(па-расейску — па-беларуску)
- лилия — лілéя
- маргаритка — стакротка (бо шмат пялёсткаў)
- ирис — касáч (бо як касá)
- кувшинка — гарлáчык (а таксама іншыя назвы традыцыйнага посуду)
- анютины глазки — брáткі (таксама трайцьвет)
- георгина — вяргíня (беларускія гатункі — „Эўфрасіньня“ і „Данчык“)
Кветкі чалавеку заўсёды ў прыгодзе. Для цікаўных — пра назвы больш дэталёва.
Лілéя — як Аўдакея і... Расея
Корань lil- (lilium, lily, Lilie, lilia) прыйшоў у эўрапейскія мовы праз грэцкую і лацінскую ажно ад старажытных эгіпцянаў (у іх лілея ўжо была садовай і культавай кветкай).
Назва на -éя — толькі ў беларускай мове. Тая ж гукавая зьмена, што і ў народных беларускіх формах імёнаў Аляксей, Сяргей, Гапей на месцы царкоўнаславянскіх Алеѯі́й, Сергій, Агаѳій. Падобна асвоілі імёны і расейскія народныя гаворкі, а пазычаных агульныя назоўнікі на -ея калісьці прыйшлі ў Расею зь Беларусі: біблея, армея, паліцэя, батарэя... Таму і грэцызм Ρωσσία гучаў як Расея — і ў расейскай народнай, і ў беларускай мове.
Аднак фіналь -ея ў падобных словах, хоць народная, але ў Расеі „ўспрымаецца як вульгарная“, пісаў этымоляг Макс Фасмэр. Там часта лічаць прастамоўнымі словы з расейскіх гаворак, але літаратурныя ў беларускай і/ці ўкраінскай.
Жаночыя імёны грэцкага і лацінскага паходжаньня таксама так асвойвалі: Евдокія → Аўдакея, Софія — ня толькі Соф’я, але і Захвея. Ёсьць веснавая песьня „Хадзіла Захвейка“, дзе імя і назва кветкі рыфмуюцца:
А ў моры лілея — то мая Захвея!
Яна не „ліловая“!
Кветкі лілеі пераважна белыя ці жаўтаватыя, у гаворках лільёвы такі колер і азначае (напр. на Івейшчыне — сьветла-жоўты). Лільёвы, лілеевы быў і ў старабеларускай мове.
Але ў ХІХ стагодзьдзі эўрапейскія мовы пазычылі з арабскай слова lilac, lila для іншага колеру — бэзу і верасу. У польскай мове гэта колер lila, liliowy, у расейскай — „лиловый“.
У выніку і ў беларускай мове слова лільёвы ці лілёвы нейкі час азначала рознае: то белы ці сьветла-жоўты колер лілеі, то сьветла-фіялетавы колер бэзу. Цяпер лілёвы (тар.) / ліловы (нарк.) — пра бэзавы:
...няўцям, што дзесь — краса,
што дзесь цяпер цьвіце
лільёвы бэз пад хатай
і чыста вымыты буйной жарствой парог...
(Н. Арсеньнева. Малачай)
Правільныя заканчэньне і націск слова дапаможа запомніць верш Анатоля Грачанікава:
Белая лілéя. Уладзімер Буднік — Анатоль Грачанікаў, сьпявае Дзьмітры Сяргееў
Над ярам над крутым чаромха расьцьвіла,
Над ярам над крутым — чаромхава завея.
Я дзякую табе, што ты са мной была,
як белая мая лілéя...
Сто разоў стакротка
Беларуская народная назва — ад шматлікіх пялёсткаў. Прыслоўе стакроць значыць ‘сто разоў, шмат’. Ёсьць і зборная назва стокраць — „кустик маргариток“, як тлумачаць М. Байкоў і С. Некрашэвіч у сваім слоўніку.
Дарэчы, па-чэску stokrasa, а па-нямецку наагул Tausendschön („тысяча прыгостваў“).
Маргаритка і падобныя ў іншых мовах ідуць ад грэцкага μαργαρίτης ‘пэрліна (жамчужына)’.
Касáч, бо касаты
Назва гэтай прыбярэжнай расьліны ад прыметніка касаты — пра доўгую грыву каня ці зьвіслыя на дол галіны дрэва. Корань той самы, што ў слове касá (не касы́!). У гаворках яшчэ ёсьць косіца, кошыц, вужáчкі і нават сьвіныя гуркі.
