Гэтыя фатаграфіі кіраўнікоў дзяржаў былі зробленыя задоўга да таго, як яны прыйшлі ў палітыку. Зможаце пазнаць іх на дзіцячых і юнацкіх здымках, якія сабраў фотакарэспандэнт Свабоды Эймас Чапл?
Калі палітыкі былі маладымі. Ці пазнаеце іх на старых здымках?

1
Гэты вельмі сур'ёзны хлопчык — былы комік і цяперашні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Фота зроблена ў канцы 1970-х ці ў пачатку 1980-х гадоў

2
У савецкім школьніку ў кепцы-"аэрадроме" лёгка пазнаюцца рысы будучага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева (зьлева). Фота зроблена ў 1950-я гады

3
Першы сакратар ЦК КПСС і старшыня Савету міністраў СССР Мікіта Хрушчоў са сваёй першай жонкай Эўфрасіньняй. Фота зроблена ў 1916 годзе. Празь некалькі гадоў Эўфрасіньня памрэ на тыфус, а кар'ера Хрушчова пойдзе ўгару. Пасьля смерці Сталіна ён узначаліў Савецкі Саюз

4
Дзіцячыя здымкі Міхэіла Саакашвілі, былога прэзыдэнта Грузіі і былога кіраўніка Адэскай вобласці Ўкраіны

5
Барыс Ельцын (другі зьлева) адпачывае зь сябрамі. Першы прэзыдэнт Расеі ў дзіцячыя гады быў адораным і вельмі неспакойным дзіцем. Яго актыўнасьць прывяла да таго, што пры выбуху гранаты будучы палітык страціў два пальцы на левай руцэ

6
Будучы канцлер Ангела Мэркель у паходзе ў 1973 годзе, за 16 гадоў да ўзьяднаньня Нямеччыны

7
Прынцэса Лізавета (пазьней каралева Брытаніі Лізавета II), служыць ў дапаможным падраздзяленьні арміі. 1945 год

8
Яшчэ адзін манарх, але ўжо расейскі: Мікалай Аляксандравіч, пазьней Мікалай II, апошні імпэратар Расеі. Фота зроблена падчас паездкі ў Японію ў 1891 годзе. У японскім Оцу на царэвіча быў зроблены замах: узброены шабляй паліцыянт кінуўся да каляскі, у якой рыкшы вёз царэвіча, і пасьпеў нанесьці будучаму цару два ўдары. Некаторыя гісторыкі лічаць, што напад паўплываў на рашэньне Мікалая пачаць вайну супраць Японіі ў 1904 годзе

9
Біньямін Нетаньягу ў 1964 годзе, за тры гады да Шасцідзённай вайны і за 45 гадоў да таго, як ён стаў прэм'ер-міністрам Ізраілю

10
Нікол Пашыньян, цяпер прэм'ер-міністар Армэніі, у 1970-х гадах

11
Маргарэт Робэртс (пазьней прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр) купляе арахіс і садавіну ў Кэнце. 1950 год

12
Фотаздымкі з паліцэйскага дасье, зробленыя ў пачатку 1900-х гадоў. На іх зьняты чалавек, які пазьней стане вядомы як Іосіф Сталін. У гады, калі былі зробленыя здымкі, група рэвалюцыянэраў абрабавала банк у цэнтры Тбілісі, забіўшы каля 40 чалавек

13
Яшчэ адно паліцэйскае дасье, але ўжо са здымкамі Бэніта Мусаліні. У 1903 годзе будучы кіраўнік Італіі адправіўся ў Швэйцарыю, каб не праходзіць вайсковую службу на радзіме. У Швэйцарыі ён ня змог знайсьці сталую працу і быў арыштаваны за падтрымку страйку рабочых

14
Будучы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (крайні злева) зь сям'ёй

15
Першы прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў (справа) робіць мадэль самалёта. У 1940-х гадах маладога Карымава на некалькі гадоў аддалі ў дзіцячы дом

16
Прэзыдэнт Кіргызстану Соранбай Жээнбекаў у маладосьці

17
Адрэтушаваны фотаздымак Леаніда Брэжнева (справа), на якім ён зьняты падчас гульні ў шахматы ў 1935 годзе. Брэжнеў узначальваў Савецкі Саюз з 1964 па 1982 год

18
Цяперашні прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо (у цэнтры) пры труне свайго бацькі П'ера, былога прэм'ер-міністра. 2000 год

19
Будучы прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі вяртаецца ў Нью-Ёрк пасьля летняга адпачынку ў Эўропе (1938 год). Праз тры гады ён пачне службу на флёце, а пасьля яе будзе абраны ў Кангрэс. У 1961 году Кэнэдзі стаў прэзыдэнтам ЗША

20
Сіндза Абэ, цяперашні прэм'ер-міністар Японіі (справа), у свой час вывучаў асновы дзяржаўнай палітыкі ў Паўднёвай Каліфорніі

21
Барак Абама ў падлеткавыя гады са сваім бацькам-кенійцам на Гаваях. 1972 год

22
Нікалае Чаўшэску, будучы дыктатар Румыніі, вітае Чырвоную армію ў Бухарэсьце. 1944 год

23
Алі Хамэнэі (у цэнтры справа), цяпер вярхоўны лідэр Ірану, пратэстуе ў Мэшхэдзе падчас Ісламскай рэвалюцыі. 1979 год

24
Цяперашні прэм'ер Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) кансультуецца з калегам у вугорскім парлямэнце, 1990 год. Малады Орбан быў вядомы як крытык камуністычных уладаў краіны

25
Хасан Рухані, цяперашні прэзыдэнт Ірану, падчас службы ў войску. Пасьля войска Рухані вучыўся ў Глазга (Шатляндыя), дзе напісаў доктарскую дысертацыю на тэму "Гнуткасьць шарыяту" са спасылкай на іранскі вопыт

26
Рычард Ніксан, запасны гулец футбольнай каманды свайго каледжу ў Каліфорніі. 1930-я гады

27
Біл Клінтан з саксафонам ў сваім доме ў Арканзасе. 1958 год