Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, новым міністрам працы і сацыяльнай абароны Беларусі прызначаная Ірына Касьцевіч.
Касьцевіч нарадзілася ў 1967 годзе ў Менску, атрымала адукацыю ў Інстытуце народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ) і Акадэміі кіраваньня, працавала інжынэрам-канструктарам і эканамістам. У 2002 годзе стала начальніцай упраўленьня статыстычнага плянаваньня Міністэрства статыстыкі, у 2008 годзе — першай намесьніцай старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Ад студзеня 2015 году Касьцевіч была намесьніцай міністра эканомікі.
Касьцевіч раней заяўляла, што ў Беларусі для малога і сярэдняга бізнэсу створаныя ўмовы як ніколі добрыя, міжнародныя рэйтынгі Беларусі па гэтых паказьніках растуць, а далей «працаваць і зарабляць» будзе яшчэ лепш. Пазьней яна брала ўдзел у дыялёгу з прадпрымальнікамі адносна скасаваньня ўказу №222, ды той дыялёг ня быў плённым.
Да кастрычніка 2016 году пасаду міністра працы займала Мар’яна Шчоткіна, але яна мусіла сысьці з пасады, бо стала чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Шчоткіна як громаадвод
Новае прызначэньне адбылося на тле прыпыненьня «падатку на дармаедаў» і судоў над удзельнікамі пратэсту супраць дэкрэту №3, а таксама загаду Лукашэнкі ліквідаваць да 1 траўня ўсё беспрацоўе ў краіне.
У Беларусі тым часам каля 260 тысяч беспрацоўных (5,8% рабочай сілы), а за 2016 год, паводле афіцыйных зьвестак, звольнілі на 108,1 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу.