Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньні ёсьць, адказаў — няма


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Кіраўнік Беларусі любіць жанр прэсавых канфэрэнцыяў. Бачна, зь якой асалодаю ён сустракаецца кожны год з расейскімі журналістамі. Палітыка-папуліста хлебам не кармі — дай апынуцца ў цэнтры ўвагі шматлікіх мэдыяў. Аляксандар Рыгоравіч упэўнены ў сваёй абаяльнасьці, таленце карыстацца размоўным жанрам, здольнасьці «зрэзаць» любога апанэнта, які задае, здавалася б, нязручнае пытаньне. Бо ў такой сытуацыі перавага заўсёды на баку таго, хто адказвае. Ёсьць шмат спосабаў адхрысьціцца ад непрыемнага пытаньня. Можна пажартаваць, перайсьці на зусім іншую тэму. Або пераключыцца на асобу журналіста — сказаць, напрыклад: а колькі вам заплацілі вашы гаспадары за такую правакацыю? Лукашэнка — вялікі майстар такіх прыёмаў.

Напярэдадні вялікай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі розныя мэдыі жыва абмяркоўваюць, якія пытаньні варта было б задаць, ладзяць апытанкі на вуліцах, зьбіраць прапановы ў інтэрнэце. У прынцыпе, набор пытаньняў, якія сёньня моцна хвалююць грамадзкасьць, невялікі. Вось партал tut.by зьвёў іх да 10. Гэта ўкраінскі крызіс, дачыненьні з Расеяй і актуальныя сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія востра стаяць на парадку дня нашага штодзённага жыцьця.

У прынцыпе, і набор Лукашэнкавых адказаў на іх — таксама не вялікі сакрэт. 20 гадоў — гэта занадта доўгі тэрмін, каб палітызаваная публіка не магла вывучыць стандартны арсэнал папулісцкага майстэрства беларускага лідэра. Ня надта рызыкуючы памыліцца, можна загадзя прадказаць кароткі зьмест ягоных адказаў на ўсе вострыя і складаныя пытаньні.

У прынцыпе, электарат Лукашэнкі прамовы лідэра задавальняюць. Бо гэтыя людзі больш арыентаваныя ня столькі на зьмест, колькі на сам працэс, на рыторыку.

Але як толькі здараецца сур’ёзны эканамічны крызіс, то адбываецца збой у добра адпрацаванай за 20 гадоў сыстэме камунікацыі прэзыдэнта з насельніцтвам. Бо разрыў паміж рыторыкай і рэальнасьцю робіцца заўважны нават для далёкага ад палітыкі абывацеля. У такія цяжкія моманты, як цяпер, Лукашэнка ня здольны на шчырую размову з народам. Бо, па сутнасьці, ён ня мае адказу на галоўныя пытаньні, якія хвалююць людзей. Калі празь пяць гадоў пасьля папярэдніх выбараў сярэдні заробак у далярах ня вырас, а ўпаў, то неяк загаварыць гэты факт цяжка. Не, загаварыць, вядома, можна. Выкручвацца ён умее вельмі спрытна. Але ці павераць?

І самае галоўнае: Лукашэнка ўпершыню за 20 гадоў кіраваньня ня можа нічога натхняльнага паабяцаць. Бо Расея, на якую ў шмат каго зь беларусаў — апошняя надзея, сама паглыбляецца ва ўсё большы эканамічны крызіс і міжнародную ізаляцыю. Таму наперадзе няма ніякіх пэрспэктываў, гарызонт скрозь цёмны, няма сьвятла ў канцы тунэлю.

Лукашэнка імкнецца схавацца ад рэчаіснасьці за частаколам прапагандысцкіх клішэ, штучных ідэалягемаў. Вынаходствам адной зь іх ён, здаецца, ганарыцца. Яна будзе лейтматывам усёй прэзыдэнцкай кампаніі. Гэтая ідэя прайшла апрабацыю і пачынае раскручвацца ўсё шырэй і мацней.

Маю на ўвазе параўнаньне Беларусі з Украінай. Гэтая тэма была галоўная ў навагоднім віншаваньні. Вось і ў аўторак падчас кадравых прызначэньняў ён заявіў: «Нам любымі шляхамі трэба ўтрымаць краіну. У адваротным выпадку мы скоцімся да таго, што адбываецца ў асобных дзяржавах, у тым ліку і ў нашых суседзяў».

То бок, калі нельга прапанаваць нешта натхняльнае для народа, то можна напужаць яго яшчэ больш дрэннай пэрспэктывай. Каб горш не было. Не да жыру.

Вось асноўны лёзунг выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Дажыліся, беларусы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG