Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Улада стварыла атмасфэру палітычных забойстваў у Расеі


Анатоль Лябедзька пра сьмерць Нямцова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00

Анатоль Лябедзька пра сьмерць Нямцова

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ведаў Барыса Нямцова зь сярэдзіны 90-х гадоў. Ён назваў забойства Барыса Нямцова найвялікшай стратай у тым ліку для Беларусі.

— Вы меркавалі сёньня ўскласьці кветкі да амбасады Расеі ў Менску, але потым гэтае рашэньне памянялі. Чаму?

— Я прыехаў да амбасады, там сустрэўся з журналістамі. Але застаўся ў роздуме і з кветкамі паехаў назад. Быў нейкі ў душы дыскамфорт. Нібыта амбасада гэта і краіна, я Расеі шчыра спачуваю. А разам з тым гэта ўлада, якая як мінімум стварыла такі клімат, такую атмасфэру палітычных забойстваў у Расеі. Таму ў роздуме я і застаўся. Магчыма, заўтра гэта зробім калектыўна. Але сёньня ў мяне не хапіла нечага, каб ускладваць кветкі ля амбасады. Упершыню такая сытуацыя. Таксама некаторыя нашы расейскія калегі ставяцца скептычна да таго, каб ісьці да амбасадаў Расеі і ўскладаць там кветкі. Паглядзім, што можна зрабіць заўтра. Бо якраз 1 сакавіка у Маскве плянавалася вялікая акцыя, якая ператварылася цяпер у жалобнае мерапрыемства. Магчыма, нешта адначасова зробім.

— Цяпер кажуць пра розныя вэрсіі забойства Барыса Нямцова. А як вы думаеце, чаму забілі гэтага палітыка?

— Што бясспрэчна, Барыс Нямцоў быў бадай самым жорсткім крытыкам палітыкі Пуціна і яго асабіста. Ён ёсьць аўтарам некалькіх непрыемных для ўлады дакумэнтаў, якія раскрываюць карупцыю ў Расеі. Ён адзін з арганізатараў дастаткова масавых для Расеі акцый, якія адбываліся ў апошнія гады. І ён усё больш станавіўся такім вулічным апанэнтам. Ён зарэкамэндаваў сябе абсалютна з новага боку ў Яраслаўлі, пайшоў у рэгіён, дамогся перамогі і даказаў, што і адзін у полі воін. Ён дамогся гэтага сваёй бескампраміснасьцю, прынцыповасьцю. Таму ён быў як бяльмо на воку, як костка пасярод горла. Гэта быў абсалютна дыскамфортны для ўлады палітык. Канечне, аўтарытарная краіна заўсёды стварае атмасфэру, у якой жывуць людзі. І ў Расеі сёньня створана жудасная для любой грамадзкай дзейнасьці атмасфэра. Такое цкаваньне, палітычная шызафрэнія ў СМІ. Такая атмасфэра падымае да актыўнасьці і проста хворых людзей, якія зь нянавісьцю ставяцца да сваіх апанэнтаў. То бок як мінімум улада ўскосна мае да гэтага забойства дачыненьне, бо яна стварыла такую атмасфэру.

— Каго, на ваш погляд, страціла Расея?

— Па-першае, Беларусь страціла аднаго са шчырых, адкрытых сваіх сяброў. Ён казаў словы, якія былі прыемныя нашаму вуху, але гэта была яго прынцыповая пазыцыя, што Беларусь павінна быць вольнай эўрапейскай краінай, што яна павінна дыстанцыявацца ад пуцінскай Расеі. Таму страты для Беларусі відавочныя. А што да Расеі, то гэтае забойства можа стымуляваць далейшую эміграцыю. Бо многія актыўныя палітыкі зьехалі за межы Расеі. Крэмль выціскаў з краіны і Нямцова. Можа быць і далейшае закручваньне гаек, зачыстка палітычнай прасторы. Будзе больш страху ў краіне.

— Як складваліся адносіны Нямцова і беларускіх уладаў?

— У Нямцова была ўстойлівая алергія на ўсіх аўтарытарных правіцеляў. І Пуціна, і Лукашэнку ён разглядаў як сіямскіх блізьнюкоў, як хворых на ўладу людзей. Таму ягонае стаўленьне было жорсткім, і Лукашэнка плаціў тым жа. Цягам пяці гадоў Нямцоў ня мог прыяжджаць у Беларусь. Ён быў жорсткім крытыкам беларускага кіраўніка. Гэта быў палітык, які ўвесь час працаваў над сабой. Апошнім часам ён казаў, што Беларусі трэба ісьці ў Эўропу і як мага хутчэй і далей ад таго, што адбываецца ў Расеі. Нямцоў быў адным зь нямногіх палітыкаў, якія зычылі нам пераменаў, хацелі бачыць Беларусь эўрапейскай краінай. Ён жыва рэагаваў на тое, што ў нас адбывалася, і калі я быў у «амэрыканцы», то ён быў побач.

Мы на наступным тыдні плянавалі зь ім у чарговы раз сустрэцца ў Вільні, пасядзець за келіхам піва. У нас былі сяброўскія адносіны. Таму для мяне гэта найвялікшая, вельмі балючая страта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG