Палітвязень Ігар Аліневіч, якога трымаюць ў віцебскай калёіі «Віцьба-3», нядаўна быў пераведзены ў іншы атрад, у які раней трапілі некаторыя былы начальнікі, міліцыянты, пракуроры і судзьдзі.
Паводле Ігара Аліневіча, паводзяцца яны цяпер гэтак, што пра былы высокі статус ніхто б не здагадаўся. Маці Ігара Аліневіча Валянціна пераказала ўражаньні сына, якімі ён падзяліўся падчас апошняга кароткага спатканьня.
«Ранейшы ягоны атрад расфармавалі, бо цяпер з калёній пераводзяць у адно месца асуджаных за наркотыкі, і ў выніку ягоны атрад значна скараціўся. Расказаў, што трапіў у атрад гэтак званых „былых“. Там сядзяць тыя, хто займаў высокія пасады. На ўзроўні пракурораў, іх намесьнікаў, высокапастаўленых міліцыянтаў і гэтак далей. Пэўных прозьвішчаў ён не называў, але казаў, што глядзець на некаторых вельмі сумна, балюча і сорамна, бо ўсю сваю фанабэрыю яны там пагублялі».
Ці працуе Ігар Аліневіч у калёніі?
Палітвязень атрымаў працу рознарабочага на дрэваапрацоўцы і заняты гэтай працай кожны дзень. Паводле Валянціны Аліневіч, «у сына амаль не застаецца часу на кнігі і лісты, але ён не наракае, не ў ягоным характары». Адметна, што Валянціна Аліневіч так і ня ведае, колькі грошай зарабляе яе сын на гэтай працы. Паводле маці палітвязьня, гэтая тэма падчас кароткіх сустрэч паміж імі не абмяркоўваецца. Пры гэтым жанчына мяркуе, што ў яе сына ўзьнікаюць пэўныя праблемы з харчаваньнем, бо перадаць яму харчовую перадачу пры сустрэчы зноў не дазволілі, а пратрымацца на той ежы, якую даюць у калёніі, вельмі цяжка.
«Тое, што ён палітвязень, адчуваецца ва ўсім. Ня толькі ў тым, што абмяжоўваюць у перадачах, але і ў абмежаваньнях на інфармацыю. Лісты ад яго ідуць вельмі доўга, па 18-19 дзён, і ня ўсе даходзяць. Тэлефонныя званкі — раз на 3 месяцы. Вось учора якраз далі пазваніць, і добра, што мы былі дома, а то б прапусьцілі звонок. Запытаўся, ці дайшлі ад яго паштоўкі з 8 Сакавіка. У выніку падлічылі, што з 15 паштовак, якія адправіў, дайшлі толькі 3. То бок нават тут робяць як найгорш для яго, каб і віншаваньні ад яго людзям не даходзілі», — апавяла Валянціна Аліневіч.
Лісты ад яго ідуць вельмі доўга, па 18-19 дзён, і ня ўсе даходзяць. Тэлефонныя званкі — раз на 3 месяцы
Актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча арыштавалі ў 2010 годзе ў Маскве супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў і з завязанымі вачыма прывезьлі на тэрыторыю Беларусі, дзе перадалі беларускаму КДБ. Пра гэта сам Ігар Аліневіч напісаў у кнізе «Еду ў Магадан», рукапіс якой здолеў перадаць на волю, дзе ён выйшаў асобнай кнігай. Валянціна Аліневіч згадала, што на судзе над сынам прагучала афіцыйная інфармацыя, паводле якой Ігар Аліневіч быў затрыманы не ў Расеі, а на тэрыторі Дубровенскага раёну непадалёк ад расейскай мяжы. Гэтыя зьвесткі Валянціна Аліневіч называе падманам. Нядаўна спадарыня Аліневіч накіравала ў Генэральную пракуратуру заяву, у якой просіць праверыць законнасьць затрыманьня яе сына і перамяшчэньня яго церазь мяжу.
«Фактычна мой сын быў скрадзены, прычым зрабілі гэта прадстаўнікі дзяржаўных структур Беларусі і Расеі. Для іх, як я цяпер бачу, гэта не выключэньне, а хутчэй павіла — выкрадаць людзей. Таму я зьвярнулася да генэральнга пракурора з просьбай даць гэтаму выкраданьню ў Маскве прававую ацэнку. Такія дзеяньні былі бесчалавечнымі ня толькі ў адносінах да майго сына, але і адносна ягоных сваякоў, бо больш за дзень нічога пра Ігара нам не было вядома».
Адказу на свой зварот ў Генпракуратуру Валянціна Аліневіч пакуль не атрымала.
Зь беларускіх палітвязьняў Ігар Аліневіч мае самы вялікі тэрмін — ён асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Актывіст не прызнаў сваёй віны і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. У віцебскай калёніі, куды Аліневіча перавялі ўлетку мінулага году з наваполацкай калёніі, яго ўжо больш за 5 разоў накіроўвалі ў карцэр.
«Увесь час ёсьць пагроза, што Ігара зьмесьцяць у закрытую турму. Майму мужу пра гэта адкрыта казалі супрацоўнікі адміністрацыі калёніі. Але справа ня ў Ігары менавіта, не ў адносінах асабіста да яго, а ў агульным стаўленьні да палітычных вязьняў. Відаць, чым менш іх у турмах, тым большы становіцца іх палітычны кошт», — мяркуе Валянціна Аліневіч.