Маладое папаўненьне Магілёўскай кадэцкай вучэльні прымуць пад беларускамоўную песьню пра афіцэраў. Яе прэмʼера адбылася на сёньняшняй рэпэтыцыі ўрачыстасьцяў, прымеркаваных да новага навучальнага году.
Журналіст Свабоды запісаў фрагмэнт песьні, думаючы, што гэта гімн магілёўскіх кадэтаў. Супрацоўніца вучэльні, аднак, сказала, што «песьня — падарунак маладому папаўненьню». «А гімн у нас на расейскай мове», — дадала яна.
У расейскамоўным гімне магілёўскіх кадэтаў ёсьць адно беларускае слова — «Радзіма»:
«...Зовёт нас на подвиги наша Радзiма,
А значит, кадет, в этой жизни не трусь!...»
Сайт Абласной кадэцкай вучэльні ня мае беларускамоўнай вэрсіі.
Адна з задач вучэльні — «Патрыятычнае выхаваньне, фармаваньне і разьвіцьцё ў кадэтаў пачуцьця вернасьці канстытуцыйнаму доўгу і доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь...»
Сярод мэтаў, пастаўленых перад навучальнай установай, пра патрыятычнае выхаваньне згадкі няма.