У час заслухваньня справаздачы Нацбанку, ураду і выканкамаў аб эканамічных выніках 2017 году Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў рашэньні ўраду дзеля «стымуляваньня занятасьці» (так цяпер называюць захады перайменаванага «дармаедзкага дэкрэту»), піша БЕЛТА.
Аляксандра Лукашэнку «крайне насьцярожвае», што ягоныя рашэньні скажаюцца выканаўчымі ўладамі: ён казаў, што патрабаваў стварыць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы з высокімі заробкамі (такіх, казаў ён, толькі 5% ад створаных), «а ня проста выплачваць заробкі, як тое было ў сьнежні».
Вынікі 2017 году: скарачэньне насельніцтва, праца на склад, зьніжэньне ўраджаю бульбы
Зарэгістраванае беспрацоўе не павінна быць большым за 1%, вырашыў Саўмін. Пры рэальным каля 5,8%
«Я не ўнікаў, як урад арганізаваў выкананьне майго даручэньня, але вынікі нічога ня вартыя, — казаў Лукашэнка. — А на ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацыяў гарадоў, як мне далажылі, словы „высокапрадукцыйныя працоўныя месцы“ нават і ня чулі. Там бачаць задачу: „галоўнае — трымаць і не звальняць“. Не звальняць таксама важна, чалавек павінен мець месца працы».
Таксама Лукашэнка раскрытыкаваў тое, што «нейкія разумнікі ва ўрадзе пачынаюць дадумваць» наконт ягоных рашэньняў у стымуляваньні занятасьці. Пра што менавіта ішла гаворка, незразумела, але падобна, што пра ідэю поўнай аплаты камунальных паслуг «дармаедамі» (ён сам падпісаў дэкрэт, у якім беспрацоўных працаздольных беларусаў абавязаў плаціць поўную цану за «датаваныя дзяржаваю паслугі», а якія менавіта, даручыў вызначыць ураду).
«Яны самі вырашылі, што калі чалавек у сябе займаецца нейкі найпрасьцейшай формай самазанятасьці, то паслугі ЖКГ яму трэба выстаўляць па поўным кошце, — казаў Лукашэнка пра «разумнікаў ва ўрадзе». — Як вы разумееце, пайшлі скаргі наконт гэтага. Гэта наўмысны сабатаж рашэньняў прэзыдэнта ці непаразуменьне?»
«Глядзіце, нарвяцеся!»
«Паводле маёй інфармацыі, дасягненьня і ўтрыманьня ў 2018 годзе заробкаў на ўзроўні тысячы рублёў не пацьвярджае ніводная з абласьцей, — абураўся Лукашэнка. — Гэта таксама сьведчыць пра тое, што вы пакуль ня здольныя яе забясьпечыць. Але хачу папярэдзіць губэрнатараў: глядзіце, нарвяцеся!
Напэўна, занадта добра вы жывяце — і занадта адарваліся ад людзей. Вы што, ня ведаеце, што на 300 рублёў месяц пражыць сёньня практычна нельга?! Эканомце на чым хочаце, але тысячу рублёў сярэдняга заробку забясьпечце! І найперш за кошт павышэньня заробкаў тым, каго можна назваць асновай нашай дзяржавы — настаўнікам, лекарам, тым, хто выхоўвае нашых дзяцей. Трымаць іх на галодным пайку — вар’яцтва».
На нарадзе Лукашэнка таксама заявіў аб недапушчальнасьці перакладаньня на бюджэт крэдытаў рэальнага сэктару эканомікі, аб неабходнасьці дасягнуць сярэдніх заробкаў 1000 рублёў цягам 2018 году (ён абяцае «па пяцьсот» даляраў больш за 10 год, а мэдыянны заробак у Беларусі крыху большы за 300 даляраў) і аб нераўнаважным разьвіцьці рэгіёнаў Беларусі.
«Праблемай нумар адзін» для беларусаў ён назваў рост цэнаў на штодзённыя тавары пры дэкляраванай нізкай інфляцыі.
Лукашэнка абурыўся справаздачай ураду аб эканамічных выніках году і тым, што ўрад рапартуе аб выкананьні задачаў, але ня бачыць праблемаў.