Навуковае Iris ад грэцкай назвы вясёлкі. Дарэчы, і вясёлка (абалонка) вока па-навуковаму íрыс. А ірыскі — русізм, у розных мовах цукеркі падобнай тэхналёгіі вырабу завуцца fudge, toffi, блізкія да іх і польскія krówki.
У Пімена Панчанкі ёсьць шчымлівы верш пра сымбаль радзімы:
Любаваўся, глядзеў на краіны я розныя,
А пісьмо ад сястры напявала пра росныя
Сінія касачы.
Гарлáчыкі і белыя, і жоўтыя
Водныя расьліны сямейства Nymphæaceæ, гарлачыкавых. Назва празрыстая — ад гарлача, глінянага збанка, форму якога нагадваюць кветкі. Іншыя народныя назвы — банька, глячкі, глечыкі, жбанкі — з той жа матывацыяй.
У расейскай мове па-рознаму завуцца „кувшинка белая“ (Nymphæa alba) і „кубышка“ (род Nuphar). Але па-беларуску і першыя і другія — гарлачыкі: белыя і жоўтыя.
Брáткі (не „браткí“!)
Назва некалькіх кветкавых расьлінаў: Viola tricolor (рас. анютины глазки), а таксама палявыя краскі роду Viola — брáткі пахучыя (Viola odorata, фиалка душистая), брáткі лесавыя (Viola саnіnа, фиалка собачья) ды іншыя. Браткамі называюць і кветкі, якія па-расейску завуцца иван-да-марья.
Іншыя народныя назвы садовай кветкі: трайцьвет, махвіцы (бо „махавітыя“, варсістыя лісты), брат зь сястрой.
У іншых народаў, акрамя назвы лацінскага паходжаньня viola і падобных, таксама ёсьць мэтафарычныя імёны гэтай кветкі. На міты і паданьні іх натхнялі спэцыфічнае спалучэньне колераў ды розны памер пялёсткаў. У немцаў яны зьвязаныя з мачыхай і падчаркамі, у грэкаў са шлюбнаю здрадаю Зэўса.
Беларускую легенду ўвасобіў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у балядзе „Травіца брат-сястрыца“ (1857). Маладыя людзі закахаліся, але раптоўна даведаліся, што яны брат і сястра, і забралі сабе жыцьцё:
Мірона ж, Аленку усе жалавалі,
У адной магіле родных пахавалі;
Да на той магіле вырасла травіца,
І людзі назвалі яе „брат-сястрыца“.
Вяргіня „Данчык“
Расьліна з Мэксыкі і Цэнтральнай Амэрыкі, ацтэкі елі яе клубні. У 1789 годзе трапіла ў Эўропу, родавая назва Dahlia ад прозьвішча швэдзкага батаніка — Anders Dahl. У Беларусі даўно, маем свае гатункі — „Купалінка“, „Эўфрасіньня Полацкая“, „Данчык“, „Бранзалет“...
Пра назву георгина можна прачытаць, што яна расейскага паходжаньня, але не, радзіма сланоў ня там. У 1805 годзе дырэктар Бэрлінскага батанічнага саду Карл Вільдэнаў перайменаваў экзатычную кветку ў Georgine — у гонар Ёгана Ґотліба Ґеорґі, немца родам з Памэраніі, вучня Лінэя, якога запрасіла была для экспэдыцыйных дасьледаваньняў расейская Акадэмія навук.
У некаторых суседзкіх мовах назва вяргіні сугучная „сваёй“ форме імя грэцкага паходжаньня Georgi: па-чэску jiřina (Jiři), па-верхнялужыцку jurina (Jurij), па-баўгарску гергина (Герги). Літоўская назва кветкі jurginas нагадвае пра імя Jurgis.
А мы маем у гаворках поўначы і паўночнага захаду юргіню, юргень, яргіню. Адну асобную кветку завуць юргініна на радзіме Рыгора Барадуліна. Фанэтычна вяргіня разьвілася зь яргіні.
Хоць кветка ня наша спрадвечная, але трапіла ў народныя параўнаньні: клясьці як марозам на вяргіню веяць.
І. Лучанок — А. Пашкевічанка (Цётка). Кася. „Сябры“ п/к В. Бадзьярава, 1978
Мастак, лірычны герой верша Цёткі, углядае ў Касі прыгажосьць усіх кветак разам:
Як царэўна, як багіня!
Як нарцыса, як вяргіня!
Як лілея на Дунаю,
Як пралеска сярод гаю...