30 ліпеня ў Кіеве пачаўся дэмантаж савецкага гербу з помніка «Радзіма-Маці». Плянуюць да Дня незалежнасьці Ўкраіны замест гербу СССР з зоркай, сярпом і молатам на скульптуры замацаваць украінскі Трызуб. Пра гэта паведамляе Міністэрства культуры Ўкраіны. Рашэньне падтрымалі 85% украінцаў. У апытаньні ў аплікацыі «Дія» прынялі ўдзел больш за 770 тысяч чалавек. Акрамя таго, дырэктар Нацыянальнага музэю Ўкраіны Юрый Саўчук паведаміў аб плянах зьмяніць назву помніку на «Маці-Ўкраіна». Ён спадзяецца, што канчатковае рашэньне аб перайменаваньні прымуць да Дня незалежнасьці Ўкраіны.
Манумэнт «Радзіма-Маці» стаіць на тэрыторыі Нацыянальнага музэю гісторыі Ўкраіны ў Другой сусьветнай вайне. Ён пабудаваны ў 1981 годзе і лічыцца найвышэйшай у Эўропе скульптурай. Элемэнт гербу, які зьнялі ў першы дзень, важыць 120 кіляграмаў. Як пачынаўся дэмантаж гербу – глядзіце ў фотарэпартажы.