Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі задумалася аб новым абмежаваньні на выкарыстаньне плястыкавай тары: «ня выключанае» ўвядзеньне падатку на выкарыстаньне поліэтыленавых пакетаў, піша «Советская Белоруссия».
Вытворцы і пастаўшчыкі плястыкавых пакетаў ужо сплочваюць экалягічны падатак (атрыманыя грошы перанакіроўваюць на далейшы збор і перапрацоўку адходаў), цяпер жа прапануецца ўскласьці падатак на спажыўцоў.
Проста так адмовіцца ад плястыкавых пакетаў цяпер складана
Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа Свабодзе, што падтрымлівае саму ідэю змаганьня з плястыкавай тарай, але ня лічыць падатак добрай ідэяй.
«Рашэньне няправільнае: яно палавінчатае, — разважае Маргелаў. — Трэба вырашаць пытаньне папяровых пакетаў. На самой справе праблема плястыкавай тары ёсьць, але спачатку мы стварылі льготныя ўмовы для плястыкавых пакетаў, заканадаўча забясьпечылі тое, што ў крамах павінны быць бясплатныя. А цяпер хочам уводзіць падатак на іх, не стварыўшы ўмовы для папяровых».
Калі цяпер уладальнік беларускай гандлёвай сеткі вырашыць замяніць у крамах плястыкавыя пакеты на папяровыя, гэта будзе ці дорага, ці наогул немагчыма, мяркуе Маргелаў. Няма ні інфраструктуры пад папяровыя пакеты, ні саміх пакетаў у дастатковай колькасьці (каб замяніць плястыкавыя глябальна), ні такіх папяровых пакетаў, якія выгадна было б даваць бясплатна. Вытворцаў плястыку хапае, ёсьць дастаткова танных варыянтаў.
На думку Маргелава, трэба спачатку займацца папяровымі пакетамі (рабіць іх даступнымі) а потым плястыкавымі (змагацца зь іх распаўсюдам праз падатак). Ён таксама адзначае, што плястык для пакетаў у Беларусі ў асноўным купляюць у Расеі, а папяровыя могуць вырабляць сваімі сіламі.
Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як і якое сьмецьце перапрацоўваюць у Беларусі
Але сама ідэя змаганья з плястыкавымі пакетамі правільная, калі зь імі змагацца комплексна і «не застацца зусім без пакетаў», кажа Маргелаў. Скарыстаныя пакеты ляжаць на сьметніках і не ўтылізуюцца, а самі яны не раскладаюцца сотні гадоў і, адзначае ён: «Мы сваім унукам закопваем вельмі сур’ёзнае пахаваньне».
Праблема ня толькі ў пакетах, і невядома, ці адзін толькі падатак яе вырашыць
Старшыня партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева кажа, што цалкам падтрымлівае ідэю зьмяншэньня ці поўнай адмовы ад спажываньня плястыкавых пакетаў, але пакуль гаворка ідзе толькі пра ідэю, а дэталі таго, як гэта будзе рэалізавана, невядомыя.
«Але гэта рух у напрамку эўрапейскіх краінаў, — дадае Дарафеева. — Эўразьвяз цяпер таксама разглядае пытаньне ўвядзеньня падатку на плястыкавыя пакеты, там яно шырэйшае і тычыцца таксама пакункаў з плястыку. Некаторыя краіны, для якіх гэта стала экалягічнай катастрофай — Кенія, напрыклад — увялі жорсткую забарону на выкарыстаньне плястыкавых пакетаў».
Яна адзначае, што карыстальнікі пакетаў павінны плаціць падатак на пакеты, што набываюць самі, каб пераходзілі на шматразовыя і больш экалягічныя пакеты. Але падатак на той пакунак, што дае вытворца разам з прадуктам, павінен плаціць сам вытворца, іначай будзе менш стымулаў пераходзіць на больш экалягічны пакунак.
«Ідэя адмовы ад пакетаў недастатковая, бо цяпер значная частка плястыку, які цяпер трапляе на сьметніцы і зь якім невядома, што цяпер рабіць, зьяўляецца часткай розных пакункаў, — кажа Дарафеева. — Патрэбны комплекс мераў, які дазволіў бы паступова — гэта немагчыма зрабіць адразу — перайсьці на больш экалягічныя сродкі пакаваньня. Сярод гэтых мераў павінны быць і падаткі, каб вырабнікі адмаўляліся ад залішняга плястыку, і прэфэрэнцыі для вырабнікоў, якія вырабляюць больш экалягічныя пакункі».
Дарафеева прыводзіць у прыклад маленькія плястыкавыя бутэлечкі для кісламалочных напояў і газіроўкі, на якія наляпляецца плёнка з каляровымі малюнкамі, але праз гэтую плёнку перапрацоўка плястыку робіцца немагчымай. Такія бутэлечкі яна называе бязглуздымі паводзінамі вытворцы, не абумоўленымі нічым акрамя маркетынгу — такія паводзіны трэба рабіць невыгоднымі.
Дарафеева згадвае, што калі Швэцыя вырашыла адмаўляцца ад плястыкавых пакетаў, гучалі выказваньні, што «замяніць няма чым», але паступова, з эканамічным стымуляваньнем, разьвілася сфэра экалягічных пакункаў.
Але ці дапамагае адзін толькі падатак без дадатковых мераў, сказаць цяжка: у краінах «з высокім узроўнем экалягічнай сьвядомасьці» і высокімі падаткамі на неэкалягічныя пакункі, ужываньне плястыкавых пакетаў зьмяншаецца, але заўжды падаткі суправаджаюцца іншымі мерамі, у тым ліку інфармацыйнай працай з насельніцтвам.