Бясьсьледна зьніклі пяць крыжоў, усталяваных актывістамі на ўзьлеску каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Мясцовыя старажылы згадваюць пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясьцінах, а прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што экспэрты знайшлі тут «фрагмэнты нямецкага кіцяля».
Віцебскія актывісты час ад часу наведваюць пахаваньне невядомых ахвяраў, знойдзенае і добраўпарадкаванае летась. Сёньня яны ўбачылі, што зьніклі крыжы, усталяваныя імі год таму назад. Крыжы стаялі на ускрайках вялікіх ямін, у якіх дагэтуль відаць чалавечыя косткі.
Пра зьнікненьне крыжоў сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, стваральніку грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», сьпярша паведаміў тутэйшы лясьнічы. Актывісты дужа зьдзівіліся, калі супрацоўнікі лягасу падпільнавалі іх на аўтастаянцы. Яны паведамілі, што крыжоў ужо няма, затое на ўзьлеску паставілі фотафіксатары — каб пабочныя асобы не займаліся саматужнымі раскопкамі. Пад гэтымі «пабочнымі асобамі» службоўцы яўна мелі на ўвазе актывістаў, хоць тыя ніколі ня мелі намеру нешта раскопваць. Больш за тое: Ян Дзяржаўцаў запрасіў зь Менску адмыслоўцаў- археолягаў, каб яны паглядзелі на ямы з косткамі ды зрабілі нейкія высновы адносна таго, чые гэта могуць быць парэшткі.
На думку археоляга Мікалая Крывальцэвіча, які даўней расьсьледаваў менскія Курапаты, ямы ў лесе раскапаныя досыць даўно, непрафэсійна, і верагодна — «чорнымі капальнікамі»:
«Ямы даўно капаныя, ужо аплыўшыя. Відаць, што працавалі непрафэсіяналы — адмыслоўцы капаюць па правілах, і ніколі вось так не кінуць косткі! Так, гэта рабаўнічыя ямы! І зь любога меркаваньня гуманнага косьці нельга так кідаць, яны мусяць быць пахаваныя! Ня мусіць быць ям у лесе. Любая мэтадалёгія патрабуе, каб месца раскопак мусіць быць рэкультывавана, прыведзена ў перашапачатковы выгляд. І калі тут загінулі людзі, то на магілах трэба ставіць крыжы. Ці гэта могілкі, ці месца, дзе забівалі — вось такая брацкая магіла, але нябожчыкі мусяць быць ушанаваныя».
Здарылася наадварот: пастаўленыя актывістамі крыжы зьніклі, і нават вянкі і кветкі з сымбалічнай магілы паскіданыя ў бліжэйшую яму. Паводле словаў лясьнічага, гэта зрабілі прадстаўнікі пашуковага батальёну, які абяцаў запрасіць старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна.
Аднак сьлядоў дзейнасьці пашукавікоў нідзе не відаць: ямы ў такім самым стане, як актывісты бачылі іх у чэрвені. Побач зь ямамі — фрагменты абутку, іх чамусьці не ўзялі на экспэртызу прадстаўнікі сьледчага камітэту, якія выяжджалі на месца па заяве актывістаў.
Калега спадара Мікалая, таксама археоляг Валянціна Вяргей упэўненая, што гэта даўняе грамадзянскае, а не вайсковае пахаваньне часоў мінулае вайны:
«Тут няма вайсковага абутку — ботаў. Затое шмат жаночага абутку, боцікі, галёшы... Хіба вайскоўцы галёшы насілі?»
Мікалай Крывальцэвіч зьвяртае ўвагу на спэцыфічнае месцазнаходжаньне костак: яны ляжаць палосамі, перасыпаныя жвірам. Такое ж навукоўцы бачылі ў Курапатах, калі расстраляных закідвалі зямлёй, а зьверху зноў хавалі людзей, забітых пазьней, і так у некалькі шэрагаў...
Пакуль актывісты і археолягі разглядалі ямы і абураліся тым, што невядомыя вандалы зьнесьлі крыжы, у лесе раптам зьявіліся двое міліцыянтаў. Адзін зь іх — участковы Аляксандар Недзьведзь — заявіў, што яны прыйшлі папярэдзіць людзей пра небясьпеку выбуховых прадметаў. Маўляў, у гэтых мясьцінах былі знойдзеныя старыя боезапасы, а таму актывістам «тут знаходзіцца непажадана». А вось адказу на пытаньне, куды зьніклі пяць крыжоў, усталяваных у памяць невядомых ахвяраў, ад супрацоўнікаў міліцыі атрымаць не ўдалося.
Не змагла адказаць на гэтае пытаньне і Кацярына Каралёва, загадчыца справамі Мазалаўскага сельсавету. Актывісты заехалі да яе пазьней, бо даведаліся, што мясцовым ўладам дасланы адказ пра вынікі экспэртызы, зробленай па даручэньні сьледчага камітэту.
Спадарыня Каралёва адказу не паказала, але працытавала некалькі радкоў з высноваў экспэртаў:
«Знойдзеныя рэшткі кіцяля, і гэтыя рэшткі кіцяля ідэнтычныя складаным часткам нямецкага вайсковага адзеньня Нямеччыны. Гэта дае падставы зрабіць высновы, што пахаваньне ў лесе — часоў мінулай вайны. Як толькі досьледы скончацца, усё будзе зроблена. А вашая пазыцыя мне тут ясная, вы не давяраеце ўладам!»
Паглядзець адказ сьледчага камітэту ў арыгінале супрацоўніца сельсавету не пагадзілася нізавошта. Гэтая акалічнасьць выклікала вялікія сумневы ў актывістаў, ці сапраўды існуе такая афіцыйная папера. У навукоўцаў таксама ўзьніклі пытаньні: чаму ні словам не згаданы абутак 30-х гадоў, раскіданы па лесе, і як можна зрабіць высновы паводле адзінай знаходкі — «фрагмэнтаў кіцяля». Тым болей, што месца, дзе яго знайшлі, вызначана як «ваколіцы вёскі Хайсы», нібыта экспэрты ніколі ня чулі пра геаграфічныя каардынаты ды іншыя спосабы фіксацыі знаходак.
Незразумелым засталося і тое, хто знайшоў фрагмэнты нямецкага вайсковага адзеньня. Словы Кацярыны Каралёвай супярэчлівыя: то яна кажа, што адмысловы вайсковы батальён, які робіць раскопкі пахаваньняў, яшчэ не прыяжджаў, то цьвердзіць, што «фрагмэнты кіцяля» знайшлі прадстаўнікі гэтага самага батальёну.
Чаму з дакумэнтам нельга пазнаёміцца актывістам, якія й знайшлі парэшткі і адразу ж зьвярнуліся ва ўсе інстанцыі — ад міліцыі да сьледчага камітэту — таксама застаецца незразумелым. Сакрэтнасьцю пакрыты і высновы сьледчых, якія нібыта знайшлі разам з косткамі нейкія гільзы ад куль.
На думку сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, усё робіцца дзеля таго, каб пазьбегнуць шырокага грамадзкага розгаласу пра гэтую справу.
Прадстаўніца сельсавету назвала актывістаў «зацікаўленым бокам», каторы «шукае якіх-небудзь кампраматаў». Між тым мэта сапраўды зацікаўленых прадстаўнікоў грамадзкасьці зусім іншая: каб была высьветленая гістарычная праўда і каб загінулыя пад Хайсамі людзі, хто б яны ні былі, знайшлі апошні спачын згодна з хрысьціянскім звычаем.