У інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі 24 лістапада Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ назваў «вельмі пасьпяховымі» перамовы ў Жэнэве паміж амэрыканскім і ўкраінскім бакамі аб гэтай прапанове, што засьпела зьнянацку і Кіеў, і яго эўрапейскіх хаўрусьнікаў.
«Ну, відавочна, пэўныя элемэнты трэба сапраўды прадумаць», — сказаў Рутэ пра плян з 28 пунктаў, дадаўшы: «Відавочна, што ў якасьці асновы ён учора выканаў сваю мэту, каб залучыць два бакі ў сапраўдны дыялёг».
Плян, які ў канцы мінулага тыдня прасачыўся ў некалькі мэдыя, у тым ліку на Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, выклікаў трывогу ў некаторых эўрапейскіх сталіцах, а таксама ў Кіеве, і быў названы там «сьпісам пажаданьняў Крамля». Умовы патрабавалі ад Кіева значных саступак і, відаць, адлюстроўвалі многія патрабаваньні Крамля, у тым ліку здачу Данецкай і Луганскай вобласьцяў Украіны і Крыму, а таксама абмежаваньні на колькасьць украінскага войска.
Прапанова таксама дазволіла б Маскве вярнуцца ў склад «Вялікай васьмёркі», якая цяпер мае фармат «Вялікай сямёркі», групы вядучых індустрыяльных дзяржаваў, а таксама паступова зьмякчыць заходнія санкцыі супраць Крамля. Калі прапанова стала публічнай, эўрапейскія дыпляматы пасьпяшаліся ўкласьці сустрэчную прапанову, больш прымальную для Кіева.
58-гадовы былы прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ растлумачыў, што «элемэнты, якія больш закранаюць ЭЗ ці NATO, будуць абмяркоўвацца асобна».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спачатку даў Украіне час да 27 лістапада, каб пагадзіцца з прапановай, хоць пазьней зьмякчыў гэты тэрмін. Не было ніякіх публічных заяваў аб тым, як перагледжаны плян будзе разьвязваць такія пытаньні, як бясьпека Ўкраіны будзе абароненая ад будучых расейскіх пагрозаў або як будуць фінансаваць аднаўленьне пасьляваеннай Украіны.
Рутэ пацьвердзіў, што ў выходныя ён меў сувязь як з Трампам, так і з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, і ня надта хацеў абмяркоўваць прапанову радок за радком. Але падкрэсьліў, што «канцавым вынікам» перамоваў ёсьць «сувэрэнная Ўкраіна, якая ідзе наперад, моцная дзяржава, і Расея, якая ніколі больш ня будзе спрабаваць зноў на яе напасьці».
«Я ведаю адну рэч пра расейцаў у цэлым і пра Пуціна ў прыватнасьці. Кожны раз, калі вы заключаеце пагадненьне, вы павінны пераканацца, што ў ягоных інтарэсах яго выконваць», — сказаў Рутэ.
«Вось чаму так важна, каб калі б ні было дасягнута мірнае пагадненьне аб Украіне, ён ніколі больш не рабіў спробаў , — падкрэсьліў Рутэ. — І ён ніколі больш ня будзе іх рабіць, ведаючы, што наступствы для яго будуць разбуральнымі, калі ён зноў паспрабуе ўварвацца ва Ўкраіну пасьля доўгатэрміновага спыненьня агню або — лепш — мірнай дамовы».
Што зь сяброўствам Украіны ў NATO?
Рутэ пракамэнтаваў два пункты пляну, якія закранаюць вайсковы альянс: будучы дыялёг з Расеяй і патэнцыйнае сяброўства Ўкраіны ў NATO.
Кіраўнік NATO заявіў, што будучыя перамовы ня будуць праходзіць пад эгідай Рады NATO – Расея, якая апошні раз зьбіралася акурат перад поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, або ў рамках Асноватворчага акту NATO – Расея 1997 году, які кадыфікаваў адносіны паміж вайсковым альянсам і Масквой.
«Гэтыя рэчы мёртвыя. Гэтыя дзьве інстытуцыі — Рада NATO – Расея і акт NATO – Расея — мёртвыя з таго часу, як Пуцін уварваўся ва Ўкраіну», — сказаў Рутэ, дадаўшы, што ўварваньне Крамля ў суседнюю краіну «супярэчыць і ўсім асновам нашых заходніх каштоўнасьцяў, і таму, што дэкляруецца ў Асноватаворчым акце NATO – Расея, і мэтам, якіх спрабавала дасягнуць Рада NATO – Расея».
Ён ня выключыў цалкам будучага сяброўства Ўкраіны ў NATO, хоць у пачатнай прапанове ЗША гаварылася, што вайсковы альянс не павінен прасоўвацца далей. Аднак Рутэ пасьпяшаўся дадаць, што сяброўства Кіева ў NATO зараз не разглядаецца.
«Кожная краіна ў зоне NATO, гэта значыць у эўраатлянтычнай зоне, якая хоча стаць сябрам NATO, і гэта ўказана ў Вашынгтонскай дамове 1949 году, можа падаць заяўку на сяброўства. Але каб стаць сябрам, патрэбная аднагалоснасьць. А на гэты момант да такой аднагалоснасьці яшчэ далёка», — сказаў ён.
«На гэты момант маем некалькі ўдзельнікаў, якія адкрыта заяўляюць, што яны супраць уступленьня Ўкраіны ў NATO, — нагадаў Рутэ.— Вядома, у нас таксама была фармулёўка зь леташняга Вашынгтонскага саміту, у якой гаварылася пра незваротны шлях Ўкраіны ў NATO. Так што гэта адна з рэальнасьцяў», — дадаў ён.