Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды паведаміў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі. Фота дзяўчыны, якая сфатаграфавалася ў майтках каля помніка Перамогі, выклікала шэраг публікацый і камэнтароў у мэдыях і сацыяльных сетках.
Паводле Аляксандра Ластоўскага, у такой «кампазыцыі» ёсьць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня.
«Для мяне тут усё відавочна: неабходна правесьці праверку на прадмет наяўнасьці тут складу як мінімум адміністрацыйнага правапарушэньня. Інфармацыя падрыхтавана і накіравана, пачатая праверка. Цяпер праводзяцца ўсе неабходныя дзеяньні. Наколькі я ведаю, быў апытаны малады чалавек, аўтар гэтага фатаздымка. Будзем чакаць вынікаў. На мой погляд як асобы, якая ня мае права праводзіць адміністрацыйныя працэсы, тут ёсьць парушэньне адміністрацыйнага кодэксу паводле артыкулу 17-1 („Дробнае хуліганства“). Што пакажа праверка я, натуральна, ня ведаю».
На мой погляд як асобы, якая ня мае права праводзіць адміністрацыйныя працэсы, тут ёсьць парушэньне адміністрацыйнага кодэксу паводле артыкулу 17-1 („Дробнае хуліганства“).
Аляксандар Ластоўскі таксама паведаміў, што праверка праводзіцца на падставе ягонага рапарту як супрацоўніка міліцыі, у якім выкладзены «прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня».
«Апроч гэтага, былі пісьмовыя звароты іншых грамадзянаў на адрас ГУУС. Усе яны далучаны да матэрыялаў праверкі», — сказаў Ластоўскі.
У сярэдзіне лістапада Аляксандар Ластоўскі на сваёй старонцы ў Facebook разьмясьціў фота дзяўчыны, якая зьнялася ў майтках каля помніка Перамогі ў Менску. «Як быць? Зразумець і дараваць ці знайсьці і пакараць?» — спытаў міліцыянт парады. Ён адзначыў, што да яго прыйшоў запыт ад аднаго з карыстальнікаў сацсетак з просьбай адрэагаваць. Аднак празь некалькі дзён Ластоўскі зьняў допіс са сваёй старонкі.
«Я схаваў з хронікі гэты пост. Бо абмеркаваньне гэтага канкрэтнага ўчынку перарасло ў плоскасьць высьвятленьня міжасабовых стасункаў паміж камэнтатарамі. Шчыра кажучы, усе ўжо забыліся на прадмет, пра які пісалі. Таму давялося абмежаваць камэнтары».
Паводле Ластоўскага, гэтае абмеркаваньне ня будзе фігураваць у матэрыялах праверкі.
«Калі ёсьць склад адміністрацыйнага правапарушэньня, то ён не вымяраецца пастамі ў фэйсбуку. Рэакцыя аўдыторыі на гэтае паведамленьне толькі падкрэсьліла правільнасьць думкі, што тут далёка ня ўсё так адназначна з падобнымі кампазыцыямі».
Міліцыя высьветліла імя мадэлі і аўтара фатаздымка.
Фота атрымла вялікую агалоску ў сацсетках. Пазьней мадэль адмовілася ад камэнтароў, а фатограф прасіў «зразумець і дараваць».