Удзень 1 жніўня на менскай сядзібе БНФ памятным знакам імя Віктара Івашкевіча ўганаравалі актывістку Ніну Багінскую.
Узнагарода заснаваная партыяй БНФ у памяць Віктара Івашкевіча — палітыка, арганізатара і заяўніка дэманстрацый і шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе. Ёю адзначаюць арганізатараў і найбольш актыўных удзельнікаў значных вулічных акцый.
Паводле арганізатараў, мінулы год быў насычаны вулічнай актыўнасьцю — ад маштабных акцый пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 да неадэкватнага па сваёй жорсткасьці ўжываньня сілы падчас Дня Волі 25 сакавіка. Багінскую ж называлі «чалавекам-сьцягам», адной з «асобаў, якія натхняюць сваім прыкладам іншых».
70-гадовая Ніна Багінская ня раз выходзіла на вулічныя пікеты і акцыі пратэсту, часам на адзіночныя пікеты, у тым ліку пад дзьвярыма КДБ. За гэта ёй пастаянна выпісваюць штрафы. Агулам з 2016 году яна павінна сплаціць дзяржаве больш за 18 000 тысяч рублёў. Штрафы яна прынцыпова ня плаціць, іх вылічваюць па 20% з пэнсіі.
У траўні мінулага году зь менскай кватэры актывісткі судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў лік штрафаў за акцыі, але на новую пральную машыну і мікрахвалёўку для яе Байнэт сабраў грошы за 5 дзён. Таксама ў Багінскай адабралі лецішча.