя пупавінай, што мы не адарваліся ад Савецкага Саюзу, ад сацыялізму.

Лукашэнка паказвае новыя дзяржаўныя сымбалі, 1995 год
Лукашэнка паказвае новыя дзяржаўныя сымбалі, 1995 год

— Мечыслаў Іванавіч, але тады старшынём ЦВК быў Аляксандар Абрамовіч, не было яшчэ Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай, якая вельмі добра ўмее «лічыць» у свой бок. Паводле дадзеных ЦВК, на выбарчыя ўчасткі прыйшло больш за 64% выбарцаў, за асобныя пытаньні галасавала 83%, 75%... Як вы мяркуеце, гэта былі сапраўдныя лічбы? Галасы тады сумленна падлічваліся?

— Думаю, яны былі больш-менш сапраўдныя. Таму што ў той час пытаньні, якія выносіліся на рэфэрэндум, былі на слыху. Грамадзтва сумавала па савецкай уладзе. Таму што пры савецкай уладзе людзям жылося лягчэй, чым у 1995 годзе. Значна лягчэй. А людзі зьвязвалі адно з адным: маўляў, раней было лепш, таму трэба аднаўляць тое, што было, і нам адразу стане жыць лепш. Так што лічбы былі праўдзівыя. Магчыма, дзесьці і быў падман, але не істотны.

— А калі вярнуцца да падзеяў, якія адбываліся за месяц да рэфэрэндуму, але фактычна былі справакаваныя ім — да зьбіцьця дэпутатаў у Доме ўраду? Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка асабіста паабяцаў паказаць касэту зь відэазапісам зьбіцьця, але касэта потым зьнікла. Тым ня менш некаторыя з высокіх асобаў яе бачылі. Вы ж былі тады старшынём парлямэнту, то бок у першай тройцы самых высокапастаўленых асобаў — трэцім пасьля прэзыдэнта і прэм’ер-міністра...

— Выбачайце, але я быў другім пасьля прэзыдэнта. Тады дзейнічала Канстытуцыя 1994 году. Першым быў прэзыдэнт, другой асобай — старшыня Вярхоўнага Савету, а трэцяй — старшыня ўраду Міхаіл Чыгір. Так што вы мяне панізілі (сьмяецца).

Аляксандар Лукашэнка на фоне дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцяга
Аляксандар Лукашэнка на фоне дзяржаўнага бел-чырвона-белага сьцяга

— То бок вы былі вышэй за Чыгіра? Але Чыгіру, Сініцыну відэастужку паказалі. А ці бачылі вы гэты відэазапіс?

— Я яго ня бачыў. Калі абралі прэзыдэнтам Лукашэнку, натуральна, у нас засталася Рада Бясьпекі, якую калісьці ўзначальваў я. І паводле свайго статусу, як другая асоба ў дзяржаве, я павінен быў уваходзіць у склад новай Рады Бясьпекі, якая ўжо перайшла да прэзыдэнта. Але магу вам шчыра прызнацца, я ніводнага разу ня быў запрошаны на паседжаньні Рады Бясьпекі. Гэта азначае, што з самага пачатку да мяне было такое стаўленьне недаверу. Ня клічуць ды ня клічуць, што тут зробіш.

— Але пры ўсім пры тым, перад абраньнем у Вярхоўны Савет 12 скліканьня вы займалі высокую пасаду — кіраўніка Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў, вы генэрал-лейтэнант міліцыі. У вас жа былі нейкія сувязі, свае крыніцы ў сілавых структурах. Вось усё ж такі — хто тады кіраваў разгонам дэпутатаў?

— Кіраваў разгонам, натуральна, Міхаіл Цесавец — кіраўнік службы аховы Дома ўраду. Але за ім стаілі іншыя людзі. Я думаю, усё ішло ад Адміністрацыі прэзыдэнта і самой першай асобы. Афіцыйна кіраваў Цесавец, а на самой справе за ім стаялі больш высокія асобы.

— Мечыслаў Іванавіч, нягледзячы на тое, што гісторыя не цярпіць «умоўнага ладу», адкажыце на такое пытаньне. Каб не адбылося гэтага рэфэрэндуму, ці маглі б беларусы цяпер жыць у іншай краіне?

— Ну што тут сказаць... Адбыўся гэты рэфэрэндум ці не, калі засталося тое самае кіраўніцтва, якое было тады і якое ёсьць сёньня, у нас ніякіх зьменаў не было б. Адназначна. То бок неправядзеньне гэтага рэфэрэндуму ні ад чога б нас не ўратавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG