Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі счапіўся з чыноўнікам Менгарвыканкаму з-за «незарэгістраванай» сымболікі


Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота
Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

Адзін з заяўнікаў Чарнобыльскага шляху Віталь Рымашэўскі заявіў, што сёньняшняя акцыя ў Менску прайшла вельмі добра.

— Калі ўлічыць, што добрае надвор’е, у людзей адзін выходны і многія зьяжджалі з гораду, удзельнікаў акцыі было досыць многа. Былі часы, калі на Чарнобыльскі шлях зьбіралася меней людзей. Сёньня было каля тысячы чалавек. Нават па зводках міліцыі было каля чатырохсот. А гэта значыць, што трэба памнажаць як мінімум на два.

Акцыя прайшла спакойна. Адзінае, што напрыканцы мне як заяўніку акцыі прадстаўнік Менгарвыканкаму, па сутнасьці, выказаў пагрозу да ўсіх удзельнікаў акцыі наконт незарэгістраванай сымболікі. Гэта тычылася сымболікі беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў і іншай незарэгістраванай сымболікі. Ён сказаў, што Менгарвыканкам папярэджвае, што яна не дазволеная і ўдзельнікі наступных акцыяў могуць мець за гэта наступствы. Я сказаў, што гэтае ягонае патрабаваньне незаконнае. Але чалавек быў неадэкватны. І такая пагроза прадстаўніка Менгарвыканкаму была выказана да ўсіх удзельнікаў шэсьця і будучых акцыяў.

Апроч гэтага, акцыя прайшла мірна. І вельмі добра, што людзі сабраліся. Патэнцыйна Чарнобыльскі шлях павінен зьбіраць мільёны беларусаў. Але ён сёньня гучыць такім маленькім звонам, але ён не заціхае. І дзякуй тым, хто прыходзіць на гэтыя акцыі і падтрымлівае яго. Некалі ён ператворыцца ў набат. Уладам выгадна, каб гэтая акцыя зьнікла, каб пра Чарнобыль забыліся. Але Чарнобыльскі шлях працягвае жыць, і ён прынясе свой плён.

— Як адбілася на акцыі скарачэньне ўладамі часу збору?

— Скарачэньне часу збору — гэта малпіны хітрыкі ўладаў. І сёньня прадстаўнік Менгарвыканкаму меў нахабства пагражаць удзельнікам, якія выкарыстоўвалі незарэгістраваную сымболіку. У той час як правядзеньне масавых акцыяў магчымае толькі пасьля дазволу гэтай нелегітымнай улады, і гэта ўжо парушэньне правоў чалавека і права на свабоду сходаў у Беларусі. Але сёньня пры ўладзе знаходзяцца такія малаадэкватныя людзі.

— Як вы пракамэнтуеце дэмарш актывістаў «Маладога фронту», якія прыйшлі на Чарнобыльскі шлях з плякатам, адрасаваным апазыцыйным структурам: «Вашая гульня скончана»?

— Няхай гэта лепш пракамэнтуюць прадстаўнікі «Маладога фронту». Я такі плякат не заўважыў. Там былі большыя плякаты на тэму чарнобыльскай катастрофы і расейскай ядзернай пагрозы. У нас, прынамсі, хаця б дэмакратычныя сілы павінны ўяўляць сабой нейкую альтэрнатыву. У нас у апазыцыі не дыктатура і кожны мае права свайго голасу. Безумоўна, сваё меркаваньне мае «Малады фронт». Яно можа быць памылковым ці слушным. Гэта іх права. І яны могуць гэта самі камэнтаваць.

— Якія высновы зь сёньняшняй акцыі можна зрабіць на будучыню?

— Высновы толькі станоўчыя. Падчас акцыі беларускія хрысьціянскія дэмакраты прапаноўвалі людзям далучацца да ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам Мікалая Статкевіча. Таксама мы зьбіралі подпісы пад зваротам пра раўнапраўе моў, каб нашы беларускія дзеці маглі выхоўвацца ў дзіцячых садках па-беларуску. Многа людзей падпісаліся, і гэта вельмі практычны вынік. І гэтых людзей сабраць можна толькі падчас мітынгаў і дэманстрацыяў. Любыя размовы наконт немэтазгоднасьці правядзеньня масавых акцыяў — гэта правакацыі і інсынуацыі. Бо крывёй, мужнасьцю і ахвярамі людзі цягам трыццаці гадоў адстойвалі гэтае права — выходзіць на вуліцы і на Чарнобыльскі шлях. Бо мы ведаем, як улада забараняла і зьбівала людзей. І цяпер адмаўляцца ад масавых акцыяў — гэта будзе ганьбай і здрадай папярэдняму пакаленьню, якое змагалася за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне.

Аляксей Янукевіч і Віталь Рымашэўскі каля храма Іконы Божай Маці «Адшуканьне згінулых» — канцавога пункту маршруту шэсьця
Аляксей Янукевіч і Віталь Рымашэўскі каля храма Іконы Божай Маці «Адшуканьне згінулых» — канцавога пункту маршруту шэсьця
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG