Удзел у менскім парадзе пскоўскіх дэсантнікаў можна лічыць дэманстрацыяй саюзьніцкай вернасьці Беларусі перад Расеяй,— заявіў Свабодзе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.
175 байцоў бяз тэхнікі
У вайсковым парадзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці 3 ліпеня, возьме ўдзел парадны разьлік 104-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палку 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Узброеных сіл Расеі.
Пскоўскія дэсантнікі прыбылі ў Менск 23 чэрвеня. Расейскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі сустракалі ўрачыста — з хлебам-сольлю.
Як пазьней стала вядома, усяго ў Менск прыбыло 175 расейскіх дэсантнікаў без ваеннай тэхнікі. Разьмясьцілі іх у пасёлку Сосны пад Менскам на тэрыторыі 2-й інжынэрнай брыгады.
У вольны ад трэніровак час, дэсантнікаў возяць на экскурсіі, аднак у цэлым перасоўваньне па горадзе расейскіх вайскоўцаў абмежавана — у звальненьні іх не адпускаюць. «Мы ж на тэрыторыі іншай дзяржавы», — растлумачылі афіцэры 104-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палку ў эфіры радыё Sputnik Беларусь.
Ордэн Суворава — за Данбас
Расейская 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія (так званыя пскоўскія дэсантнікі) — адно з найстарэйшых дэсантных падразьдзяленьняў Расеі.
Паведамляючы пра ўдзел пскоўскіх дэсантнікаў у менскім парадзе, прэс-служба Мінабароны Беларусі падкрэсьлівае, што 76-я дывізія ўдзельнічала яшчэ ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку апэрацыі «Баграціён». Але пскоўскія дэсантнікі больш вядомы сваім удзелам у падзеях найноўшай гісторыі.
Дывізія брала ўдзел у абедзьвюх чачэнскіх войнах (падчас якіх панесла значныя страты) і ў вайне з Грузіяй у жніўні 2008-га.
Пскоўскія дэсантнікі бралі ўдзел у анэксіі Крыму, а таксама ў вайне на Данбасе. 12 жніўня 2014 году дэсантнікі зайшлі на тэрыторыю Ўкраіны, але ўжо на другі дзень трапілі пад удар украінскіх «Градаў» і панесьлі вялікія страты. Паводле інфармацыі расейскай незалежнай прэсы, тады загінулі больш за 100 дэсантнікаў, яшчэ некалькі соцень былі параненыя. Украінскія вайскоўцы ў сваю чаргу паведамлялі аб тым, што яны захапілі некалькі баявых машын пскоўскіх дэсантнікаў.
Расейскія ўлады адмаўлялі ўдзел сваіх вайскоўцаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе, пахаваньне дэсантнікаў адбывалася таемна. Між тым у жніўні 2014 году Уладзімер Пуцін узнагародзіў 76-ю гвардзейска-дэсантную штурмавую дывізію ордэнам Суворава «за пасьпяховае выкананьне баявых заданьняў».
Пскоўскія дэсантнікі далёка ня першы раз наведваюць беларускую зямлю. Калі казаць толькі пра пэрыяд пасьля ўкраінскіх падзей, то можна ўзгадаць, што ў 2015 годзе яны ўдзельнічалі ў менскім парадзе на 9 траўня. У красавіку 2016-га пскоўскія дэсантнікі знаходзіліся ў Берасьці на агульных вучэньнях зь беларускімі вайскоўцамі.
Трэба сказаць, што акрамя вайскоўцаў 76-й гвардзейскай дывізіі ў гэтым годзе ў парадзе возьме ўдзел і авіяцыя Ваенна-касмічных сіл Расеі — зьвяно расейскіх баявых верталётаў Ка-52, зьвяно бамбавікоў Су-34 і зьвяно зьнішчальнікаў Су-30СМ.
«Гэта такая піяр-акцыя з тым, каб пагасіць рэўнасьць расейцаў»
Беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін у інтэрвію Свабодзе зьвярнуў увагу на тое, што пскоўскія дэсантнікі прымалі ўдзел у парадах у Менску яшчэ і да падзеяў ва Ўкраіне. Падбіралі гэтае падразьдзяленьне знарок так, каб у яе гісторыі былі заслугі па вызваленьні Беларусі ад нямецкіх войскаў у 1944 годзе.
Але ня толькі гэтым тлумачыцца ўдзел расейскіх вайскоўцаў у беларускіх парадах:
«Гэта найбольш танны спосаб дэманстрацыі саюзьніцкай вернасьці: калі на парадзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці Беларусі праходзіць расейская рота, то гэта значыць, што Беларусь — гэта найбольш верны саюзьнік Расеі. Гэта такая піяр-акцыя з тым, каб пагасіць рэўнасьць расейцаў.
І гэта ў прынцыпе патрэбна, калі ўлічваць абсалютна варʼяцкую кампанію ў расейскіх СМІ (хоць і СМІ ня першага разраду). Там цяпер адкрыта ідзе інфармацыйная вайна. Я не зусім разумею яе мэту, але прасочваецца яна відавочна: ніводнае наша дасягненьне не асьвятляецца, а рэальныя ці ўяўныя недахопы ў поўнай ступені знаходзяць сваё адлюстраваньне, і многія расейскія абывацелі проста ўведзены ў зман. Для чаго гэта робіцца? Для таго, каб беларусаў не было шкада, калі дойдзе да чаго-небудзь?.. Таму кіраўніцтва Беларусі спрабуе прыняць нейкія контрамеры — напрыклад, удзел расейскіх вайскоўцаў у нашым парадзе, інфармацыя аб сумесных вучэньнях і г.д.».
Алесін нагадвае, што ў мінулым годзе на менскім парадзе ваенная прысутнасьць расейскім войскаў была яшчэ больш адчувальная: у 2015-м у Менску былі і зэнітна-ракетныя комплекс С-400, і «Іскандэры», і цяжкія бамбавікі.
«Я думаю, што гэтыя рэчы носяць і практычны характар. Адпрацоўваецца заадно перабазіраваньне расейскай авіяцыі на нашы аэрадромы, а ў выпадку з парадам мінулага году — гэта і высоўваньне на нашу тэрыторыю „Іскандэраў“ і ЗРК С-400. Якая розьніца мэханіку ці вадзіцелю, зь якой мэтай яны прыбываюць на тэрыторыю Беларусі? Адпрацоўваюцца маршруты, вывучаецца мясцовасьць», — тлумачыць экспэрт.