Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё паказвае на тое, што за атручваньнем Скрыпаля стаіць Расея, — дзяржсакратар ЗША Тылерсан


Рэкс Тылерсан, архіўнае фота
Рэкс Тылерсан, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Рэкс Тылерсан заявіў 12 сакавіка, што спроба атручваньня ў Вялікай Брытаніі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі гэта «абуральная акцыя», і «ўсё відавочна паказвае на тое, што за ёй стаіць Расея».

«ЗША скаардынавалі пазыцыю з нашымі саюзьнікамі ў Злучаным Каралеўстве, у тым ліку ў час тэлефоннай размовы дзяржсакратара Тылерсана і міністра замежных справаў Джонсана, — гаварыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША. — Мы цалкам давяраем высновам, зробленым па выніках брытанскага расьсьледаваньня, і іхнай ацэнцы сытуацыі, згодна зь якой Расея, імаверна, адказная за атаку з ужываньнем нэрвова-паралітычнага рэчыва ў Солсбэры на мінулым тыдні».

Паводле заявы Рэкса Тылерсана, Расея «застаецца безадказнай сілай, што выклікае нестабільнасьць у сьвеце і адкрыта зьневажае сувэрэнітэт іншых дзяржаваў і жыцьцё іхных грамадзянаў», і адбываецца гэта «ад Украіны да Сырыі, а цяпер і ў Злучаным Каралеўстве».

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

У інтэрвію амэрыканскім журналістам Рэкс Тылерсан выказаў глыбокую занепакоенасьць з нагоды дзеяньняў Расеі ў «мэтах, якія мы цалкам не разумеем». Пазьней ён выступіў з заявай пра абурэньне тым, што Расея, «мяркуючы па ўсім, зноў займаецца такой дзейнасьцю».

Але Тылерсан падкрэсьліваў, што пакуль ЗША не ўскладаюць адказнасьць наўпрост на Крэмль: невядома, ці замах быў учынены са згоды расейскага ўраду. Тылерсан казаў, яму цяжка ўявіць, каб дзяржава была датычная да такой дзейнасьці. Але, дадаў ён, доступ да прэпарату, якім атруцілі Скрыпаля і ягоную дачку, мела вельмі абмежаваная колькасьць групаў людзей.

Расея лічыць, што рэакцыя Брытаніі — «цыркавое шоў»

Тэрэза Мэй
Тэрэза Мэй

Раней прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй у прамове да парлямэнту заявіла: «вельмі верагодна», што за замахам на Скрыпаля і ягоную дачку стаіць Расея. Яна падкрэсьліла, што расейскія ўлады альбо арганізавалі атручваньне, альбо дапусьцілі, каб «патэнцыйна катастрафічна магутнае» нэрвова-паралітычнае рэчыва, распрацаванае на вайсковых прадпрыемствах Расеі, трапіла ў рукі злачынцаў. Мэй дадала, што Каралеўства «больш ня можа весьці справы з Расеяй як звычайна».

Марыя Захарава
Марыя Захарава

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава адрэагавала на заяву Мэй: яна назвала тое, што адбывалася ў брытанскім парлямэнце, «цыркавым шоў» і прыйшла да высновы, што ідзе «чарговая інфармацыйна-палітычная кампанія, заснаваная на правакацыі».

Крамлёўскія атруты: брытанскія журналісты кажуць пра падабенства паміж справамі Скрыпаля і Літвіненкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG