Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах гаварылі пра пагрозу Беларусі ад Расеі


Помны мітынг вядзе Вячаслаў Сіўчык — лідэр руху салідарнасьці «Разам», побач — Ганна Шапуцька
Помны мітынг вядзе Вячаслаў Сіўчык — лідэр руху салідарнасьці «Разам», побач — Ганна Шапуцька

Ва ўрочышчы Курапаты прайшла акцыя памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, якая адбываецца 29 дня кожнага месяца. Удзел у ёй узялі актывісты руху «Ў абарону Курапатаў», іншыя грамадзкія актывісты, а таксама мастак Аляксей Марачкін, скульптар Алесь Шатэрнік і лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Прамаўляючы падчас кароткага мітынгу, Вячаслаў Сіўчык сказаў, што пасьля вяртаньня з палітэміграцыі ва Ўкраіне для яго вялікі гонар далучыцца да тых людзей, якія ўсе гэтыя гады ўшаноўвалі памяць ахвяраў рэпрэсій:

«Я вельмі баюся, што ізноў могуць быць трагічныя падзеі, але зьвязаныя ня з гэтым выбарчым фарсам непасрэдна. А існуе пагроза незалежнасьці Беларусі з боку пуцінскага рэжыму Расеі. Таму гэтая акцыя мае значна большы сэнс, чым гэты выбарчы фарс. Бо мы ўсё ж спадзяемся, што рана ці позна ў Беларусі будзе беларуская ўлада, і ў гэтым выпадку неабходна, каб у Беларусі быў дзень ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій».

Акцыю памяці грамадзкія актывісты правялі на ўспамін трагічных падзей 29 кастрычніка 1937 году, калі сталінскія карнікі расстралялі вялікую групу беларускай інтэлігенцыі — пісьменьнікаў, паэтаў, настаўнікаў, навукоўцаў.

Выступоўцы ўзгадвалі, што сталінскі рэжым ня быў асуджаны ў Беларусі, а ўлады так і ня выканалі дзяржаўнай пастановы аб усталяваньні ў Курапатах помніка бязьвінна закатаваным грамадзянам. Таму акты вандалізму, захоп ахоўных зонаў Курапатаў — гэта працяг сталінізму ў цяперашні час.

Паводле Алеся Шатэрніка, так званую «Лаву Клінтана», якую вырабляў скульптар, невядомыя злачынцы ламалі дванаццаць разоў.

Мастак Аляксей Марачкін у сваім выступе падкрэсьліў важнасьць шанаваньня памяці ахвяраў у Курапатах.

Падчас акцыі за яе ўдзельнікамі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

На завяршэньне актывісты ўсклалі кветкі да народнага мэмарыялу і запалілі сьвечкі, прачыталі малітву і прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Прамаўляе скульптар Алесь Шатэрнік — аўтар «Лаўкі Клінтана»
Прамаўляе скульптар Алесь Шатэрнік — аўтар «Лаўкі Клінтана»

Удзельнікі акцыі памяці прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі
Удзельнікі акцыі памяці прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі

Кветкі і сьвечкі каля валуна «Ахвярам сталінізму»
Кветкі і сьвечкі каля валуна «Ахвярам сталінізму»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG