Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 выпадкаў зьбіцьця грамадзянаў міліцыянтамі


2005. Жонку зьніклага Сьвятлану Завадзкую ўдарыў амапавец

На Кастрычніцкай плошчы амапавец ударыў кулаком у твар Сьвятлану Завадзкую, жонку зьніклага апэратара ОНТ Зьмітра Завадзкага. Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня 2005 году, у пятую гадавіну зьнікненьня, падчас пікету, у якім бралі ўдзел дзясяткі людзей. За пікетам назіралі журналісты, інцыдэнт быў зьняты на фота і відэа, а расейскае тэлебачаньне нават паказала пра гэта сюжэт у выпуску навінаў. На наступны дзень Сьвятлана Завадзкая аднесла ў пракуратуру заяву аб завядзеньні крымінальнай справы, але ёй адказалі, што нібыта гэта яна напала на міліцыянта ды яшчэ і параніла яму губу.

2000. Жонка экс-прэм’ера Чыгіра абаранялася, у выніку яе асудзілі

Сустрэчныя заявы кшталту «насамрэч гэта мяне зьбілі» — цяпер улюбёны прыём міліцыянтаў, каб пазьбегнуць адказнасьці за перавышэньне сваіх паўнамоцтваў. Першы такі выпадак з удзелам публічнага чалавека адбыўся яшчэ ў 2000 годзе. Падчас суду над былым прэм’ерам Міхаілам Чыгіром ягоную жонку Юлію на ганку суду схапіў ззаду афіцэр-міліцыянт. Абараняючыся, жанчына ўкусіла яго за вуха. Міліцыянт падаў на Юлію Чыгір у суд, і ёй прысудзілі ўмоўнае пакараньне, а сустрэчны пазоў Юліі Чыгір адхілілі.

2004. Палітык зьбіты, трапіў у шпіталь, на нырцы гематома

У 2000-х гадах амаль кожная вулічная акцыя пратэсту заканчвалася брутальным разгонам і зьбіцьцём актывістаў, даставалася ў тым ліку і лідэрам апазыцыйных арганізацыяў. Прыкладам, шмат разоў быў зьбіты лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пасьля разгону маршу 19 кастрычніка Анатоль Лябедзька трапіў у шпіталь з траўмамі. Праз тры дні ён распавядаў журналістам пра сваё здароўе: «Самае галоўнае — мяне запэўнілі, што нейкіх разрываў унутраных органаў няма. Ёсьць гематома ныркі, да сёньня яшчэ галава кружыцца. Баляць плечы, шыя, але нічога ўнутры не паламалі».

Лідэр АГП падаў заяву ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці амапаўцаў, якія яго зьбілі, але нічога з гэтага не атрымалася.

«Вяжуць» Анатоля Лябедзьку, 2008 год
«Вяжуць» Анатоля Лябедзьку, 2008 год

2006. Пацярпелы журналіст — прыкмета любой выбарчай кампаніі

Алег Улевіч, фота з gazetaby.com
Алег Улевіч, фота з gazetaby.com

Падчас кожнай палітычнай кампаніі, тым больш прэзыдэнцкіх выбараў, ад міліцэйскага гвалту церпяць журналісты. Ім б’юць камэры на мітынгах, іх зьбіваюць у аўтазаках ці пастарунках пасьля «хапуноў», лупяць проста па твары спадцішка падчас звычайнай працы. Менавіта гэтак здарылася ў час прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году з журналістам «Комсомольской правды» Алегам Улевічам. Каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Алег Улевіч рабіў фотаздымкі для рэпартажу пра затрыманьні ўдзельнікаў вулічных акцыяў. Тут яго ўдарылі ў твар і потым яшчэ зьбівалі супрацоўнікі ў чорнай вопратцы. Журналіст трапіў у шпіталь са зламаным носам і страсеньнем мозгу. «Людзей у чорным», якія напалі на Алега Ўлевіча, так і не знайшлі, хоць усё адбывалася ў зоне відэаназіраньня каля міліцэйскага пастарунку.​

2010. За зламаную нагу — прэміі і ўзнагароды

Самым «ураджайным» на міліцэйскі гвалт стаў сьнежань 2010 году. Падчас разгону мітынгу пратэсту супроць фальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў былі зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі міліцыянты зьбівалі ўдзельнікаў акцыі, журналістаў і выпадковых назіральнікаў. Бадай што найбольшы рэзананс атрымаў выпадак з удзельніцай мітынгу Марыяй Абромчык, якой міліцыянт ударам гумовай палкі зламаў нагу ўжо пасьля таго, як дзяўчыну затрымалі. Марыя Абромчык трапіла ў шпіталь і доўга лячылася, але яе заява ў пракуратуру ніякага выніку не дала, як і заявы іншых, хто пацярпеў тады ад міліцэйскага гвалту. Па выніках разгону Плошчы шэраг міліцыянтаў, уключна з тагачасным міністрам Куляшовым, атрымалі прэміі і ўзнагароды.

