Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорскі Дзетачкін ваюе супраць «георгіеўскіх стужак» на машынах


Цэнтральная плошча ў Сьветлагорску, архіўнае фота
Цэнтральная плошча ў Сьветлагорску, архіўнае фота

У Гомельскай абласной управе міліцыі Свабодзе паведамілі пра шматлікія факты, калі ў Сьветлагорску псавалі машыны з так званымі «георгіеўскімі стужкамі». «Цяпер праводзіцца праверка», — сказалі ў міліцыі.

Мясцовыя жыхары ў Сьветлагорску кажуць, што тут зьявіўся наступнік героя савецкай камэдыі «Сьцеражыся аўтамабіля» са сваёй адметнай спэцыялізацыяй.

Герой кінафільму Дзетачкін краў аўтамашыны ў людзей, якія жылі на «непрацоўныя даходы», прадаваў, а выручаныя грошы пералічваў на рахункі дзіцячых дамоў.

Цяперашні «сьветлагорскі Дзетачкін» змагаецца з «георгіеўскімі стужкамі» на машынах па-свойму: рэжа колы аўтамашын, на якіх прымацаваны паласатыя стужкі.

За апошнія два тыдні міліцыя зафіксавала каля дзесяці выпадкаў пашкоджаньня аўтамабіляў з «георгіеўскай стужкай». Невядомы зламысьнік рэжа або праколвае шыны ў пакінутых каля дамоў аўто. Найбольш такіх выпадкаў зафіксавана ў мікрараёне «Маладзёжны». На адной з машын невядомы нават паскакаў, моцна пашкодзіўшы кузаў.

У мясцовым аддзяленьні ДАІ кажуць, што справай займаюцца супрацоўнікі крымінальнага вышуку, бо псаваньне тэхнікі ня мае дачыненьня да дарожнага руху.

Невядомы «ваюе» не з машынамі, а з «русским миром»

Грамадзкі актывіст са Сьветлагорску Тэльман Масьлюкоў сказаў у інтэрвію Свабодзе: кепска, што «сьветлагорскі Дзетачкін» псуе маёмасьць гараджан, бо новыя колы, выпраўленьне пагнутасьцяў, перафарбоўваньне аўтамабіля каштуюць дорага:

«„Ваюе“ зламысьнік не з аўтамашынамі, а з «русским миром», з сэпаратызмам ды імпэрскасьцю, сымбалем якіх стала расейская «георгіеўская стужка» падчас вайны на ўсходзе Ўкраіны і акупацыі Крыму. Некалі яна, праўда, у крыху іншай каляровай гаме, асацыявалася з воінскай адвагаю, цяпер у многіх выклікае адмоўныя эмоцыі. Гэта як свастыка: калісьці яна была графічным адлюстраваньнем салярнасьці, сонца, а ў руках фашыстоўцаў стала сымбалем зла і гвалту».

Сьветлагорскі прадпрымальнік, які займаецца пасажырскімі аўтаперавозкамі, Юры Ляшэнка лічыць, што ўладальнікі прыватных аўтамашын, чапляючы «георгіеўскія стужкі» ды прыклейваючы партрэты Сталіна на капот або шкло, толькі правакуюць на нэгатыўную рэакцыю:

«Маёмасьць — гэта сьвятое, яе нельга псаваць. Але ня трэба і правакаваць людзей, каб не было „народных мсьціўцаў“ кшталту Дзетачкіна. Перш чым нешта прымацаваць на аўто, няблага было б пачытаць. Паласатая стужка, якую памылкова называюць „георгіеўскай“, неадназначна ацэньваецца ў нашым грамадзтве. З гэтым трэба лічыцца. Падаецца, што і супрацоўнікі ДАІ мусяць рэагаваць на такія „ўпрыгожваньні“ аўтамабіляў. Так, у прыватнасьці, паступілі ў Берасьці».

Грамадзкія актывісты са Сьветлагорску зьвяртаюць таксама ўвагу на тое, што міліцыя штрафуе людзей за выкарыстаньне бел-чырвона-белых стужак і сьцягоў — як за незарэгістраваную сымболіку, хоць гэта колеры дзяржаўнай, нацыянальнай атрыбутыкі ня толькі ў старажытнасьці, але і ў першыя гады існаваньня сувэрэннай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG