Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія былі турэмныя мянушкі ў палітвязьняў?


Якія мянушкі мелі палітычныя зьняволеныя за кратамі? Як крымінальныя парадкі і лексыка ўплывалі на палітвязьняў? Якое месца яны займалі ў беларускай турэмнай гіерархіі?

А хто там ідзе? Наш «прэзыдэнт»


«Прэзыдэнтам» называлі Аляксандра Казуліна як зьняволеныя, так і прадстаўнікі адміністрацыі Віцебскай калёніі, куды экс-кандыдата на прэзыдэнта накіравалі пасьля прысуду пяць з паловай гадоў паводле абвінавачваньня ў арганізацыі вулічных беспарадкаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

«Ніхто інакш не назваў — альбо Аляксандар Уладзіслававіч, альбо прэзыдэнт. З прашэньнямі не зьвярталіся, гэта — ў будучыні, — жартуе экс-кандыдат на прэзыдэнта, які правёў за кратамі больш за два гады. — Просьбы былі, многім тлумачыў, што ў краіне адбываецца, лісты, розныя паперкі дапамагаў пісаць. Зьняволеныя так і казалі: трэба зьвяртацца да прэзыдэнта, пачакаем прэзыдэнта, а хто там ідзе? Наш прэзыдэнт ідзе. У калёніі трэба быць чалавекам, а ўсё астатняе прыкладаецца, калі ты маеш цьвёрды стрыжань. Пасьля 53 дзён галадоўкі ўсе зразумелі сур’ёзнасьць маіх намераў, калі пабачылі, што чалавек можа ісьці да канца, тады ўсё стала на свае месцы. Тады людзі зразумелі, што чалавек змагаецца не за самога сябе, а за нешта большае.

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
Яшчэ адзін «прэзыдэнт» за кратамі — Андрэй Саньнікаў, кандыдат на прэзыдэнта на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, асуджаны, як і Казулін, за арганізацыю вулічных беспарадкаў на 5 гадоў зьняволеньня і памілаваны кіраўніком Беларусі пасьля году і чатырох месяцаў у розных калёніях.

Як расказвае жонка былога палітвязьня Ірына Халіп, у Наваполацкай калёніі Саньнікава называлі альбо прэзыдэнтам, альбо па бацьку Алегычам. Прэзыдэнцкая мянушка ўскосна стала прычынай зьмены калёній, лічыць Ірына Халіп.

«Мне падаецца, што гэтая мянушка «прэзыдэнт» вымусіла ўлады цягаць яго па розных зонах і ўвогуле не выпускаць да людзей, трымаючы ў памяшканьнях камэрнага тыпу. Палітвязьняў яны ўсё ж баяцца».

Ірына Халіп
Ірына Халіп
Паводле Ірыны, зьняволеньне наклала адбітак і на лексыку вязьня. Праўда, часова.

«Калі яго нечакана выпусьцілі, і ён прыехаў а другой гадзіне ночы, мы засталіся з маімі бацькамі і пачалі размаўляць. Хвілінаў сорак мы абменьваліся навінамі, а потым мая мама сказала:

«Я не разумею вас, не разумею, на якой мове вы размаўляеце». А так адбылося, што мы абодва перайшлі «на феню», так было прасьцей. Але гэта было толькі ў першую ноч. Мы ня лічым, што такая лексыка надта ўзбагачае мову».


На прыём да «дэпутата». За кратамі


Уладзімір Кудзінаў
Уладзімір Кудзінаў
«Дэпутатам» называлі ў калёніі Ўладзімера Кудзінава, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які паставіў подпіс за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і які правёў чатыры гады за кратамі з сямі прысуджаных паводле абвінавачаньня ў дачы хабару.

«Паколькі я быў дэпутатам, таму мяне і назвалі дэпутатам. Людзі з блізкага атачэньня звалі Валодзям, а іншыя — дэпутатам. Да мяне зьвярталіся па юрыдычных пытаньнях, раіліся наконт абскарджваньня прысудаў. Я шмат людзям падказваў, таму і атачэньне ў мяне было вялікае».

Зьняволеным давалі мянушкі адпаведна прафэсіі ці службе — быў ў нас і «памежнік», і «дэсантнік», альбо па прозьвішчу — Яршова называлі Яршом.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Як да «дэпутата» зьвярталіся ў Бабруйскай калёніі і да Андрэя Бандарэнкі, цяперашняга кіраўніка інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа», якая займаецца абаронай правоў вязьняў. Абвінавачаны ў эканамічных злачынствах, ён правёў за кратамі каля году.

«Гэта больш не мянушка, а стаўленьне зьняволеных да цябе. Як толькі ты трапляеш ў месцы пазбаўленьня волі, адразу пачынаюць удакладняць, чаму і за што сядзіш. Калі я расказаў, што балятаваўся ў кандыдаты ў дэпутаты, да мяне адразу пачалі зьвяртацца па дапамогу, па крымінальным справам, з большага. А пазьней ужо амаль ўсе мяне называлі не Андрэй, а «дэпутат». Калёнія — гэта месца, дзе ты шмат часу праводзіш з аднымі і тымі ж людзьмі, якія падмячаюць вельмі дакладна ўсе твае заслугі і недахопы. Як правіла, ярлыкі, якія вешаюць, адпавядаюць рэальнасьці. Я перакананы, што нашы палітзьняволеныя маюць добрыя мянушкі».

Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў
Яшчэ адзін «дэпутат» на зоне — дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў, які тройчы трапляў за краты па палітычных матывах і правёў за кратамі каля сямі гадоў.

Калі большасьць палітвязьняў гавораць пра, з большага, пазытыўнае стаўленьне на зоне да палітвязьняў, то Клімаву даводзілася многае даказваць за кратамі. Як расказвалі ягонай жонцы Тацяне Леановіч былыя вязьні, якія сядзелі разам з Андрэем у калёніі на Кальварыйскай, каб абараніць сваю годнасьць, Клімаву даводзілася ўступаць у бойкі. І калі вязьні адчувалі, што палітвязень гатовы біцца да апошняга, нават да сьмерці, яго пачыналі паважаць і пакідалі ў спакоі, расказвала Тацяна Леановіч.


«Палітычныя», яны ж «мужыкі»

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
«Палітычным» назвалі вязьні Магілёўскай калёніі № 15 Зьмітра Бандарэнку, актывіста штабу Андрэя Саньнікава на прэзыдэнцкіх выбарах, асуджанага пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 на два гады турмы і вызваленага праз год і чатыры месяцы.

«Умоўна кажучы, ёсьць некалькі катэгорый на зоне. Самая масавая — гэта «мужыкі», да яе адносяць і палітвязьняў. Другая катэгорыя — людзі, якія імкнуцца прытрымлівацца традыцый злодзеяў. Але ёсьць і найніжэйшая каста — так званыя апушчаныя, «пеўні». І самая галоўная задача чалавека, які знаходзіцца за кратамі, не патрапіць у гэтую найніжэйшую касту. Адміністрацыя, яшчэ пачынаючы з турмы ў КДБ, пагражала і мне асабіста, што ў будучыні я магу патрапіць у «пеўні». Я адразу казаў, што калі будуць правакацыі на гэты конт, то я проста скончу жыцьцё самагубствам, і за кошт гэтага трымаўся. І ў гэтым сэнсе колькасьць правакацый супраць палітычных значна большая, чым супраць іншых зьняволеных, таму што адміністрацыя нацкоўвае іншых зэкаў на гэты шлях. Але, безумоўна, існавала і павага, і падтрымка. і салідарнасьць».

Алег Федаркевіч
Алег Федаркевіч
Проста «палітычным» мяне назвалі, кажа вязень Плошчы-2010 Алег Федаркевіч, якога асудзілі за Плошчу-2010 на тры з паловай гады (выйшаў амаль празь дзевяць месяцаў).

«Калі чалавек паводзіць сябе адэкватна, то да яго і ставяцца адэкватна. Як казаў нам начальнік магілёўскай калёніі № 19, з 2005 году чамусьці нармальныя людзі пачалі у калёніі «засяляцца». З гэтымі нармальнымі людзьмі я і кантактаваў. Сядзяць людзі па эканамічных артыкулах — дырэктары заводаў, банкіры, будаўнікі, эканамісты, бугальтары — нармальныя людзі, які трапілі за краты з-за складу абставінаў, з-за недасканалай падатковай сыстэмы. У гэтым асяродку і не прынята было мець мянушкі».


«Карэспандэнт», «Слон» і «Саша-два шнурка»



Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Журналіста Андрэя Пачобута, які знаходзіўся ў 2011 годзе тры месяцы пад вартай паводле абвінавачваньня ў паклепе на Аляксандра Лукашэнку, у гарадзенскай турме называлі «карэспандэнтам».

«Нехта назваў і пайшло. Улічваючы, што мая справа была дастаткова гучная, то мяне так увесь час і назвалі. Карэспандэнт у нас сядзіць», згадвае Андрэй Пачобут.

Алег Гнедчык
Алег Гнедчык
Вязьня Плошчы Алега Гнедчыка, які правёў восем месяцаў за кратамі (быў асуджаны на тры з паловай гады зьняволеньня), ў шклоўскай калёніі вязьні назвалі «Сланом». Алег тлумачыць, што гэта ягоная старая мянушка яшчэ з часоў абароны Курапатаў. Так яго называлі сябры ў мікрараёне ў Менску.

«Чаму «Слон»? Бо я вялікі, — сьмяецца Алег. — Аказалася, што ў калёніі былі людзі. якія мяне ведалі раней, так мянушка і прыжылася.

Аляксандар Атрошчанкаў
Аляксандар Атрошчанкаў
«Сашам-два шнурка» называлі вязьні віцебскай калёніі Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара штабу Андрэя Саньнікава на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Ён быў асуджаны на чатыры гады, выйшаў на свабоду празь дзевяць месяцаў.

«Калі на прамысловай зоне мяне прымушалі працаваць, то я цалкам зразумеў слова «філоніць» і за дзень зрабіў толькі два шнурка. А наша норма была некалькі соцень шнуркоў на дзень. Пасьля гэтага некаторы час мяне называлі «Саша-два шнурка». Што да лексыкі, то, канечне, за кратамі лексыкон забруджваецца спэцыфічнымі турэмнымі словамі, і я хацеў бы, каб гэтая старонка засталася ў мінулым».


Безь мянушак



Аляксандар Васільеў
Аляксандар Васільеў
Прадпрымальнік Аляксандар Васільеў, які быў асуджаны за абразу прэзыдэнта ў 2004 годзе на два гады, але выйшаў прыкладна праз год паводле амністыі, ня меў мянушкі за кратамі. Лічыць, што паўплываў ўзрост, яму тады было пад 60 гадоў.

Прызначэньне мянушкі ў гарадзенскай турме было своеасаблівым рытуалам, згадвае палітвязень.

«У камэры праз краты (на фені «рэшка») усталёўваецца міжкамэрная сувязь, так званы прычал. Нітку працягваюць і праз яе зь любой камэрай сувязь наладжваецца і перадаюць запіскі-«малявы». Напрыклад, сядзяць вязьні, прыйшоў новы вязень, і яму кажуць: «няма ў цябе паганяла». Тады ён крычыць на ўсю турму: «турма, дай паганяла!» Зь іншых камэраў яму крычаць мянушкі. А ён: «Не, не каціць», не падыходзіць...» Так і даюць паганялы. Часу ў іх шмат, вось і займаюцца яны гэтым глупствам. Але ў крымінальным асяродку палітычныя маюць нармальны аўтарытэт. Гэтыя артыкулы лічацца добрымі».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Былы палітвязень Аляксандар Класкоўскі, асуджаны за Плошчу на пяць гадоў турмы і вызвалены праз дзевяць месяцаў, кажа, што яму не пасьпелі даць мянушку, бо палітычныя ў калёніі трымаліся паасобку.

Аляксандар Класкоўскі мусіў падпарадкоўвацца законам крымінальнага сьвету ў Шклоўскай калёніі.

«Напрыклад, калі ў атрад трапляеш з карантыну, прынята запрасіць цябе выпіць гарбату. І ты павінен піць з агульнага кубку. Калі гэтага ня зробіш, адразу трапляеш у іншую касту. Калі, напрыклад, ты быў «апушчаным» на нейкай зоне і выпіў з агульнага кубку, то цябе проста заб’юць. «Турэмнае радыё» працуе па ўсёй краіне. Але да палітычных усё ж незвычайна ставіліся, бо ўсё ўсё ведалі, за што сядзім. Нават ведалі, што я ў міліцыі служыў і ў якім званьні».

Наталя Радзіна
Наталя Радзіна
У сьледчым ізалятары КДБ палітычныя вязьні мянушак ня мелі, але затое давалі іх давалі сваім ахоўнікам. Як згадвае Натальля Радзіна, якая правяла ў «амэрыканцы» больш за месяц паводле абвінавачваньня ў масавых непарадках, іх ахоўвалі Сьнегурок, Глушыцель, Белые Росы, Мішаня, Тормаз, Малады, Мікалай Іваныч...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG