«Улады сьцьвярджаюць, што забаранілі падвышаць цэны на асноўныя тавары. Ці заўважылі вы, што цэны перасталі расьці? Ці можна, на вашу думку, спыніць рост цэнаў ва ўмовах дэвальвацыі рубля?»
Спадарыня: «Мы ўжо нават не зьвяртаем увагі на гэта, бо цэны пастаянна растуць...»
Ейны муж: «Асабліва заўважна на адзеньне вырасьлі цэны і на харчы».
Карэспандэнт: «Ці можна, на вашу думку, спыніць рост цэнаў ва ўмовах дэвальвацыі рубля?»
Спадарыня: «Не, нельга, бо ў нас цэны будуць толькі падвышацца, а заробкаў ніхто не павялічыць. Відаць, кіраўніцтва ў нашай краіне сябе зжыло...»
Ейны муж: «Дый эканоміка таксама падыходзіць да свае кропкі...»
Спадарыня: «Не, рост цэнаў не спыніўся, а заробкі самі ведаеце якія ў нас. Іх хапае, каб толькі паесьці купіць. А даражэюць найбольш харчы — тое, што нам патрэбна кожны дзень. Дый самі людзі робяць гэты ажыятаж, курс даляра расьце. Вунь скуплялі па пяць лядоўняў, па пяць тэлевізараў...»
Спадар: «На харчы растуць, нават на хлеб і малочныя харчы».
Карэспандэнт: «Ці можна, на вашу думку, спыніць рост цэнаў ва ўмовах дэвальвацыі рубля?»
Спадар: «Не, яны могуць толькі падаражэць. Заробкі ў людзей слабыя, людзі няўпэўненыя самі ў сабе, бо сёньня такая цана, а заўтра іншая. Яны кажуць, што трымаюць на кантролі цэны, але, як відаць, гэта не дае ніякага плёну».
Спадарыня: «Вельмі заўважна вырасьлі цэны, асабліва на лекі, дый на харчовы кошык таксама. І думаю, што наўрад ці іх удасца спыніць, бо надта слабы рубель і надалей слабее заўважна».
Дзяўчына: «Вядома, цэны растуць і асабліва падняліся на харчы. Але калі б яны заставаліся на нейкім адным узроўні, то зьявіцца дэфіцыт тавараў».
Спадарыня: «Недзе ёсьць рост цэнаў, недзе гэтага не відаць».
Карэспандэнт: «Ці можна, на вашу думку, спыніць рост цэнаў ва ўмовах дэвальвацыі рубля?»
Спадарыня: «Не, немагчыма: альбо ня будзе тавараў, альбо рост цэнаў. Ніхто не захоча рабіць для сябе са стратамі».
Спадар: «Наўрад ці магчыма спыніць рост цэнаў, бо даляр расьце, паліва таксама — ну то як могуць цэны спыніцца? Пакуль будзе расьці даляр, цэны ня спыняцца».