Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паглядзеў БТ — пераключы за сабой». Каля ЦУМа прайшла акцыя ў падтрымку незалежных журналістаў ФОТА


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў вулічную акцыю ў падтрымку незалежных журналістаў і свабоды слова ў Беларусі. Падзея адбылася падчас збору подпісаў, на адным з пікетаў каля крамы «ЦУМ» у цэнтры Менску.

Анатоль Лябедзька разам з паплечнікамі прыйшлі на пікет і сталі ў ланцуг з партыйнымі і бел-чырвона-белымі сьцягамі ў руках, а таксама з плякатамі і расьцяжкамі, на якіх было напісана: «Без свабоды слова няма праўдзівых выбараў», «Патрабуем свабоды слова», «Свабоду журналістам», «Хопіць хлусьні — дастала».

Пасярэдзіне жывога ланцуга быў усталяваны стары тэлевізар з налепкай на экране: «Паглядзеў БТ — пераключы за сабой». Праз гукаўзмацняльнік Анатоль Лябедзька зьвярнуўся да мінакоў, каб патлумачыць, што адбываецца:

«Мы хочам прыцягнуць вашую ўвагу як падаткаплатнікаў — вы плаціце грошы, але не атрымліваеце праўдзівай інфармацыі. Бо Беларускае тэлебачаньне сталася сынонімам слоў „хлусьня“, „падман“ і „паклёп“. Сёньня мы таксама хацелі выказаць сваю салідарнасьць з журналістамі незалежных выданьняў. Так, мы кажам: у Беларусі няма свабоды слова. Але ёсьць тэлеканал „Белсат“, Эўрарадыё, Радыё Свабода, газэта „Народная воля“, „Наша Ніва“. І калі вы хочаце атрымліваць праўдзівую інфармацыю, калі хочаце думаць — чытайце, слухайце і глядзіце гэтыя мэдыі».

Анатоль Лябедзька і ягоныя паплечнікі таксама выказаліся ў падтрымку журналістаў-фрылансераў, якія церпяць перасьлед уладаў праз затрыманьні, суды і штрафы за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў — збор і распаўсюд інфармацыі.

Сябра АГП Ганна Красуліна зачытала сьпіс незалежных журналістаў, якія прайшлі праз суды і спагнаньні, а таксама заклікала мінакоў падпісацца пад зваротам Беларускай асацыяцыі журналістаў у Генэральную пракуратуру краіны з патрабаваньнем спыніць перасьлед.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які прысутнічаў на акцыі, з гэтай нагоды сказаў:

«Пасьля рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у выбарчай кампаніі, мы плянуем зьвярнуцца да іх з просьбай падтрымаць незалежных журналістаў і свабоду слова. Бо пытаньне свабоды слова — адно з асноўных у краіне, і мы вітаем кожны зварот удзельнікаў палітычнага працэсу да гэтай тэмы і вельмі ўдзячныя за гэта».

Ужо традыцыйна за ўдзельнікамі тэматычнага пікету сачылі пераапранутыя міліцыянты.

Зьвярталі ўвагу на пікет і мінакі — тыя грамадзяне, дзеля якіх і праводзяцца акцыі. Людзі спыняліся, чыталі плякаты, некаторыя падпісваліся за кандыдата і пад зваротам, выказвалі свае меркаваньні. Грамадзянка ЗША, але ўраджэнка Беларусі — як назвала сябе маладая спадарыня — выказала незадаволенасьць пікетам і цалкам ўхваліла ўлады Беларусі за аднаўленьне Менску, які «увесь ляжаў у руінах пасьля вайны». Большасць людзей, якія спыняліся, трымаліся іншага меркаваньня.

Карэспандэнтка: «Ці задаволеныя вы свабодай слова і тым, як праходзяць у Беларусі выбары?»

Спадарыня сталага веку: «Свабоды слова ў нас хапае, і кожны можа выказаць усё, што ён хоча, я так лічу. А вось выбары... Ёсьць пытаньні да выбараў. Мне давялося самой з гэтым сутыкнуцца, таму ня так усё адбываецца, як хацелася б...»

Карэспандэнтка: «Пераменаў хацелі б?»

Спадарыня сталага веку: «Так! Хацела б, вельмі патрэбныя».

Юнак: «Я за свабоду слова і за маладых палітыкаў. Я ўвогуле падпісаўся за Тацяну Караткевіч, бо мне імпануе яе праграма. Хоць агулам моладзь даволі абыякава ставіцца да выбараў, бо ня верыць у іх справядлівасьць».

Юнак: «Так, свабода слова — тэма актуальная заўсёды, і ня толькі ў Беларусі. Але тут ёсьць вялікая цэнзура ў дзяржаўных СМІ. Таму неабходна выходзіць з андэграўндных пляцовак, каб быць годнымі, і каб наш голас чулі паўсюль».

На завяршэньне акцыі яе ўдзельнікі кінулі ў сьметніцу тэлевізар з надпісам «БТ».

Ініцыятыўныя групы іншых кандыдатаў на ўдзел у выбарах таксама працягваюць збор подпісаў. Валянцёры з групы Віктара Цярэшчанкі, пікет якіх месьціўся побач зь пікетам Анатоля Лябедзькі, адмовіліся паведаміць, наколькі актыўна падпісваюцца за іх прадстаўніка. Ня маюць дакладнай інфармацыі і валянтэры ад ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, якія стаяць у пікеце каля Чэрвеньскага рынку. Аднак, паводле іх словаў, за дзейнага кіраўніка краіны падпісваюцца вельмі ахвотна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG