Сьцісла:
- У незалежнай Беларусі з 1991 году вярталіся традыцыйныя беларускія назвы дзяржаўных інстытутаў: сьцяг, мытня… Раду і талер вярнуць не ўдалося.
- Першая песьня, якая публічна прагучала пасьля абвешчаньня Незалежнасьці, была пра „родну межаньку“ — на верш Купалы.
- Пра памежную варту быў законапраект Апазыцыі БНФ. Прайшоў закон большасьці пра пагранічныя войскі.
- Але тэрміны дзяржаўная мяжа, памежны надалей ужываюцца і на нагрудных знаках, і ў афіцыйных структурах.
- Абодва словы — мяжа і граніца — старажытныя, нейкі час былі сынонімамі.
- Этымалягічна граніца — знак разьмежаваньня. А першае значэньне слова мяжа — неараная палоска зямлі між палеткамі. Пагранічнікі і памежнікі — суседзі па той бок мяжы.
- У беларускай мове слова мяжа пашырыла значэньні, таксама пераносныя (няма мяжы нахабству!), а ў расейскай слова межа, наадварот, іх звузіла.
- Тэрмін дзяржаўная мяжа ўнікальна беларускі, як і тэрміны памежны, памежнікі. Шкада іх страціць.
Пра вяртаньне беларускіх назваў дзяржаўных інстытутаў у пачатку 1990-х. АЎДЫЁ:
У 1991 годзе была адноўленая Незалежнасьць Беларусі.
25 жніўня дзясяткі тысячаў беларускіх патрыётаў на галоўным сталічным пляцы (тады яшчэ Леніна) патрабавалі ад Вярхоўнага Савету гістарычных рашэньняў. Ішла жывая трансьляцыя, усе чулі пра наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнае моцы.
Ужо прыцемкам у народ адным зь першых выйшаў стомлены і шчасьлівы дэпутат Пётра Садоўскі. З дапамогаю людзей падняўся на дах гукаўзмацняльнае машыны — і замест прамовы запяяў „А ў бары, ў бары тры дарожанькі“:
Стаў, глядзіць жаўнер, сумняваецца.
Па якой пайсьці, надумляецца.
Па адной пайсьці — не пашэнціцца:
Завядзе на ўсход, скуль ня вернецца.
Па другой пайсьці — абняволіцца,
Бо ў заходні бок шлях той коціцца.
Выбіраў жаўнер трэцьцю сьцежаньку,
Бо вяла яна ў родну межаньку.
Верш Купалы — з 1920 году, з эпохі барацьбы за БНР. Музыку напісаў Уладзімер Тэраўскі, ён жа аўтар музыкі нашага нацыянальнага гімну „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“. А ў 1991 годзе менавіта „А ў бары, у бары“ стала першаю песьняю незалежнае Беларусі, якая прагучала на ўвесь будучы пляц Незалежнасьці. Пазьней у „Народным альбоме“ гэтую вайсковую песьню сьпяваў Лявон Вольскі:
Проціпастаўленьне „Ўсход — Захад — родна межанька“ тады падкрэсьлівала, што беларусы — асобны народ з такім самым правам на дзяржаўнасьць, як суседзі. Вобраз родных межаў ідзе праз усю Купалаву паэзію.
Сьцяг, рада, талер. І мяжа
Для дзяржаўных інстытутаў пачалі вяртаць незаслужана прызабытыя беларускія словы: мытня, мытнік, дзяржаўны сьцяг (праўда, не ўдалося памяняць „савет“ на Раду і прыняць талер).
Узьнікла пытаньне, хто мае ахоўваць тую Купалаву „родну межаньку“. Законапраект Апазыцыі БНФ быў пра памежную варту. Ня толькі мытня, але і памежная варта магла стаць маркерам нашае моўнае прасторы — першымі словамі, якія асацыяваліся б зь беларускаю дзяржаваю ў яе гасьцей. Але 5 лістапада 1992 году парлямэнцкая бальшыня правяла іншы праект закону, з тэрмінам пагранічныя войскі.
І ўсё ж тэрміны дзяржаўная мяжа, памежны, памежнікі не прапалі: яны гучалі ў парлямэнцкіх спрэчках (пратакольныя запісы мае дэпутат і летапісец тых гадоў Сяргей Навумчык), у мас-мэдыя, і нават гвалтоўнага роспуску ВС фігуравалі ў рашэньнях кіраўніцтва службы (як палажэньне аб нагрудных знаках „100/200 выхадаў на ахову Дзяржаўнай мяжы“ 2005 году), яны на ўзнагародах і нашыўках, што захоўваюць былыя памежнікі.
Ужываюцца, на дзіва, і цяпер — на нешматлікіх беларускамоўных старонках „Палаты прадстаўнікоў“ і „Савету Рэспублікі“. Гэтае рэальнае бытаваньне беларускіх словаў у статуснай функцыі важнейшае за этымалягічныя росшукі.
Граніца — знак мяжы
Зрэшты, пра этымалёгію. Наагул пэўны славянскі корань знойдзем у амаль кожнай славянскай мове. Але ж у розных мовах яны па-рознаму мяняюць значэньні, а ў пару нацыянальнага адраджэньня яшчэ і ўключаецца пурыстычнае адштурхоўваньне ад дамінантнай мовы суседа. Усё гэта тычыцца і пáры граніца / мяжа.
Слова граніца беларуская мова ведае здаўна, яно праславянскага радаводу. У старабеларускай яго падтрымлівала польская мова: нездарма ж пісалі і кграница (кг = выбухны [Ґ]). Спрадвечнае значэньне падказвае корань (параўн. грань): высечаны ці вычасаны на дрэве знак мяжы (падобна рубеж ад рубіць). Значыць, граніца вельмі даўно была знакам лініі падзелу. А паласа падзелу — мяжа.
Мяжа як medium
Таксама архаічнае слова, ад індаэўрапейскага кораня для ‘сярэдзіны’ (параўн. лацінскія medium, mediana). Перш — ‘палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі’. Зь цягам часу слова пачало азначаць усялякія лініі падзелу.
Вацлаў Ластоўскі ў сваім культавым „Расейска-крыўскім слоўніку“ (Коўна, 1924) прысьвяціў цэлы нарыс гэтым словам:
ГРАНИЦА ж. рубеж, мяжа, дукт. …Слова рубеж праўдападобна агульнаславянскае (…) Часта ў старой нашай літэратуры ўжывалася ў значэньні рас. „предѣл“, польск. „kres“. У народнай нашай мове цяпер не ўжываецца…Граніца паяўляецца ў актовай мове не пазьней ХVІ ст., слова аднаго і таго-ж караня з … грань, востры выступ, вугол на чым-колечы… Пасколькі ў старой літэратуры рубеж і граніца ўжываюццца дзеля абазначаньня лініі, разьдзяляючай зямлю, то мяжа ня мае гэтага значэньня. Яна абазначае незаараную баразну зямлі, як разьдзел паміж ральлёй. У значэньні разьдзяляючай лініі слова мяжа пачало быць тасаваным толькі ў апошнія часы… [вылучэньне маё. — В.В.].
Ластоўскі заўважыў дакладна: значэньне слова мяжа пашыралася на ‘state border’ з пачатку XX стагодзьдзя (хоць ужо ў Скарыны „Град... быў на межах царства яго“). Нейкі час граніца і мяжа былі ў гэтым значэньні сынонімамі — вось знакаміты Коласаў верш пра чарговы падзел Беларусі: „К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!..Нашы тут гоні, бары!“.
Варта і старожа
Менскія слоўнікі 1920-х гадоў чуйна фіксавалі тагачасныя варыянты назваў.
У слоўніку геаграфічнай тэрміналёгіі (1923) „палітычная“ лінія — мяжа; у грамадазнаўчым (1926) — словы граніца, пагранічны; у юрыдычным (1926) — граніца і мяжа, прыгранічная варта.
„Практычны беларускі вайсковы слоўнік“ 1927 году, які ўкладала Вайсковая камісія пры ІБК з удзелам Я. Купалы і К. Крапівы, расейскую границу таксама перакладаў граніцай і мяжой, а служба звалася паўзьмежная ці пагранічная старожа.
Але пасьля хвалі рэпрэсіяў супраць мовазнаўцаў ужо „Ваенны руска-беларускі слоўнік“ (1933) дае толькі выраз пагранічная ахова, ды яшчэ і абрэвіятуру расейска-савецкага ўзору — пагранахова. Г. зн. мяжа ў значэньні ‘border’ — адна з ахвяраў моўнага землятрусу 1933 году.
Прымежныя слупы ля гранічнае паласы
Што ў жывой тагачаснай мове граніца і мяжа былі сынонімамі, пацьвярджаюць міжваенныя клясыкі:
У тую самую ноч гэтыя дзьве жанчыны перайшлі дзяржаўную мяжу... Толькі няўмесны шолах мог выдаць іх пагранічнай варце... (Міхась Зарэцкі. Ліпа)
Рэчка ... служыць гранічнай паласою. Каля яе стаяць прымежныя слупы...Яшчэ далей мяжа перасякае аграмаднае поле... У гэтым месцы калючы дротдзяржаўнай мяжы. (Зьмітрок Бядуля. Язэп Крушынскі.)
(Гэта пра тую „зялёную мяжу“, якая дзяліла Беларусь пад савецкай і пад польскай уладай.)
Выбітны беларускі географ і віцэ-прэм’ер БНР Аркадзь Смоліч ужо ў першым (1919) выданьні хрэстаматыйнай „Геаграфіі Беларусі“ ўжываў словы мяжа і граніца, аднак тэрмін мяжа, дзяржаўная мяжа пераважаў; у 2-м выданьні (1922) § 30 завецца „Этнагpaфічныя і гiстарычныя межы Беларусi“.
