Аляксандар Лукашэнка 1 сакавіка даручыў цягам бягучага году збудаваць новы мост між Жыткавічамі і Туравам, піша БЕЛТА.
У сьнежні там прасеў пралёт 900-мэтровага стацыянарнага аўтамабільнага моста цераз раку Прыпяць, зьявілася расколіна. Каб людзі не заставаліся «адрэзанымі» ад «вялікай зямлі», зрабілі часовы пантонны мост, але пасьля крыгаходу ён стаў ахвярай маразоў.
Паводле Лукашэнкі, масты, збудаваныя ў савецкія часы, сапраўды маюць праблемы, але «кепска, што гэта адбылося нечакана».
«Гэта нядобра будзе, калі прэзыдэнт туды прыедзе, а людзі будуць скардзіцца, — казаў Лукашэнка. — Яны разумеюць, што бяда адбылася. Рознае бывае, але людзі не павінны пакутаваць. Трэба арганізаваць падвоз да Турава, Жыткавічаў, каб людзі маглі перамяшчацца. Зрабіць усё, каб людзі маглі пераходзіць праз рэчку — хоць бы тыя, якія на працу едуць. За год мост павінен быць адноўлены».
Мост між Жыткавічамі і Туравам — далёка не адзіны аварыйны ў Беларусі. Цяпер аварыйнымі лічацца пяць мастоў. Усе яны збудаваныя ў савецкія часы паводле адной і той жа схемы.
Лукашэнка даручыў праверыць стан і іншых падобных мастоў, бо «ня трэба чакаць, пакуль зноў недзе лопне ці трэсьне», але казаў рамантаваць старыя масты, а не будаваць новыя.