Міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна стала чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Цяпер яна павінна будзе пайсьці ў адстаўку з пасады міністра.
Шчоткіна была абрана сэнатаркай 13 верасьня на пасяджэньні Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
Разам з Мар’янай Шчоткінай у Менску абрана восем сэнатараў. Сярод іх яшчэ адна высокая чыноўніца — намесьніца міністра юстыцыі Ала Бодак. Яна была ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз чыноўнікаў.
Таксама абраныя сэнатарамі два загадчыкі мэдычных устаноў — дырэктар РНПЦ «Мацi i дзiця» Канстанцін Вільчук і кіраўнік РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак Алег Румо.
Сталі сэнатарамі таксама рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава, старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, амбасадар Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў.
Згодна з заканадаўствам пост сэнатара нельга сумяшчаць з пасадай прэзыдэнта, чальца ўраду, судзьдзі ці дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, Шчоткіна і Бодак павінны будуць сысьці ў адстаўку.
Савет Рэспублікі — вышэйшая палата Нацыянальнага сходу Беларусі. У яе ўваходзяць 64 асобы. Пры гэтым 56 чалавек абіраюцца ад абласьцей і Менску, а яшчэ 8 прызначае прэзыдэнт.
Мар’яна Шчоткіна кіравала перадвыбарчым штабам Аляксандра Лукашэнкі падчас мінулых выбараў. Мар’яна Шчоткіна запомнілася на пасадзе міністра тым, што падтрымала падвышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі, заклікала беларусаў мець па дзьве працы і падтрымала дэкрэт «аб дармаедах».
«Наша Ніва» распавяла пра катэдж, які Мар’яна Шчоткіна будуе ў Драздах. Паводле выданьня, кошт такой зямлі і нерухомасьці, як у Шчоткінай, рыэлтары ацэньваюць прыкладна ў 1 млн даляраў.