Пагранічнікі = суседзі
Слова пагранічнікі (або гранічнікі) ў старабеларускай мове азначала не вартавых, не калавураў, а суседзяў па той бок. Сынонімы — сумежнікі, сумежцы, памежнікі. Апошняе слова ў такім значэньні яшчэ ўжываў у апалёгіях калгаснага ладу Цішка Гартны (і, магчыма, лічыў, што яно на вачох пераходзіць у разрад гістарызмаў):
Безьмеж і без агароджы. Роўная ўсюды. Няма грызьні памежнікаў, і зьнікла розьніца паміж шырокімі, угноенымі палосамі кулачча і мізэрнымі, з рэдкім збожжам, касьнікамі бядняцкіх нівак. (Цішка Гартны. Калгасьнік Трыхон Жаролца)
Дый у расейскай народнай мове ХІХ ст. пограничник — гэта ‘житель границы земли, области’ (У. Даль). То бо ўсе гэтыя словы старыя, але іх значэньне ‘вартавы тэрыторыі дзяржавы’ другаснае, пазьнейшае.
У БССР 1920-х, нягледзячы на афіцыйную назву адпаведнай збройнай структуры пагранічнікі (пагатоў супадала з расейскаю), слова памежнікі ўжывалі і ў новым значэньні:
— Гэта з памежнікаў нехта... Мала што магло выклікаць стрэл... — падумаў ён скрозь усьмешку, скрозь сон. (Сымон Баранавых. Начныя цені. 1928)
Неараную мяжу зьмяніла ўзараная паласа
Тая мяжа, што ў полі, была жыцьцёва важнаю для нашых продкаў. Але зь цягам часу роля палявых межаў зьменшылася, многія сучасныя гараджане-беларусы і ня ведаюць, як тыя межы выглядалі. Таму слова і пашырыла значэньне на палітычны кардон, і набыло пераносныя сэнсы. Пагатоў корань мае вялікае гняздо: межаваць, узьмежжа, сумежны, паўзьмежны, замежнік, межачка і межанька... (А слова *гранічанька няма, як няма ані песень, ані вершаў пра „родную гранічаньку“.)
У выніку назоўнік мяжа ў сучаснай мове ўжываецца ў пяць разоў часьцей за назоўнік граніца (гл. Корпус беларускай мовы). А выразы „за мяжой“, „з-за мяжы“ ў беларускім сеціве амаль у сто разоў часьцейшыя, чым „за граніцай“ і „з-за граніцы“. Жывая моўная практыка вызначылася.
Слова граніца моцна звузіла ўжытак, але мае эксклюзіўнае месца ў тэрміналёгіі дакладных навук: напр. граніца (поруч зь міжнародным тэрмінам ліміт) у матэматыцы (рас. предел); бел. гранічны — рас. предельный.
У расейскай мове, наадварот, слова межа звузіла значэньне да першаснага — суседзкага ды каморніцкага, і сёньня значна радзейшае за слова граница (гл. Национальный корпус русского языка). А беларускае слова граніца мае шмат вузейшае сэмантычнае поле, чым адпаведнае расейскае: Он перешёл все границы порядочности адпавядае беларускаму Ён перайшоў усе межы прыстойнасьці.
Мяжа новага адраджэньня
У 1980-я гады для гарадзкіх беларускамоўных слова мяжа стала асноўным для абазначэньня лініі міждзяржаўнага падзелу і ня толькі.
Знакавая песьня клясычнае „Мроі“ 1983 году „Мая мяжа“ — пра савецкія абмежаваньні ў мазгах, дзе абыгрываецца двузначнасьць слова: „...І неўзабаве апынуўся за мяжой“ — тады яўная крамола.
А ў вострым артыкуле „Мяжа“ супраць будаўніцтва АЭС на Віцебшчыне (1988) згаданы Сяргей Навумчык узгадаў і мяжу Беларусі, якую трэба бараніць ад новых небясьпек, і маральную мяжу, якую пераступаюць рашэньні, прынятыя бяз згоды беларускага народу.
Глеба для вяртаньня тэрміну дзяржаўная мяжа ў 1990-я была падрыхтаваная. Яго і зафіксавалі беларускія вайскоўцы С. Суднік і С. Чыслаў у „Расейска-беларускім вайсковым слоўніку“ (выйшаў у 1997-м): дзяржаўная мяжа, памежная варта, памежнік.
Дзяржаўная мяжа — нацыянальная каштоўнасьць. І тэрмін, і рэалія
Тэрмін дзяржаўная мяжа ўнікальна беларускі, як і тэрміны памежны, памежнікі. Шкода было б іх страціць.
Думаю, што ў пэрспэктыве тэрміны памежная служба і памежнікі будуць афіцыйна замацаваныя — не як варыянты, а як асноўныя. Калі заканадаўства аб непарушнасьці дзяржаўнае мяжы будзе прынята па-беларуску.