«Праверка інцыдэнту, які адбыўся з актывістам Вячаславам Касінеравым у Маладэчне 21 чэрвеня, працягваецца, дасьледуюцца запісы відэакамэр. Прававая ацэнка таго, што адбылося, будзе абавязкова дадзеная», — сказаў карэспандэнту Свабоды кіраўнік прэсавай службы Менскай абласной міліцыі Яўген Сачак.
Паводле Яўгена Сачака, у міліцыі падзеі, якія адбыліся зь Вячаславам Касінеравым, ужо адназначна ацэненыя як бойка, але праверка яшчэ не завершаная:
«Калі ўчора я казаў, што мы вывучаем інфармацыю пра здарэньне, дык сёньня магу дадаць да гэтага наступнае. Міліцыя высьветліла, што сапраўды бойка была. Гэта здарылася каля 22 гадзіны вечара, на Цэнтральнай плошчы гораду Маладэчна. Але справа ў тым, што адразу адносна гэтай бойкі ў міліцыю ніхто не зьвяртаўся. Ані самі пацярпелыя, ані тыя, хто мог бы быць сьведкам. Атрымліваецца, што пацярпелы Касінераў прыехаў у Менск і толькі там зьвярнуўся да мэдыкаў па дапамогу. А ў такіх выпадках, калі прыходзяць людзі з траўмамі, з мэдычнай установы ідзе паведамленьне ў міліцыю. Гэтак было і ў гэтым выпадку. Пасьля таго як атрымалі такое паведамленьне, супрацоўнікі менскай міліцыі патэлефанавалі пацярпеламу, каб удакладніць акалічнасьці здарэньня, а ён сказаў, што гэтыя акалічнасьці не зьвязаныя зь нейкім крыміналам, патлумачыў усё бытавымі прычынамі, кшталту таго, што паваліўся.
А назаўтра мы ўжо даведаліся з інтэрнэту пра іншую гісторыю, якая вымагае іншых дзеяньняў. Цяпер праводзіцца неабходны комплекс мерапрыемстваў. У тым ліку аналізуецца інфармацыя з камэр відэаназіраньня, якія ўсталяваныя ў цэнтральнай частцы гораду Маладэчна. Па выніках гэтай праверкі будзе дадзеная прававая ацэнка таму, што адбылося. Будзе вырашана, як быць далей. Заводзіць крымінальную справу ці нешта іншае. Пакуль пра гэта казаць рана, у тым ліку калі скончыцца праверка. У любым выпадку прававая ацэнка гэтаму факту будзе дадзеная».
Таксама кіраўнік прэсавай службы Менскай абласной міліцыі Яўген Сачак праз Свабоду выказаўся пра дзеяньні пацярпелага Вячаслава Касінерава.
«Міліцыя вельмі зацікаўленая, каб пра такія здарэньні, а тым больш злачынствы інфармацыя ад пацярпелых паступала максымальна хутка. Бо тады значна пашыраецца магчымасьць таго, што злачынства будзе раскрытае, а зламысьнік затрыманы. У нашым разуменьні гэты выпадак — проста антыпрыклад таго, як павінен дзейнічаць пацярпелы. Яшчэ раз паўтару, мы зацікаўленыя, каб падобная інфармацыя паступала ў міліцыю максымальна хутка».
Атрымаць камэнтар ад Вячаслава Касінерава не ўдалося, бо актывіст быў не на сувязі. Раней Вячаслаў Касінераў тлумачыў, што не зьвяртаўся з заявай аб зьбіцьці ў міліцыю, бо «ня вельмі верыць, што такія мэтады дзейнічаюць у нашай краіне».
«І зноўку, нахабныя паводзіны нацыстаў паказваюць, што, хутчэй за ўсё, яны разумелі, што яны робяць і дзе. У мяне два варыянты: ці яны дурненькія, што гатовыя нападаць на кагосьці пад камэрамі ў цэнтры гораду, ці гэта нейкая правакацыя, супраца», — казаў Касінераў 22 чэрвеня.
Паводле Вячаслава Касінерава, увечары 21 чэрвеня ў цэнтры Маладэчна на яго зь сябрамі напалі 20–25 чалавек, якіх ён вызначыў як нэанацыстаў.
«Міліцыі ніякай не было, хоць быў цэнтар гораду. Скончылася тым, што мяне моцна зьбілі, павалілі на зямлю. Білі каля 5–7 чалавек. У выніку ў мяне зламаны нос, закрытая чэрапна-мазгавая траўма. І ўсё — нас зьбілі, мы пайшлі. Але нас яшчэ пільнавалі да самага вакзалу, падыходзілі, прапаноўвалі кудысьці адысьці. Але побач з вакзалам не адважыліся нападаць», — казаў Вячаслаў Касінераў.