На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў выкананьне дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», даручыў ураду ўнесьці ў дакумэнт папраўкі, а мясцовым уладам удакладніць сьпісы дармаедаў. А таксама працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня і забясьпечыць да канца году сярэдні заробак 500 даляраў.
Як будзе ўрад выконваць гэтыя патрабаваньні, Свабодзе распавёў прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч.
— Хто канкрэтна займаецца карэктаваньнем дэкрэту № 3, якія міністэрствы і ведамствы?
— Наколькі мне вядома, зараз дакладнымі прапановамі, удакладненьнем дэкрэту займаецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У найбліжэйшы час яно павінна ўнесьці адпаведныя прапановы ва ўрад, каб далей накіраваць іх у Адміністрацыю прэзыдэнта.
— На мінулым тыдні, у выходныя прайшлі масавыя акцыі пратэсту, і патрабаваньні былі — ня толькі адмяніць дэкрэт, але і эканамічныя. Людзі ня маюць працы, ня могуць уладкавацца. Асабліва востра гэтая праблема стаіць у невялікіх райцэнтрах, дзе пазакрываліся прадпрыемствы. Ці атрымаецца да 1 траўня ўсіх уладкаваць? І да канца году забясьпечыць заробак у 500 даляраў?
— Такая задача пастаўленая ў тым ліку і перад урадам. Цяпер гэтым непасрэдна ўрад займаецца, каб выканаць распараджэньне прэзыдэнта (наконт працаўладкаваньня ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу) да 1 траўня. Наконт заробку ў 500 даляраў — урад паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб сапраўды такі заробак быў сярэднім па краіне.
— У Бабруйску 12 сакавіка праходзіла акцыя пратэсту, адначасова з акцыяй у драматычным тэатры грамадзянаў прымалі прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі. Але да іх людзі не пайшлі. Ці не азначае гэта, што ня дужа давярае народ уладзе?
— Шчыра кажучы, я сам не прысутнічаў на гэтых акцыях — ні ў Маладэчне, ні ў Бабруйску, — таму не магу вам сказаць, чаму людзі не пайшлі на сустрэчы да ўладаў, якія запрашалі на размову. Цяжка сказаць, чаму так адбылося.
— Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэтыя пратэсты альбо паказалі ў нэгатыўным пляне, як было ў фільме «Званок сябру», што некалькі разоў паказалі па БТ і АНТ. Урад ведае пра гэтыя акцыі пратэсту? Ці ёсьць нейкая занепакоенасьць пратэставымі настроямі народу, ці будзе ўрад рэагаваць?
— Адпаведная інфармацыя пра мерапрыемствы, якія прайшлі ў розных гарадах у выходныя дні, маецца, яна даведзеная да кіраўніцтва, да ўраду. Што будзе далей з гэтай інфармацыяй рабіцца, пакуль сказаць не магу. Але інфармацыя пра акцыі пратэсту даведзена да ведама кіраўніцтва ўраду.