2013. Справа вартаўніка Васіля Сарочыка, якога душылі пакетам

У 2013 годзе дзякуючы праваабаронцам з арганізацыі «Плятформа інавэйшн», якую ўзначальваў Андрэй Бандарэнка, грамадзкасьці сталі вядомыя адразу некалькі фактаў зьбіцьця міліцыянтамі простых затрыманых грамадзянаў, зусім не палітычных актывістаў. Гэта Ільля Зубеня зь Менску, Віктар Ламека з Зэльвы, Сяргей Хачатуран зь Дзяржынску, браты Шкурко зь Ліды.

Лідзкая гісторыя пра міліцэйскія зьдзекі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:07 0:00

А найбольшы рэзананс атрымала гісторыя вартаўніка адной зь менскіх аўтастаянак Васіля Сарочыка, які распавёў, як у міліцыі Ленінскага раёну сталіцы яму надзявалі на галаву поліэтыленавы пакет, дамагаючыся патрэбных сьледзтву паказаньняў. Справа аб катаваньнях Васіля Сарочыка, як і іншых пацярпелых, пра якіх згадвалі праваабаронцы, засталася нерасьсьледаваная. «Мы канстатуем, што ні суды, ні сьледзтва, ні органы пракуратуры не імкнуцца да выяўленьня праўдзівых фактаў таго, што адбылося, і пакараньня вінаватых. Атрымліваецца, што законным спосабам ніводзін чалавек ня ў стане абараніць сябе ад самаўпраўнасці і замахаў на свае правы з боку супрацоўнікаў міліцыі», — казаў тады Андрэй Бандарэнка, які з 2014 году зноў апынуўся за кратамі.

Васіль Сарочык пра зьбіцьцё ў міліцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00
Наўпроставы лінк

2015 год. Самы «сьвежы прыклад» — зьбіцьцё праз кнігу ў Івацэвічах

У студзені стала вядома пра вынік справы аб зьбіцьці супрацоўнікамі СОБРу цяжарнай жыхаркі Менску Кіры Цімохінай, якое адбылося ў верасьні 2014 году. Міліцыянты ў адказ на заяву Цімохінай напісалі сустрэчную заяву, што яна нібыта аказвала ім супраціў пры затрыманьні. У выніку сьледчыя справу па заяве Кіры Цімохінай не завялі, хоць і яе саму перасьледаваць ня сталі.

25 студзеня ў Фрунзенскім судзе Менску міліцыянты зьбілі актывістаў Паўла Сяргея, Максіма Шыціка і журналіста парталу Tut.by Паўла Дабравольскага. У пракуратуры Беларусі сказалі, што там справы на міліцыянтаў паводле падазрэньняў у перавышэньні паўнамоцтваў больш не заводзяць, на тое ёсьць Сьледчы камітэт. У Сьледчы камітэт выклікалі на размовы журналіста Паўла Дабравольскага, а таксама Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, але пакуль невядома, ці азначае гэта, што вядзецца праверка інцыдэнту.

Павал Дабравольскі пасьля зьбіцьця
Павал Дабравольскі пасьля зьбіцьця

Зьбіты Макім Шыцік: Я ляжаў на падлозе, сьцякаў крывёю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00

А вось і выпадак, пра які стала вядома толькі ўчора, 27 студзеня. Жыхар Івацэвічаў Сяргей Дылюк трапіў у івацэвіцкую лякарню з страсеньнем мозгу, сінякамі і кровападцёкамі. Сяргей Дылюк распавёў журналістам, што 23 студзеня да яго дадому прыехалі міліцыянты і адвезьлі ў РАУС, дзе некалькі супрацоўнікаў яго зьбівалі, змушаючы прызнацца ў крадзяжы: «То нейкі ровар на мяне „вешалі“, потым нейкую прыстаўку. Я так разумею, тэлевізійную прыстаўку, якая яшчэ можа быць прыстаўка?.. Ну вось, папабілі-папабілі... Страсеньне мозгу, ногі пабілі. Выбівалі на сваю карысьць. То я і кажу, усё, давайце, я буду падпісваць, што браў я, і адчапіцеся ад мяне. У выніку апынуўся ў лякарні... Нагамі, кулакамі білі. Я памятаю раз ды праз раз. Быў упаў на лаўку, участковы выходзіў, ды яшчэ кулаком зьверху стукнуў, і паплыло ўсё ізноў. Да галавы кніжку прыстаўлялі, і кулаком па кніжцы — на... Я галавой у сьценку. Гестапа!», — распавёў пацярпелы ад гвалту.

Сяргей Дылюк напісаў заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб распачалі крымінальную справу па факце зьбіцьця і пакаралі вінаватых.

Як міліцыянты выбівалі паказаньні
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG