Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры ня ведае, у чым каштоўнасьць бел-чырвона-белага сьцяга, і зьвярнулася ў Акадэмію навук


Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мае правесьці «навуковае дасьледаваньне з мэтай выяўленьня арыгінальных архіўных дакумэнтаў і матэрыялаў», якія адказалі б на пытаньне пра магчымасьць надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Пра гэта сказана ў адказе Міністэрства культуры на зварот «Маладога фронту», паведамляе БелаПАН.

27 кастрычніка актывісты «Маладога фронту» перадалі ў Міністэрства культуры 10 тысяч 540 подпісаў, сабраных пад зваротам аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

У адказе, які атрымаў 23 сьнежня пры наведваньні Міністэрства культуры адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, гаворыцца, што ў пададзенай прапанове «ня ўтрымліваецца дакумэнтальнага яе абгрунтаваньня», а таксама «поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемэнту, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

Акрамя таго, адзначае міністэрства, «асобныя факты не падмацаваныя дакумэнтальнымі крыніцамі, што не дазваляе прыняць іх у якасьці абгрунтаваньня неабходнасьці наданьня статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці прапанаванаму элемэнту».

У сувязі з гэтым міністэрства перадало прапанову аб наданьні статусу нематэрыяльнай каштоўнасьці бел-чырвона-беламу сьцягу ў Нацыянальную акадэмію навук. Паводле заканадаўства, НАН можа правесьці «навуковую апрацоўку нематэрыяльнага праяўленьня творчасьці чалавека і вызначыць яго адпаведнасьць аднаму або некалькім крытэрам адбору для наданьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

Пры гэтым паведамляецца, што Міністэрства культуры ўжо атрымала з НАН інфармацыю, згодна зь якой для падрыхтоўкі навуковага абгрунтаваньня калектыўнай прапановы грамадзянаў «неабходна правесьці грунтоўнае навуковае дасьледаваньне з мэтай выяўленьня арыгінальных архіўных дакумэнтаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы навукоўцаў і адпаведных фінансавых выдаткаў». Прадстаўнікі Акадэміі навук таксама адзначылі, што «выкананьне гэтай працы будзе ажыцьцяўляцца з улікам выдзяленьня сродкаў на навуковыя дасьледаваньні ў новым фінансавым годзе».

Камэнтуючы атрыманы адказ, Дашкевіч, з аднаго боку, выказаў зьдзіўленьне «глупствам фармулёвак», а з другога — пабачыў станоўчы момант у абяцаньні НАН вывучыць пытаньне. Пры гэтым ён прапануе ўсім «добра папрацаваць над тым, каб пашырыць кола патрыётаў нашага сапраўднага сьцяга».

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі ўзаконеныя ў якасьці дзяржаўнай сымболікі 19 верасьня 1991 году Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня. 14 траўня 1995 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі прайшоў рэфэрэндум, у выніку якога гэтыя дзяржаўныя сымбалі замянілі сьцягам і гербам, створанымі на аснове сымболікі БССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG