На Гарадзеншчыне актывісты грамадзкіх і апазыцыйных палітычных арганізацый працягваюць збор подпісаў супраць дэкрэту «аб дармаедах». На 19 лютага ў Горадні пададзена заяўка на правядзеньне «марша недармаедаў».
У Горадні прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і рухаў зьбіраюць подпісы паасобку. Першымі збор подпісаў пачалі сябры БХД. Актывіст Мікола Баўсюк кажа, што дакладнай лічбы ўжо сабраных подпісаў пакуль ня ведае, але, на яго думку, іх будзе некалькі тысяч. Паводле яго, шмат хто цікавіцца, ці будзе ў Горадні марш «недармаедаў».
— Я бачу, што многія людзі настроеныя прыйсьці на плошчу і выказаць сваё стаўленьне да дэкрэту № 3. Праўда, дазволу з гарвыканкаму пакуль на правядзеньне акцыі не атрымалі. Вядома, калі ўлады забароняць правядзеньне акцыі, то многія, думаю, на плошчу ня пойдуць. Людзі баяцца перасьледу з боку ўладаў, але яны ўжо і не прагаласуюць за Лукашэнку.
Актывісты АГП і прафсаюзу РЭП зьбіраюць подпісы супраць дэкрэту № 3 супольна. Паводле актывіста Ежы Грыгенчу, яны набралі каля дзьвюх тысяч подпісаў. Грыгенчу кажа, што подпісы зьбіраюць і на вуліцы, і ходзячы па кватэрах і офісах.
— У 90% выпадкаў людзі ставяць подпісы. Так цяжка, як цяпер, многія, кажуць, яшчэ не жылі, а дзяржава, маўляў, толькі ўскладняе выжываньне людзей. Зрэшты, вельмі многія кажуць, што гэтым дэкрэтам Лукашэнка падпісаў скон і сваёй палітычнай карʼеры. Яму гэтага зьдзеку ўжо не даруе беларускі электарат.
Сябра прафсаюзу РЭП Васіль Корабаў дадае, што насамрэч пад дэкрэт падпалі вельмі многія катэгорыі людзей, а таму ўсе, з кім ні загаворыш, добра ведаюць пра ягоныя наступствы.
— Рэдка хто кажа, што нас гэта не датычыць, ня буду ставіць подпіс. Пераважная большасьць людзей падпісваецца, толькі вось усіх цікавіць, ці здолеюць такім чынам паўплываць на Лукашэнку. Наагул, за гэты час давялося столькі розных чалавечых гісторый пачуць...
У Слоніме сябры апазыцыйных партый і незалежнага прафсаюзу РЭП зьбіраюць подпісы супольна. Актывіст БХД Віктар Марчык кажа, што ніколі раней слонімцы так актыўна не адгукаліся на збор подпісаў. Паводле яго, пасьля абʼявы ў інтэрнэце зьявіліся і пайшлі па горадзе зьбіраць подпісы валянтэры, якія не належаць наагул ні да якіх партыяў і рухаў.
Сябра прафсаюзу РЭП Міхал Сошка сказаў, што 640 подпісаў асабіста накіраваў у адміністрацыю прэзыдэнта, набраў яшчэ дзьвесьце. Зь ім разам подпісы таксама зьбіраюць валянтэры. Адзін зь іх, Уладзімер, расказаў Свабодзе, што ня можа знайсьці нармальную працу больш за тры гады.
— Я ўвесь час езьдзіў на будоўлю ў Маскву, але там апошнім часам нас пачалі падманваць, ня плацяць, то хлопцы ніхто ўжо ня езьдзіць. А ў Слоніме ўсё нібыта замарожана, ходзіш толькі шукаеш якую падпрацоўку, бо на любым прадпрыемстве адразу заяўляюць, што месцаў няма, скарачаем сваіх работнікаў. Нас тут па Слоніму такіх шмат, і во ходзім шукаем, каб дзе якой пэнсіянэрцы дровы парубаць. Добра, што жонка працуе, трыста рублёў зарабляе, але як зь іх яшчэ і за дармаедзтва заплаціць падатак?
У Зэльве подпісы супраць дэкрэту № 3 зьбірае Віктар Ламека. Паводле яго, сабраў трохі болей за 50 подпісаў. Ён кажа, што ў райцэнтры цяжка сустрэць чалавека на вуліцы.
— У нас на рынку засталося пару прадпрымальнікаў, а ў горадзе на вуліцы можна сустрэць альбо пэнсіянэра, альбо міліцыянта. Усе павыяжджалі ў пошуках заробкаў: хто ў Польшчу, хто ў Менск ці ў Горадню. Прадпрыемствы тут ніякія не працуюць.
У Іўі жыхары гораду напісалі ліст да Лукашэнкі з просьбай выключыць іх са сьпісу тых, хто павінен плаціць падатак згодна з дэкрэтам № 3. Яны аргумэнтавалі сваё патрабаваньне тым, што ўсё жыцьцё працуюць на гародах і гэтым зарабляюць на жыцьцё. Пад лістом падпісаліся 60 чалавек. Просьбу не задаволілі.
Актывістка АГП Ірына Давідовіч кажа, што зьбірае подпісы ў горадзе і многія ахвотна падпісваюцца, толькі відавочна, што ў людзей няма веры ў тое, што нешта можа зьмяніцца.
— Я даю анонс у сацсетках і выходжу ў горад зьбіраць подпісы. Набрала 110 подпісаў. Людзі вельмі прыхільна ставіліся да мяне. Праўда, многія пэнсіянэры кажуць, што Лукашэнка добра прыдумаў, так, маўляў, і трэба. Так што вельмі ўсё неадназначна. Але, у прынцыпе, людзей вельмі пакрыўдзіла тое, што іх залічылі ў дармаеды.
Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў сказаў Свабодзе, што іх партыя не займаецца зборам подпісаў, хоць асобныя сябры задзейнічаныя ў зборы подпісаў як валянтэры. Паводле яго, тэма важная і варта было б працаваць, але супольна.
— У нас некаторыя паасобку пасьпяшаліся і подпісы зьбіраць, і заяўку на акцыю падалі, але ў месцы, якое не ўваходзіць у лік дазволеных для масавых мерапрыемстваў. Думаю, што крокі неабдуманыя і пасьпешлівыя. Варта было б гэта зрабіць, усё ж абʼяднаўшыся, і правесьці пэўную падрыхтоўчую працу. Праблема насамрэч закранула многіх людзей, але, на жаль, ня здолелі скарыстаць усе магчымасьці для шырокага розгаласу.