На завяршэньне Чарнобыльскага шляху, які праходзіць у Менску, плянуецца прыняць адмысловую рэзалюцыю. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў адзін з арганізатараў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
«Сумна, што на акцыю прыйшло ня так багата людзей як хацелася б бачыць. Такая пасіўнасьць беларусаў у дачыненьні да тэмы, якая тычыцца фізычнага выжываньня ўсёй нацыі, – наступства шматгадовай палітыкі беларускіх уладаў, калі людзі робяцца абыякавымі да свайго жыцьця. І самае горшае, што людзі ня вераць, нават калі і адчуваюць небясьпеку, што яны здольныя нейкім чынам гэтую сытуацыю памяняць і што яны здольныя ўплываць. Менавіта таму і на Чарнобыльскі шлях апошнімі гадамі і сёлета таксама выйшла людзей небагата.
Але калі адыходзіць ад колькасьці людзей, то акцыя праходзіць арганізавана, і мы ўдзячныя ўсім, хто адгукнуўся на заклік арганізатараў. Людзі прынесьлі лёзунгі, якія былі падрыхтаваныя арганізатарамі і адлюстроўваюць тыя выклікі, якія сёньня стаяць перад беларускім грамадзтвам дзеля выжываньня беларусаў».
Паводле Янукевіча, багата супрацоўнікаў міліцыі суправаджаюць акцыю, аднак пакуль інцыдэнтаў ніякіх не было. Раней прадстаўнікі гарадзкой міліцыі заявілі, што арганізатары акцыі павінны заплаціць ім за ахову парадку 13,5 мільёна рублёў.
«Зыходзячы з вопыту папярэдніх акцыяў, затрыманьні ўдзельнікаў могуць адбывацца пасьля шэсьця. Але на гэты момант нейкіх інцыдэнтаў не было».
Аляксей Янукевіч адзначыў, што хацелася б бачыць больш вядомых дэмакратычных палітыкаў сярод удзельнікаў акцыі. Але тое, што яны не прыйшлі, – «гэта мінус».
«Гэтае пытаньне павінна быць да іх саміх. Чарнобыльскі шлях – гэта акцыя палітычная, але ня ўціснутая ў нейкія ідэалягічныя рамкі. І тут прастора для ўдзелу самага шырокага спэктру дэмакратычных палітыкаў. І тое, што яны вырашылі не прыйсьці, гэта ім у мінус і дэманструе сытуацыю ў дэмакратычным асяродзьдзі».