Абноўлена: На 23:00 7 лютага — 154 тысячы «класаў» пад адпаведным пастом
У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даволі невялікая частка беларусаў абурылася дэкрэтам «пра дармаедаў»: «літаральна некалькі тысяч, але вельмі актыўных». Ён казаў, што варта пакінуць дэкрэт дзейнічаць «года два-тры», а калі ўлады пасьля гэтага прыйдуць да высновы, што гэта анахранізм, скасаваць яго.
Ды падобна, што дэкрэтам абурылася больш за «некалькі тысяч». На момант публікацыі пад фота з цытатай аб магчымасьці скасаваньня дэкрэту на старонцы Свабоды «Ўкантакце» 2200 лайкаў, у Instagram Свабоды — бяз малага 2700 лайкаў, на Facebook Свабоды — 5600 лайкаў, на нядаўна заведзенай старонцы Свабоды у «Аднаклясьніках» — 8600 лайкаў.
Але на старонцы тэлеканалу «Белсат» у «Аднаклясьніках» лічбы на парадак большыя. «Белсат» прапанаваў: «Давайце расплюшчым вочы Лукашэнку — пакажам, колькі нас. Стаўце клас, калі абураныя». На момант публікацыі гэтай навіны, праз 24 гадзіны пасьля публікацыі закліку — 61 тысяча «класаў».
Падатковая разаслала больш за 440 тысяч лістоў «дармаедам», хоць афіцыйныя лічбы па беспрацоўі ў 10 раз меншыя. Беларусы зьбіраюцца выказваць абурэньне ня толькі ў сацсетках: у розных гарадах Беларусі прызначаныя акцыі пратэсту супраць дэкрэту, галоўныя заплянаваныя на 17 лютага і 15 сакавіка.